Маятнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рух маятніка
Ваганні маятніка: стрэлкамі паказаны вектары хуткасці (v) і паскарэння (a)

Маятнік — цвёрдае цела, здольнае пад уздзеяннем прыкладзеных сіл вагацца вакол нерухомага пункта ці восі. Ваганні могуць адбывацца пад дзеяннем сілы цяжару, калі вось маятніка не супадае з цэнтрам цяжару цела, або пад дзеяннем сіл пругкасці, што ўзнікаюць пры дэфармацыях сціскання-расцяжэння і кручэння.

Адрозніваюць матэматычны маятнік (напрыклад, невялікі масіўны груз на доўгім нерасцяжным падвесе), фізічны маятнік (маса цела размеркавана па ўсёй даўжыні падвеса), а таксама спружынны маятнік (груз, падвешаны на спружыне, здольнай да дэфармацыі сціскання-расцяжэння) і круцільны маятнік (дыск, падвешаны на лёгкім стрыжні, здольным да дэфармацыі кручэння). Пры гарманічных ваганнях цыклічная частата ω і перыяд Т = 2π/ω ваганняў маятніка вызначаюцца інертнымі і пругкімі ўласцівасцямі сістэмы. Напрыклад, для спружыннага маятніка ω²=k/m, дзе k — каэфіцыент жорсткасці спружыны, m — маса грузу; для круцільнага маятніка ω²=D/I, дзе D — модуль кручэння падвеса, I — момант інерцыі дыска. Уласцівасці маятніка выкарыстоўваюцца для вызначэння часу, момантаў інерцыі, паскарэння свабоднага падзення і іншых дынамічных характарыстык механічных сістэм.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]