Падкаморскі суд
Падкаморскі суд — судова-арбітражны орган у ВКЛ у XVI—XVIII стст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў.
Утвораны ў 1565 у кожным павеце, зацверджаны Статутам ВКЛ 1566. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Судовая справа накіроўвалася ў падкаморскім судзе земскім судом або гродскім судом адпаведнага павета. Падкаморы дасылаў позвы бакам з пазначэннем тэрміну, калі яны павінны былі з'явіцца на спрэчнай тэрыторыі. Справа разглядалася на месцы. Падкаморы асабіста вывучаў дакументы, аглядаў межавыя знакі, прыводзіў да прысягі і дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Сваё рашэнне (гранічны ліст) пад уласным подпісам і пячаткай перадаваў у земскі або гродскі суд. Апеляцыі на рашэнні падкаморскага суда падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. Актавыя кнігі падкаморскага суда захоўваліся ў падкаморага і замацоўваліся яго пячаткай, пасля яго смерці перадаваліся ў земскі суд. Іскі бакоў аб праве землеўладання не былі кампетэнцыяй падкаморскага суда і разглядаліся земскім судом, а спрэчкі аб межах паміж землеўладаннямі шляхты і вялікага князя — камісарскім судом. Падкаморскі суд скасаваны ва ўсходняй Беларусі ў 1772, у цэнтральнай і заходняй Беларусі — у 1795. Адноўлены ў 1797, канчаткова скасаваны ў 1832.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Пазднякоў В. Падкаморскі суд // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 383. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.