Механатэрапія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Механатэрапі́я — выкарыстанне фізічных практыкаванняў у лячэбных мэтах з дапамогай спецыяльных апаратаў і прылад. Механатэрапія дае магчымасць хутчэй аднаўляць рухальную функцыю суставаў. З-за абмежаванасці мясцовага ўздзеяння механатэрапіі з'яўляецца часткай лячэбнай гімнастыцы.

Механатэрапеўтычныя апараты (канструкцыі Цандэра, Крукенберга, Герца, Каро і інш.) працуюць па прынцыпе блока або маятніка. Напрыклад, апараты Цандэра будуюць па прынцыпе 2-плечавага рычага, забяспечваюць супрацівам, велічыню якога можна змяняць даўжынёй рычага. Пры дапамозе гэтых апаратаў распрацоўваюць асобныя групы цягліц. Апараты Крукенберга, Каро працуюць па прынцыпе балансіравальнага маятніка, ажыццяўляюць качальны рух у суставах (ствараецца рытмічнасць рухаў і дазаваны супраціў).

Паказанні: рэшткавыя з'явы пасля траўмаў і захворванняў апорна-рухальнай сістэмы, якія праяўляюцца ў маруднасці рухаў суставаў, кантрактурах, рубцовых зрашчэннях мяккіх тканак; парезы, паралічы, парушэнні абмену (атлусценне). Супрацьпаказаннямі з'яўляюцца запаленчыя і гнойныя працэсы ў тканках, рэфлекторныя кантрактуры, рэзкае абмежаванне рухаў у суставах (аб'ём іх менш за 15°), рэзкае паслабленне мышачнай сілы, значная дэфармацыя суставаў, недастатковая кансалідацыя касцянога мазаля пры пераломах, наяўнасць сінергіі (спадарожных рухаў), болю і падвышаная тэмпература цела.