Палата абшчын
Пала́та абшчы́н[1][2], больш правільна Пала́та грама́д[кам. 1] (англ.: House of Commons) — назва адной з палат Парламента Вялікабрытаніі і адной з палат Парламента Канады.
У двухпалатным парламенце Вэстмінстэрскай сістэмы Палатай абшчын гістарычна называлася Ніжняя палата. Палата абшчын звычайна мае нашмат больш паўнамоцтваў, чым Верхняя палата (Сенат у Канадзе ці Палата лордаў у Злучаным каралеўстве). Глава партыі большасці ў Палаце абшчын звычайна становіцца прэм'ер-міністрам.
Большасць дзяржаў з Вэстмінстэрскай сістэмай пазней змянілі назвы сваіх ніжніх палат на Палату прадстаўнікоў. Станам на 2015 год існуе толькі дзве Палаты абшчын:
- Брытанская Палата абшчын (у лонданскім Вэстмінстэрскім палацы)
- Палата абшчын Канады (на Парламенцкім узгорку ў Атаве)
Палатай абшчын называлася таксама Ніжняя палата Ірландыі да яе роспуску паводле Закону аб аб’яднанні 1801 і Парламент паўднёвай Ірландыі ў 1920, які пазней быў заменены Дол-Эарынам (Палатай прадстаўнікоў, Dáil Éireann) Ірландскай свабоднай дзяржавы. Акрамя таго, Палатай абшчын называлася Ніжняя палата Паўночнай Ірландыі да яе роспуску ў 1972.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ House of Commons // Англійска-беларускі слоўнік = English-belarusian dictionary: (каля 60 000 слоў і словазлучэнняў) / [Т. М. Суша і інш.]. — Мінск: Вышэйшая школа, 2013. — 765 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-06-2236-5.
- ↑ House of Commons // Ангельска-беларускі слоўнік = English-belarusian dictionary / Валентына Пашкевіч ; пад рэдакцыяй С.Шупы ; Беларускі інстытут навукі й мастацтва. — Мінск: З.Колас, 2006. — 1010 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-6783-15-1.
Каментарыі
- ↑ Слова «абшчына» запазычана з рускай мовы (руск.: община) толькі ў XX стагоддзі. Гэта паняцце ў народнай і старабеларускай мове называецца грамада. Гл. Абшчына // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі,. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978―.