Пажар у Гомелі (1654)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пажар 1654 года ў Гомелі — пажар, які здарыўся не пазней за 13 жніўня 1654 года[1] ў Гомелі, эпізод часоў вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. Маляўніча апісаны ў гісторыка-палітычным тракатаце «Гісторыя Русаў» (канец XVIII або пачатак XIX ст.), дзе памылкова датаваны лістападам 1656 года[2].

Прычыны, кантэкст і меркаваны маштаб пажару[правіць | правіць зыходнік]

Пажар стаў вынікам мэтанакіраванага гарматнага абстрэлу гомельскага замка войскамі наказнога гетмана Запарожскага войска Івана Залатарэнкі.

Верныя маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу казацкія загоны «сталі табарам» пад Гомелем і ўзялі яго ў аблогу не пазней за 9 ліпеня 1654 г.[3] Гомель лічыўся важным фарпостам («всем местам граничным литовским головою») Рэчы Паспалітай у супрацьстаянні націску з Чарнігаўшчыны і Старадубшчыны[4]. Надзеі Залатарэнкі хутка здабыць Гомель, «принудив его голодом и безводием, приступом», спраўдзіліся часткова — казакі пераадолелі гарадскія ўмацаванні, завалодаўшы «местам», але «велми оборонный» замак узяць наскокам не змаглі[5]. Гомельскі гарнізон, што знаходзіўся ў замку, адхіліў прапановы падацца «пад царскую руку» і нават ажыццяўляў вылазкі за межы замка[6][5].

І. Залатарэнка, пярэчачы волі цара зняць аблогу і рушыць на дапамогу маскоўскім войскам на іншых участках вайны, працягваў намаганні па ўзяццю гомельскага замка, які безвынікова «даставаўся» артылерыйскаму агню[5]. Лабавы штурм уяўляўся немагчымым ці занадта згубным для казакаў[2]. Таму наказны гетман «повелел втянуть на Спаскую церьковь[7] и колокольню мортиры и пушки, и палить из них внутрь замка, бросая при том и бомбы»[2][8]. Гэтым абстрэлам і быў справакаваны пажар — «во многих местах» агнём занялася замкавая забудова і неўзабаве «весь замок наполнился пламенем»[2].

Гасіць пажар гомельскі гарнізон не меў магчымасці, у тым ліку і з прычыны працягу абстрэлу замка, што змусіла абаронцаў пакінуць яго і здацца 13 жніўня 1654 г.[8][5] «Шчасцем вашай царскай вялікасці гамяляне, палкоўнік, ротмістры з усімі сваімі людзьмі вашай царскай вялікасці скарыў бог», — пісаў Аляксею Міхайлавічу з гэтай нагоды І. Залатарэнка[1]. Паказальна, што «Гісторыя Русаў» падае іншую версію развязкі: ваяры гомельскага гарнізона ўчынілі вылазку, каб падпаліць званіцу Спаскай царквы ці «при неудаче, спасаться бегством», але былі ўшчэнт разбіты казакамі[2].

Зноскі

  1. а б Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией : Т. 14: (Дополнение к т. 3) : [Присоединение Белоруссии. 1654-1655 / под редакцией Г. Ф. Карпова]. — Типография Ф. Елеонского, 1889. — Стлб. 143.
  2. а б в г д История русов или Малой России / сочинение Георгия Конисского. — Университетская Типография, 1846. — С. 125-126.
  3. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией : Т. 14: (Дополнение к т. 3) : [Присоединение Белоруссии. 1654-1655 / под редакцией Г. Ф. Карпова]. — Типография Ф. Елеонского, 1889. — Стлб. 129-130.
  4. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией : Т. 14: (Дополнение к т. 3) : [Присоединение Белоруссии. 1654-1655 / под редакцией Г. Ф. Карпова]. — Типография Ф. Елеонского, 1889. — Стлб. 131.
  5. а б в г Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 118-119.
  6. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией : Т. 14: (Дополнение к т. 3) : [Присоединение Белоруссии. 1654-1655 / под редакцией Г. Ф. Карпова]. — Типография Ф. Елеонского, 1889. — Стлб. 141.
  7. Царква з такой назвай існавала ў Гомелі сама мала з першай паловы XVI ст. Дала назву вуліцы, на якой стаяла (не пазней за 1681 г.). Гл.: Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 144-145.
  8. а б Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 44.