Муфлон, еўрапейскі муфлон (Ovis musimon ці Ovis orientalis orientalis) — парнакапытная жывёла роду бараноў. Падвід архара, адзін з продкаў свойскай авечкі.
Даўжыня да 130 см, вышыня ў карку да 80 см, маса да 40 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка цёмна-карычневая, у самцоў са светлымі плямамі на баках. Рогі невялікія, тонкія.
Паходзіць з астравоў Кіпр, Корсіка, Сардзінія. Найбольш пашыраны ў Міжземнамор’і, трапляецца ў Крыме. Жывуць пераважна ў месцах з перасечаным рэльефам, у гарах, статкамі або невялікімі групамі. Папуляцыі муфлонаў на а-вах Корсіка і Сардзінія занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.