Правіла Ленца
Правіла Ленца, закон Ленца — асноўнае правіла (закон), якое вызначае напрамак індукцыйнага току.
Устаноўлена Э. Ленцам у 1834 годзе як удакладненне закону электрамагнітнай індукцыі.
Фармулёўка
[правіць | правіць зыходнік]Паводле правіла Ленца індукцыйны ток, які ўзнікае ў замкнёным контуры пры змене знешняга магнітнага патоку, мае такі напрамак, што створаны ім магнітны паток праз плошчу, абмежаваную контурам, імкнецца кампенсаваць тую змену знешняга магнітнага патоку, якая выклікае індукцыйны ток. Правіла Ленца з'яўляецца вынікам дзеяння закону захавання энергіі ў электрамагнітных з'явах.
Дослед
[правіць | правіць зыходнік]Правіла Ленца можна праілюстраваць, выкарыстаўшы два алюмініевыя кальцы (адно з іх з разрэзам), замацаваныя на стрыжні, які свабодна верціцца вакол вертыкальнай восі. Дослед паказвае, што пры набліжэнні пастаяннага магніта да суцэльнага кальца яно адштурхваецца ад магніта; пры аддаленні магніта кальцо прыцягваецца да яго. Адштурхванне і прыцяжэнне суцэльнага кальца тлумачаць узнікненнем у ім індукцыйнага току пры змяненні магнітнага патоку праз паверхню, абмежаваную кальцом. Відавочна, што пры набліжэнні магніта да кальца напрамак індукцыйнага току такі, што індукцыя магнітнага поля току супрацьлеглая індукцыі магнітнага поля пастаяннага магніта. Пры аддаленні магніта індукцыі магнітных палёў току і магніта супадаюць па напрамку. Пры руху магніта адносна кальца з разрэзам узаемадзеянне не назіраецца, бо індукцыйны ток адсутнічае
Прымяненне
[правіць | правіць зыходнік]Каб вызначыць напрамак індукцыйнага току паводле правіла Ленца, неабходна выканаць наступныя аперацыі:
- вызначыць напрамак ліній індукцыі знешняга магнітнага поля B;
- высветліць, павялічваецца або памяншаецца магнітны паток праз паверхню, абмежаваную праводным контурам;
- вызначыць напрамак ліній індукцыі магнітнага поля індукцыйнага току Bінд: калі змяненне магнітнага патоку ∆Ф < 0, то напрамак індукцый знешняга магнітнага поля B і магнітнага поля індукцыйнага току Bінд супадаюць, калі ∆Ф > 0, то напрамкі супрацьлеглыя;
- ведаючы напрамак ліній індукцыі магнітнага поля індукцыйнага току Bінд паводле правіла свярдзёлка (правіла гадзіннікавай стрэлкі) вызначыць напрамак індукцыйнага току I.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ленца правіла // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Фізіка: вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / А. У. Грамыка і інш.; пер. з рускай мовы М. Н. Гальпяровіча, Т. У. Данілавай, Г. І. Кашэўнікавай. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2013. ISBN 978-985-471-584-1