Перайсці да зместу

Надмагілле Альбрэхта Гаштольда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Надмагілле Альбрэхта Гаштольда

Надмагілле Альбрэхта Гаштольда — рэнесанснае скульптурнае надмагілле  (руск.) канцлера вялікага літоўскага Альбрэхта Гаштольда ў Віленскім кафедральным саборы, створанае Бернардзінам Занобіем дэ Джыяноцісам прыкладна паміж 1539 і 1541 гадамі[1].

Надмагілле ўяўляе сабой пліту з чырвонага мармуру, на якой высечана выява нябожчыка ў поўны рост. Адной рукой канцлер трымае сцяг, другой прыціскае да сябе меч. Дэталей і падрабязнасцей у кампазіцыі мала. Ледзь бачны раслінны арнамент фону, герб, змешчаны ў невялікім картушы, «хвалі» палотнішча сцяга вырашаны надзвычай сціпла і лаканічна. Менавіта гэтая якасць і надае вобразу Альбрэхта Гаштольда адпаведную яго былой пасадзе веліч і нават суровасць[1].

Альбрэхт Гаштольд адлюстраваны як воін, рыцар, абаронца Айчыны. У мастацкім рашэнні гэтага помніка спалучаюцца розныя канцэпцыі. З аднаго боку, ён набліжаецца да італьянскіх надмагілляў з адлюстраваннем памерлага, які ляжыць на смяротным ложы, з другога — да паўднёвагерманскіх барэльефаў, дзе паказваюцца закаваныя ў латы памерлыя са сцягам у руках. Спалучэнне гэтых канцэпцый надае помніку стылявую супярэчнасць — застылая поза нябожчыка, безжыццёва апушчаная левая рука яўна не пасуюць да паставы ног, якія цвёрда абапіраюцца аб край пліты, упэўненага руху правай рукі, што трымае цяжкі сцяг[1][2].

Зноскі

  1. а б в Ю. Д. ЦАРЭВІЧ. ЭВАЛЮЦЫЯ АДЛЮСТРАВАННЯ «HOMO MILITANS» ЭПОХІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА: АД СКУЛЬПТУРНАГА НАДМАГІЛЛЯ ДА САРМАЦКАГА ПАРТРЭТА
  2. Лазука, Б. А. Гісторыя мастацтваў / Б. А. Лазука. — 2-е выд., дапрац. — Мінск : Беларусь, 2003. — 399 с. : іл., с. 225