Падкаморскі суд

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Падкаморскі суд — судова-арбітражны орган у ВКЛ у XVIXVIII стст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў.

Утвораны ў 1565 у кожным павеце, зацверджаны Статутам ВКЛ 1566. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Судовая справа накіроўвалася ў падкаморскім судзе земскім судом або гродскім судом адпаведнага павета. Падкаморы дасылаў позвы бакам з пазначэннем тэрміну, калі яны павінны былі з'явіцца на спрэчнай тэрыторыі. Справа разглядалася на месцы. Падкаморы асабіста вывучаў дакументы, аглядаў межавыя знакі, прыводзіў да прысягі і дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Сваё рашэнне (гранічны ліст) пад уласным подпісам і пячаткай перадаваў у земскі або гродскі суд. Апеляцыі на рашэнні падкаморскага суда падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. Актавыя кнігі падкаморскага суда захоўваліся ў падкаморага і замацоўваліся яго пячаткай, пасля яго смерці перадаваліся ў земскі суд. Іскі бакоў аб праве землеўладання не былі кампетэнцыяй падкаморскага суда і разглядаліся земскім судом, а спрэчкі аб межах паміж землеўладаннямі шляхты і вялікага князя — камісарскім судом. Падкаморскі суд скасаваны ва ўсходняй Беларусі ў 1772, у цэнтральнай і заходняй Беларусі — у 1795. Адноўлены ў 1797, канчаткова скасаваны ў 1832.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]