Перайсці да зместу

Гісторыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гісторыка
Краіна
Тып арганізацыі грамадскае аб’яднанне[d]

Маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Гісторыка» (МГА «Гісторыка») — добраахвотная моладзевая грамадская арганізацыя асветніцкага-валанцёрскага кірунку, якая дзейнічае на тэрыторыі Беларусі згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляе дзейнасць па аб’яднанню маладых гісторыкаў і аматараў гісторыі, зацікаўленых у комплексным вывучэнні гісторыі Беларусі для навукова-асветніцкай дзейнасці, даследаванню гісторыі Беларусі ў еўрапейскім кантэксце, спрыянню захаванню гістарычнай спадчыны Беларусі.[1]

Устаноўчы сход МГА «Гісторыка» (I Канферэнцыя) адбыўся 5 красавіка 2000 г. Арганізацыя і Статут арганізацыі былі зарэгістраваны ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь 17 жніўня 2000 г. (пасведчанне аб рэгістрацыі № 00961).

«Гісторыка» ад пачатку рэгіструецца ў статусе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання [2], першым кіраўніком (прэзідэнтам) арганізацыі становіцца Ірына Кашталян. Кіруючы орган — Рада МГА «Гісторыка».

З гэтага моманту МГА «Гісторыка» распачынае актыўную грамадскую дзейнасць у галіне гістарычнай асветы і гісторыка-культурнай спадчыны, актыўна дзейнічае ў межах «Клубу па актуальных пытаннях гісторыі» на гістарычным факультэце БДУ, супрацоўнічае іншымі навучальнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі.

16 чэрвеня 2002 г. адбылася II Канферэнцыя МГА «Гісторыка», на якой Статут быў зменены. Па новай рэдакцыі Статуту з складу Рады (кіруючага органу) вылучаўся Прэзідыум (распарадчы), а таксама з’явілася Выканаўчая Дырэкцыя. Статут у новай рэдакцыі быў зарэгістраваны Мінюстам 27 жніўня 2002 г. (пасведчанне аб рэгістрацыі № 01123). У гэтым жа годзе МГА «Гісторыка» ажыццяўляе некалькі буйных мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку валанцёрскі летнік у в. Шчорсы. Асабліва варта адзначыць стаўшае традыцыйным у Беларусі адзначэнне 18 красавіка — Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцінаў. Гэтая традыцыя была закладзеная ў цесным супрацоўніцтве з Беларускім камітэтам ІКАМОС, а таксама з шэрагам іншых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі.

У 2003 г. Ірына Кашталян зыходзіць з пасады прэзідэнта арганізацыі. На III Канферэнцыі адбываюцца выбары новага кіраўніка арганізацыі, ім стаў Раман Ляўкоўскі. Таксама на Канферэнцыі быў зменены Статут, назва пасады кіраўніка арганізацыі змяніла назву з «Прэзідэнт» на «Старшыня». У снежні 2003 г. МГА «Гісторыка» далучаецца да Беларускага саюзу моладзевых і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў «Рада» [3] (спыніла свой удзел у саюзе ў 2006 г., з прычыны ліквідацыі БСМДГА «Рада» Мінюстам). Таксама ў 2003 г. арганізацыя стварае свой друкаваны орган — газету «Контрфорс». У 2004 г. арганізацыя пашырыла свой досвед у правядзенні валанцёрскіх летнікаў правёўшы летнік у в. Крэва. У тым жа годзе Раман Ляўкоўскі абвясціў пра сваё жаданне пакінуць пасаду Старшыні арганізацыі.

У жніўні адбылася IV пазачарговая Канферэнцыя МГА «Гісторыка», на якой новым Старшынёй арганізацыі была абрана былая намесніца Старшыні Таццяна Шпілеўская [4]. У перыяд з 2004 па 2006 гг. прыпыняе сваё выданне арганізацыйны інфармацыйны бюлетэнь «Контрфорс». У 2005 г. упершыню МГА «Гісторыка» праведзены стаўшы традыцыйным валанцёрскі летнік у Любчанскім замку.

2006 год адзначаны двума буйнымі мерапрыемствамі: удзелам у арганізацыі традыцыйнага Наваградскага Фэсту сярэднявечнай культуры, а таксама правядзеннем другі год запар Любчанскага летніка. У кастрычніку 2006 г. адбываецца VІ Канферэнцыя, на якой старшынёй быў абраны былы шматгадовы выканаўчы дырэктар арганізацыі Зміцер Рагачоў. У 2008 г. Зм. Рагачоў быў пераабраны VІI Канферэнцыяй на другі тэрмін.

У кастрычніку 2009 г. адбыўся першы баль ў гонар Міхала Клеафаса Агінскага. А ў лістападзе падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве з Музеем гісторыі і культуры імя князёў Агінскіх (Рэтавас, Літва). Так распачаўся праект «Эпоха князя Міхала Клеафаса» прысвечаны асобе знакамітага земляка, а таксама таму гістарычнаму перыяду.

У маі 2010 г. адбылася VIІI Канферэнцыя, на якой Старшынёй была абрана былы каардынатар інфармацыйнага кірунку Таццяна Міхайлоўская. Цягам 2010 г. былі праведзеныя шчэ два балі — у маі ў Нацыянальным гістарычным музеі, а ў кастрычніку — у Мінскай ратушы. А перад тым у пачатку кастрычніка сумесна з літоўскімі партнёрамі прайшлі прэзентацыі «Музыка дынастыі Агінскіх» — праекта Іва Залускага (нашчадка князя Міхала Клеафаса Агінскага). Прэзентацыі адбыліся як на тэрыторыі Літвы, так і на тэрыторыі Беларусі.

Кіраўнікі арганізацыі

[правіць | правіць зыходнік]
  • 20002003 : Ірына Кашталян (Прэзідэнт МГА «Гісторыка»)
  • 20032004 : Раман Ляўкоўскі (Старшыня МГА «Гісторыка»),
  • 20042006 : Таццяна Шпілеўская (Старшыня МГА «Гісторыка»),
  • 20062010 : Зміцер Рагачоў (Старшыня МГА «Гісторыка»),
  • 20102012 : Таццяна Міхайлоўская (Старшыня МГА «Гісторыка»),
  • 20122015 : Алесь Ясінскі (в.а. Старшыні МГА «Гісторыка»),
  • 2015—па сённяшні час : Павел Іваніцкі (Старшыня МГА «Гісторыка»).

Дзеючае кіраўніцтва

[правіць | правіць зыходнік]

Кіруючым органам арганізацыі з’яўляецца Рада МГА «Гісторыка».

Прэзідыум Рады з’яўляецца распарадчым органам. На сённяшні дзень у яго склад уваходзяць:

  • Павел Іваніцкі — Старшыня МГА «Гісторыка»,
  • Павел Сітнік — намеснік Старшыні па арганізацыйнай працы,
  • Кашталян Ірына — намеснік Старшыні па навуковай працы, к.г.н.,
  • Таццяна Пятрова — выканаўчы дырэктар.