Перайсці да зместу

Міхаіл Пяткевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Пяткевіч
Род дзейнасці настаўнік, грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 5 лістапада 1885(1885-11-05)
Месца нараджэння
Дата смерці мерк. 1946
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар
Член у

Міхаі́л Пятке́віч (5 лістапада 1885, в. Занарач, Свянцянскі павет — 1946?) — беларускі грамадскі дзеяч, педагог.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Барунах. Пачаў працаваць настаўнікам ужо ў 1902 годзе, ва ўзросце сямнаццаці гадоў[1]. У 1914 годзе скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Выкладаў у Векшняцкім змяшаным вышэйшым пачатковым вучылішчы Шавельскага павета Ковенскай губерні.

Удзельнік І Усебеларускага з'езду ў 1917 годзе.

У Заходняй Беларусі — выкладчык Віленскай беларускай гімназіі. У 1920—1921 гадах працаваў настаўнікам у адной з беларускіх народных школ у Вільні, а ў 1924 годзе выкладаў у беларускай пачатковай школе па вуліцы Вострабрамскай, 9[1].

Член Беларускага нацыянальнага камітэта[2], Беларускай цэнтральнай школьнай рады і Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У лістападзе 1923 года быў абраны віцэ-старшынёй прэзідыума Школьнай рады[1].

Паводле справаздач польскай палітычнай паліцыі за 1924 год, Пяткевіч (якога апісвалі як «бестурботнага праваслаўнага халасцяка, добрасумленнага і акуратнага ў сваіх абавязках») быў настроены рэзка негатыўна да польскай дзяржавы, бо лічыў, што яна ніколі не зменіць сваю палітыку адносна беларусаў. У прыватных размовах ён хваліў Савецкую Расію і далучыўся да групы беларускіх актывістаў, якія сімпатызавалі БССР[1].

У канцы 1920-х гадоў — член Галоўнай управы ТБШ.

Паводле некаторых звестак, забіты супрацоўнікамі НКУС падчас допыту. Як згадваў Адам Станкевіч: «Забойства Пяткевіча (у канцы лютага ці пачатку сакавіка) сапраўды жудаснае, макабрычнае — „сотрудники“ падчас „беседы“ палажылі яго»[3].

  1. 1 2 3 4 Gierowska-Kałłaur 2016, с. 36.
  2. ↑ Кароткі нарыс беларускага пытання, Мінск, 2009
  3. ↑ Адам Станкевіч «Каляндарныя нататкі» — 1 красавіка 1946 с. 853 // З Богам да Беларусі, Вільня 2008 Інстытут беларусістыкі
  • Gierowska-Kałłaur J. The biographies of leading Belarusian activists in the light of information gathered by the Polish Governmental Commissioner for the City of Vilnius in 1924(англ.) // Studia z Dziejów Rosji i Europy Środkowo-Wschodniej. — 2016. — Т. LI-SI (2). — С. 31—71. — ISSN 2353-6403. — DOI:10.12775/SDR.2016.EN2.02