Касцёл Святога Міхала Арханёла і кляштар бернардзінак (Вільнюс)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Святога Міхала Арханёла і кляштар бернардзінак
Church of St. Michael in Vilnius02(js).jpg
54°40′58″ пн. ш. 25°17′32″ у. д.HGЯO
Краіна Літва
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Епархія Архідыяцэзія Вільнюса
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Дата заснавання 1495
Будаўніцтва 15941625 гады

Касцёл Святога Міхала Арханёла і кляштар бернардзінак (літ.: Švento Mykolo bažnyčia) — рымска-каталіцкі культавы комплекс у Вільнюсе. Размяшчаецца ў Старым горадзе, непадалёк ад ансамбля касцёлаў бернардзінцаў і Святой Ганны, на процілеглым боку вуліцы Майронё (Майроніса) каля скрыжавання вуліц Бярнардзіну (Бернардзінскай) і А. Волана, па адрасе вул. Шв. Мікала (Святога Мікалая), 9 (Šv. Mykolo g. 9). Ансамбль будынкаў манастыра, які ўключае будынкі касцёла, кляштара і яго гаспадарчую пабудову, агароджу, браму са званіцай і рэшткі галерэі, уключаны ў Рэгістр культурных каштоўнасцей Літоўскай Рэспублікі і ахоўваецца дзяржавай як аб'ект нацыянальнага значэння (код 764)[1]. У наш час у храме размяшчаецца Музей царкоўнай спадчыны[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваны ў 1495 годзе дачкою віленскага ваяводы Г. Аляхновіч, якая стала ігуменняй. Знаходзіўся на Зарэччы, за р. Віленка. Свайго касцёла манашкі не мелі, карысталіся бернардзінскім. У 15941596 гадах Л. Сапега перарабіў свой палац пад кляштар, дакупіў некалькі дамоў і пляцаў і заснаваў касцёл св. Міхала Арханёла. Адзінаю ўмоваю фундацыі з’яўлялася: маліцца за караля, сенат, усю краіну і за сям’ю фундатара. На пражыццё і адзенне 24 манашак Сапега запісаў мястэчкі Стары Лепель, Белы (Новы) Лепель з вёскамі Стаі, Лепль, а таксама Бела, Бароўна, Залессе, Слабада, Зорніца, Зежлін, Пелевіж у Полацкім ваяводстве і Кежы ў Віленскім. 29 красавіка 1596 года бернардзінкі з працэсіяй перайшлі з Зарэчча ў новы кляштар. Канцлер падараваў у галоўны алтар касцёла старажытны абраз Маці Божай («Мадонна Сапегаў»).

Касцёл стаў пахавальняй для Льва Сапегі, яго жонак Дароты Фірлей і Альжбеты Радзівіл, сыноў Крыштофа і Яна Станіслава, а таксама іншых прадстаўнікоў роду Сапегаў, іх жонак і дзяцей.

Касцёл закончаны ў 1625 годзе. У 1655 годзе касцёл спалены і разрабаваны: прапала ўсё каштоўнае начынне, нават нябожчыкі былі выкінуты з металічных трун. Пасля адыходу маскоўскіх войск гетман П. Я. Сапега аднавіў касцёл (1661), ігумення Канстанцыя Сакалінская перапахавала фундатара ў асобнай драўлянай труне, астатніх — у агульнай. У канцы XVII ст. пабудавана званіца ў стылі ранняга барока.

13 лютага 1670 года камісія біскупа прызнала абраз Маці Божай цудатворным, каранацыя яго адбылася 8 верасня 1750 года (цяпер знаходзіцца ў архікафедральным касцёле).

Касцёл і кляштар не пацярпелі ад пажараў Вільні XVIII ст. і вайны 1812 года. Кляштар зачынены ў 1864 годзе, касцёл — у 1885 годзе. У 1905 годзе вернуты Сапегам як фамільная пахавальня, рэстаўрыраваны ў 19061912 гадах.

У гады нацысцкай акупацыі у касцёле Св. Міхала служыў Адам Станкевіч[3].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер

Касцёл пабудаваны ў рэнесансавым стылі з элементамі готыкі. Уяўляе сабой аднанефавы, прамавугольны ў плане, цыліндрычнае скляпенне на распалубках аздоблена ляпнымі ўзорамі накшталт гатычных нервюр. Фасад з 6-граннымі вежамі па краях увенчаны фігурным франтонам.

Зноскі

  1. Vilniaus bernardinių vienuolyno statinių ansamblis (літ.) . Kultūros vertybių registras. Kultūros paveldo departamentas prie Kultūros ministerijos. Праверана 3 снежня 2017.
  2. Šv. Mykolo bažnyčia (літ.) . Bažnytinio paveldo muziejus. Bažnytinio paveldo muziejus (14 кастрычніка 2015). Праверана 21 лістапада 2017.
  3. Беларускія старонкі Вільні. Ля вытокаў незалежнай Беларусі (сярэдзіна XIX — першая палова XX ст.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]