Паерык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Па́ерык (таксама ерак, ерчык, ерціца)[1]надрадковы знак царкоўнаславянскага і наогул старадаўняга кірылічнага пісьма, які ставіцца над зычнай літарай або пасля яе замест «Ъ» ці (радзей) «Ь».

У новацаркоўнаславянскай мове рускага зводу выкарыстоўваецца замест «Ъ» на канцы прыназоўнікаў і прыставак (у апошнім выпадку адпавядае рускаму раздзяляльнаму цвёрдаму знаку). Пры гэтым звычайна выконваецца наступная сістэма: з еркам пішуцца шматлітарныя прыназоўнікі і прыстаўкі (из̾, пред̾, без̾ і інш.), а таксама прыслоўі бли́з̾ і в̾слѣ́дъ, адналітарныя ж прыназоўнікі і прыстаўкі (въ, съ, къ) пішуцца з паўнавартасным ерам (за выключэннем згаданага слова в̾слѣ́дъ).

У старым маскоўскім зводзе царкоўнаславянскай мовы (які ўжываецца стараверамі) таксама часткова выконвае функцыі знака пераносу слоў: калі слова разрываецца пасля зычнага, то над ім ставіцца ерак: содер̾//жа́ти (а калі пасля галоснага, то перанос ніяк не пазначаецца: по//доба́етъ).

Надрадковы Ъ (ерак) пасля прыназоўнікаў «в» на прыкладзе тэксту хуткапісу з пісцовай кнігі канца XVI стагоддзя.
Напісанне ру́сьскїи ıaзы́къ з азбукі Бурцова (цвёрды і мяккі знакі перададзены паеркам), 1637 год

У напісанні ерак дваякі: можа выглядаць S-падобна, накшталт вертыкальнай тыльды, або ў выглядзе чагосьці сярэдняга паміж формамі 7 і У; у старажытнасці сустракалася і форма ў выглядзе капялюшыка ці вечкі ^.

У старабеларускіх друкаваных выданнях розным напісанням спрабавалі надаць рознае арфаграфічнае і фанетычнае значэнне: так, у граматыцы Мялеція Сматрыцкага (1619) надрадковы знак у выглядзе ^ (названы пае́ркъ) адпавядае «Ь» на канцы слоў, а знак у выглядзе У (названы е́рикъ) — «Ъ». (Надрадковы ж заменнік Ь паміж зычнымі ў Сматрыцкага называецца мяккая і выглядае як рыска /, амаль гэтак жа, як знак звычайнага націску-оксіі, але трохі меншы.) У выданнях Львоўскай брацкай друкарні тых жа часоў «Ъ» таксама замяняўся надрадковым У-падобным знакам, а вось «Ь» ператвараўся ў надрадковую вуглаватую вертыкальную тыльду.

У расійскіх царкоўнаславянскіх выданнях падобная арфаграфічная розніца не адбілася, хоць ужываюцца (у розных шрыфтах) і S-падобнае, і У-падобнае напісанні ерка.

Юнікод[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаючы з версіі Юнікода 5.1 для гэтага сімвала адведзены пазіцыі U+A67F (cyrillic payerok) і U+A67D (combining cyrillic payerok). Таксама ў якасці ерыка можна выкарыстоўваць вертыкальную хвалістую рысу U+2E2F (vertical tilde) і U+033E (combining vertical tilde).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі