Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
18 красавіка, Смілавічы

Дэвізам Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін (International Day for Monuments and Sites) сталі словы: Захаваем нашу гістарычную радзіму.

Гэты Дзень усталяваны ў 1982 годзе Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і цікавасных месцаў (ICOMOS), што была створана пры ЮНЕСКА. Адзначаецца з 18 красавіка 1984 года.

Замак Сфорца ў Мілане

Ахова спадчыны ў свеце[правіць | правіць зыходнік]

Першыя заканадаўчыя акты па ахове спадчыны з’явіліся ў Аўстрыі амаль 250 год таму і датычыліся міланскіх палацаў ХV стагоддзя.

Міжнародная рада по захаванню помнікаў і і цікавасных месцаў (ІКАМОС) (англ. International Council on Monuments and Sites, фр. Conseil international des monuments et des sites) — гэта міжнародная арганізацыя, сябры якой сталі тым «аддзелам прафесіяналаў», чыя дзейнасць прысвечана захаванню і ахове культурна-гістарычных месцаў па ўсім свеце. ІКАМОС заснаваны ў 1965 годзе пасля прыняцця Венецыянскай хартыі 1964 года. Рада ажыццяўляе ацэнку аб’ектаў, што прапануюцца для дадання ў Спіс сусветнай спадчыны ААН.

Папярэднічала ІКАМОС Афінская канферэнцыя па пытаннях рэстаўрацыі помнікаў культуры 1931 года, скліканая Міжнароднай радай па музеях. Афінская хартыя 1931 года ўпершыню ўжыла тэрмін «сусветная спадчына». Другі Кангрэс архітэктараў і спецыялістаў па ахове гістарычных помнікаў 1964 года, які прайшоў у Венецыі, прыняў 13 рэзалюцый. У межах першай рэзалюцыі, т. зв. Венецыянскай хартыі, была ратыфікавана Міжнародная хартыя па пытаннях захавання і рэстаўрацыі помнікаў і гістарычных месцаў, у межах другой рэзалюцыі, якая была высунутая ЮНЕСКА, — створана сама арганізацыя ІКАМОС, галоўнай задачай якой стала ажыццяўленне дактрын Венецыянскай хартыі.

У 1972 ЮНЕСКА прыняла Канвенцыю аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, якая набыла моц у 1975 г. і да сучаснага моманту ратыфікавана 184 краінамі (СССР — у 1988 г). Менавіта ў працяг гэтай дзейнасці пачала дзейнічаць Міжнародная Рада па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін ICOMOS

Вынікам такой дзейнасці ёсць тое, што ў Еўропе да гісторыі ставяцца значна больш ашчадна, там захоўваюць нават гістарычныя краявіды і пейзажы мясцовасці. Напрыклад, у Францыі выконваюць аднаўленчыя працы краявідаў помных месцаў нават пасля археалагічных раскопак, а на поўначы Англіі, у практычна некранутым выглядзе захаваны Адрыянаў вал, даўжынёю ў 117 кіламетраў, пабудаваны пры рымскім імператары Адрыяне для аховы паўночных межаў імперыі.

Ахова спадчыны ў СССР[правіць | правіць зыходнік]

У 1924 годзе ў СССР быў выдадзены Указ (ад 7 ліпеня 1924 года) аб захаванні аб’ектаў, што ўяўляюць культурную і гістарычную каштоўнасць.

Аднак у 1934 годзе выйшла пастанова, якая скасавала абарончыя артыкулы Указа. Яны былі прызнаныя састарэлымі і не адпавядаючымі размаху гаспадарчага будаўніцтва.

Толькі ў 1976 годзе быў прыняты Закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», але дзейнічаў ён фрагментарна.

Ахова спадчыны ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У новай дзяржаве Рэспубліка Беларусь Закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» быў прыняты ў 1992 годзе з улікам досведу міжнароднага заканадаўства.

Аднак у выніку стварэння нацыянальнай сістэмы аховы спадчыны быў ануляваны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей БССР (блізу 24 тыс. аб’ектаў). І хоць значная частка з тых аб’ектаў былі помнікі падзеям II Сусветнай вайны, наступствы такога рашэння для аховы спадчыны ў Беларусі былі катастрафічныя. На дадзены момант у створаным нанова Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь толькі блізу 5 тыс. аб’ектаў…

Дзеючы Закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2005 года і ўхвалены Саветам Рэспублікі 21 снежня 2005 года. Гэты закон таксама адпавядае міжнароднаму заканадаўству датычна фармулёвак. У той жа час абодва законы былі і застаюцца дэкларацыямі без рэальнага механізму выканання.

Шматгадовае змаганне грамадскіх абаронцаў спадчыны паказвае поўную няздольнасць дзяржавы навесці парадак у гэтай сферы.

Пачынаючы з 2003 года толькі зарэгістраваны Беларускі камітэт ІКАМОС, МГА «Гісторыка» і шэраг іншых арганізацый заснавалі і працягваюць традыцыю адзначэння Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін. Актыўнасць скіравана на асвету грамадзян Беларусі, а таксама чыноўнікаў, у галіне аховы спадчыны і яе значнасці для культуры і эканомікі краіны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гліннік, Вадзім. Ахова археалагічнай спадчыны: міжнародны і рэгіянальны ўзроўні. У:Каштоўнасці мінуўшчыны — 4: Помнікі археалогіі: праблемы аховы і вывучэння: Матэрыялы канферэнцыі Мінск, 23 лістапад 2000 г. Мн., 2001.
  • Чарняўскі, Ігар. Прававыя аспекты зберажэння коплексных гісторыка-культурных каштоўнасцей. У: Каштоўнасці мінуўшчыны — 4: Помнікі археалогіі: праблемы аховы і вывучэння: Матэрыялы канферэнцыі Мінск, 23 лістапад 2000 г. Мн., 2001.
  • Несцярчук, Л. М. Дзейнасць міжнароднай супольнасці па абароне помнікаў і цэнтраў гістарычных гарадоў. У: Каштоўнасці мінуўшчыны — 6: Гістарычныя цэнтры гарадоў Беларусі: праблемыі шляхі іх вырашэння.: Матэрыялы канферэнцыі. Мінск, 28 лістапада 2002 г. Мн., 2003.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]