Надмагілле Льва Сапегі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Надмагілле Льва Сапегі і яго жонак

Надмагілле Льва Сапегі — ярусны надмагільны помнік канцлера і гетмана вялікага літоўскага Льва Сапегі і дзвюх яго жонак, размешчаны ў віленскім касцёле Святога Міхаіла. Надмагілле Льва Сапегі з’яўляецца адным з найбольш каштоўных помнікаў сакральнага скульптурнага мастацтва ранняга барока[1].

Надмагілле неаднароднае і стваралася ў некалькі этапаў: спачатку былі зроблены дзве пліты жонак, Альжбеты, народжанай Радзівіл (пам. 1591), і Дароты, народжанай Фірлей (пам. 1611), пасля іх смерці, затым трэцяя, пасля смерці самога Льва Сапегі ў 1633 годзе. Гэтыя тры пліты былі ўключаны ў агульную кампазіцыю імпазантнага помніка, створанага таленавітым паўночнаітальянскім скульптарам Себасцьянам Сала[2] ў 1640-х гг[1]. У выкананні надмагілля ўдзельнічалі і іншыя скульптары, якія працавалі ў яго майстэрні[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Малюнак надмагілля. XIX ст.
Рэльефная выява Льва Сапегі

Кампазіцыя помніка, які мае значныя памеры, вышыня складае каля 10 м, даволі складаныя, але ў ёй арганічна аб’яднаны тры надмагільныя пліты з рэльефнымі выявамі, тры чорныя мармуровыя дошкі з тэкстамі, гербы, атрыбуты воінскай славы і доблесці. Значнае месца ў вобразным ладзе помніка адводзіцца фігурам Альжбеты і Дароты — патронам памерлых і сцэне спячых ля труны воінаў. Завяршаюць надмагілле фігуры ўваскрэслага Хрыста і анёлаў на арцы франтона. Яны належаць разцу Себасцьяна Сала і адзначаны тонкасцю мадэліроўкі. Тры цэнтральныя рэльефы ў прафесійных адносінах больш слабыя і выкананы, відаць, іншымі майстрамі. Характар рэнесанснага надмагілля тут мяняецца. У кампазіцыі адчуваецца барочная экспрэсія, якая праяўляецца ў багацці колеравых адценняў, складанасці і напружанасці сілуэта надмагілля, у разарванай арцы франтона, дзе змешчаны яўна несуразмерныя з ёй фігуры анёлаў[2].

Зноскі

  1. а б Габрусь, Тамара Віктараўна. Паэзія архітэктуры : нарысы — эсэ / Т. Габрусь; [фота Ў. А. Багданава]. — Мінск: Беларуская навука, 2012. 279 с. ISBN 978-985-08-1426-5
  2. а б в Лявонава А. К. Старажытнабеларуская скульптура. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 208 с. — ISBN 5-343-00155-6.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]