Пасмяротная маска

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пасмяротная маска Альфрэда Нобеля

Пасмяро́тная ма́ска — выява (звычайна ў васковым або гіпсавым злепку) твару чалавека пасля яго смерці, звычайна зробленая шляхам зняцця злепка з трупа. Пасмяротныя маскі могуць выкарыстоўвацца як памяць аб памерлых, або рабіцца для стварэння партрэтаў. Партрэты, створаныя паводле пасмяротных масак, часам можна распазнаць па характэрных невялікіх скажэннях рысаў, выкліканых цяжарам гіпсу у час вырабу формы.

Асноўнае прызначэнне пасмяротнай маскі з Сярэднявечча да XIX стагоддзя заключалася ў тым, каб служыць узорам для скульптараў пры стварэнні статуй і бюстаў памерлага. Толькі ў 1800-х гадах такія маскі сталі цаніцца як самастойны твор[1].

У некаторых культурах пасмяротная маска можа быць пахавальнай маскай, выявай, якая месціцца на твары памерлага перад рытуалам пахавання, і звычайна хаваецца з імі. Самымі вядомымі з іх маскі, якія выкарыстоўваліся ў Старажытным Егіпце як частка працэсу муміфікацыі, такія як маска Тутанхамона, і маскі з Мікенскай Грэцыі, такія як маска Агамемнана.

Часам у некаторых еўрапейскіх краінах пасмяротныя маскі выкарыстоўваліся як частка своеасаблівай статуі памерлага, якая выстаўлялася на дзяржаўных пахаваннях; альтэрнатывай быў трунны партрэт. Маляваліся таксама жалобныя партрэты, якія паказвалі спачылых. На працягу XVIII і XIX стагоддзяў маскі таксама выкарыстоўваліся для пастаяннай фіксацыі прыкмет невядомых трупаў з мэтай далейшай ідэнтыфікацыі. Пазней гэтая функцыя была замененая пасмяротнай фатаграфіяй.

Маска зробленая пры жыцці чалавека завецца прыжыццёвай маскай.

Зноскі

  1. WALLECHINSKY, Irving; WALLACE, Irving (1978). The People's Almanac #2. New York: Bantam Books. pp. 1189–1192. ISBN 0553011375.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]