Полесская мысль

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Полесская мысль»
Тып газета

«Полесская мысль» (руск.: Палеская думка) — грамадска-палітычная і літаратурная газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 16(29) сакавіка да 22 верасня (5 кастрычніка) 1909 г. у Гомелі на рускай мове спачатку штодзень, а з красавіка 3 разы на тыдзень. Рэдактар-выдавец Г. М. Нейман, з 8 мая — выдавец З. Л. Каганскі, з 30 жніўня рэдактар — памочнік прысяжнага павернага В. Л. Склоўскі. Друкавала артыкулы на грамадска-палітычныя, эканамічныя і літаратурныя тэмы, мела рубрыкі «Тэатр, музыка і мастацтва», «Мясцовая хроніка». Арыентавалася на пераважнае ў горадзе яўрэйскае насельніцтва, таму газету пакінуў публіцыст М. І. Кулябка-Карэцкі. На апошнім этапе выдання імкнулася абараняць «мір паміж нацыянальнасцямі», асвятляць «жыццё як хрысціян, так і яўрэйскага насельніцтва» (11 снежня). У цыкле «Культурныя нарысы» газета пераказала змест артыкула А. Навіны «Беларусы», апублікаванага ў кнізе «Формы нацыянальнага руху ў сучасных дзяржавах», пісала пра дзяржаўны статус беларускай мовы ў ВКЛ, ролю БСГ, «Нашай долі» і «Нашай нівы», творчасці Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Я. Купалы ў нацыянальным руху, адзначала перспектыўнасць беларускай нацыянальнай ідэі (17 мая). Крытычна ставілася да літоўскага нацыянальнага руху, падтрымала «эканамічную і палітычную праграму марксізму» ў Літве (23 мая). Свайго саюзніка бачыла ў меншавіцкай плыні РСДРП, пазнаёміла чытачоў з рэфератам Г. В. Пляханава «Рэлігійныя пошукі ў Расіі» (13 жніўня). У «Эканамічных нататках» крытыкавала ўрад, які стаў «прыказчыкам капіталістаў» (28 ліпеня). Прапагандавала творчасць Л. Талстога, А. Чэхава, неадназначна ацэньвала мадэрнісцкія плыні ў рускай і заходнееўрапейскай літаратуры адзначала наватарства А. Блока, Ф. Салагуба, А. Стрынберга, крытыкавала арыентацыю на безідэйнасць тэатра і кінематографа, станоўча ацаніла літаратурны зборнік «Туманы» (Мн. , 1909).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Конан, У. «Полесская мысль» / Уладзімір Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. — С. 543.