Прасаванае шкло

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прасаванае шкло — тэхналогія вытворчасці шкла, якая шырока выкарыстоўвалася ў XIX стагоддзі. Прадметы, у асноўным посуд, вырабляліся шляхам прасавання расплаўленага шкла ў прэс-форму. Вырабы XIX стагоддзя з прасаванага шкла ўяўляюць цікавасць для калекцыянераў[1].

Выраб ёмістасцяў з прасаванага шкла звычайна патрабуе выкарыстання раздымнай формы, сценкі павінны быць параўнальна тоўстымі, на шкловырабах застаюцца характэрныя швы.

Упершыню прасаванае шкло вырабілі ў ЗША ў 1820-х гадах.

У Еўропе хутка засвоілі новую тэхналогію. Яна дазваляла вырабляць больш танныя вырабы, чым граненне і гравіраванне. Шырока выкарыстоўваючы магчымасці колеру і неабходныя метады канчатковай апрацоўкі, майстры імітавалі розныя дэкаратыўныя матэрыялы: нефрыт, малахіт, гагат, чарапахавы панцыр і іншыя.

У Чэхіі большасць прэс-формаў для шкла былі распрацаваны Куртам Шлевогтам у 1930-я гады і ўпершыню выраблены на шклозаводзе Ёзэфа Рыдэля ў Палубнах. У 1937 годзе калекцыя Шлевогта «Інгрыд» атрымала Гран-Пры на Сусветнай выставе ў Парыжы.

У канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі з'явіўся шэраг прадпрыемстваў па вырабе прасаванага шкла, на іх выкарыстоўвалася закупленае ў ЗША тэхналагічнае абсталяванне. Піянерамі вытворчасці былі шклозаводы Нёман і Целяханы.

Зноскі

  1. Прессованное стекло // Ллуэллин Миллер. Энциклопедия этикета. Все о правилах хорошего тона. Центрполиграф, 2005. ISBN 978-5952412163.