Памела — вечназялёнае дрэва вышынёй да 15 метраў з шарападобнай кронай. Лісце буйное, кветкі белыя, дыяметрам ад 3 да 7 см, адзіночныя або ад 2 да 10 у суквецці. Плод пакрыты тоўстай лупінай, падзелены на буйныя дзелькі, ушчыльненыя жорсткай перагародкай, усярэдзіне кожнай дзелькі можа быць семя. Колер спелых пладоў — ад бледна-зялёнага да жоўтага, памерам яны буйнейшыя за грэйпфрут, адрозніваюцца ад яго таксама больш буйнымі, пругкімі валокнамі. Памела лічыцца самым буйным з цытрусавых. Маса плоду можа дасягаць 10 кілаграмаў, дыяметр — 30 сантыметраў. Лупіна звычайна тоўстая. Смак кіслява-салодкі з ноткамі горычы. Мякаць памела больш сухая, чым у іншых цытрусавых.