Зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей
Зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей — зоны, устаноўленыя ў пэўных межах для забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і навакольнага асяроддзя.
Паводле Кодэкса аб культуры Беларусі вылучаюцца чатыры тыпы зон аховы:
- ахоўная зона;
- зона рэгулявання забудовы;
- зона аховы ландшафту;
- зона аховы культурнага пласта (слоя).
Для нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія размешчаны побач або ўваходзяць у склад комплексу або ансамбля нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, могуць устанаўлівацца агульныя зоны аховы.
Ахоўныя зоны помнікаў археалогіі ўстанаўліваюцца на адлегласці не менш за пяцьдзясят метраў ад межаў тэрыторыі помнікаў археалогіі.
Межы тэрыторыі нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначаюцца праектам зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, які зацвярджаецца Міністэрствам культуры Беларусі.
Рэжымамі ўтрымання і выкарыстання зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці прадугледжваюцца абмежаванне або поўная забарона дзейнасці, якая стварае пагрозу захаванню гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці, яе навакольнаму асяроддзю ў межах зон аховы і ўмовам іх утрымання і выкарыстання.
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці распрацоўваецца за кошт сродкаў уласніка (карыстальніка) гісторыка-культурнай каштоўнасці або землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
Распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якіх можа аказаць уздзеянне на нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або без іх устанаўлення забараняецца.
Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей выконваюцца ў межах патрабаванняў рэжымаў утрымання і выкарыстання гэтых зон аховы, калі іншае не прадугледжана Кодэксам аб культуры.