Нёман (шклозавод)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
ААТ «Шклозавод «Нёман»
Тып Адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 1883
Размяшчэнне Беларусь г. Бярозаўка, Гродзенская вобласць, Рэспубліка Беларусь
Галіна шкляная прамысловасць
Прадукцыя вырабы са шкла і хрусталю
Сайт neman.by

«Нёман» — шклозавод (гута) у Бярозаўцы Гродзенскай вобласці. З’яўляецца галоўным прадпрыемствам Бярозаўкі. Выпускае посуд, вазы, дэкаратыўна-мастацкія вырабы. Частка вырабаў экспартуецца за мяжу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Завод быў заснаваны ў 1883 годзе Зянонам Ленскім для вырабу бутэлек. Памешчык Ленскі атрымаў дазвол на будаўніцтва ў сваім маёнтку Заенчыцы (пры ўпадзенні ў Нёман Чорнай рэчкі) шклозавода ў канцы 1884 года. Першую прадукцыю завод даў у 1885 годзе. У 1891 годзе арандатарамі завода сталі Вільгельм Краеўскі і Юліюс Столе — дасведчаныя тэхнолагі і арганізатыры шкляной вытворчасці. Ужо ў 1892 годзе яны праводзяць першыя ўдалыя варкі крыштальнага шкла. У 1894 годзе В. Краеўскі і Ю. Столе пачынаюць будаваць уласны завод за 4 км ад арандаванага, у 1896 годзе атрымліваюць тут першую прадукцыю. З таго часу завод Ленскага сталі называць «Нёман-А» ці «Старая гута», а новы — «Нёман-Б» ці «Новая гута». На кожным з заводаў у 1897 годзе працавала больш як па 100 чалавек.

У 1898 годзе за 3 км ад ракі Нёман ва ўрочышчы Бярозаўка А. Квяцінскі будуе яшчэ адзін завод, які неўзабаве ў 1900 годзе пераходзіць да Краеўскага і Столе. У 1902 годзе апошнія закрылі «Старую гуту», а яе назву «Нёман-А» прысвоілі заводу ў Бярозаўцы, які становіцца галоўным. Зараз на месцы размяшчэння «Старой гуты» захавалася толькі вялікая колькасць шклобою і вогнетрывалага лому ад збураных печаў ды асобныя кусты бэзу, парэчак і агрэсту.

У 1-ю сусветную вайну завод разбураны, адноўлены ў 1921 як шклозавод «Нёман» фірмы «Ю. Столе». Вырабляў шклянкі, лямпавае і аптэкарскае шкло, ізалятары для чыгунак, пошты і тэлеграфа і інш. У 1930 завод выпускаў пятую частку ўсяго экспарту Польшчы. У 1936 годзе адбылася забастоўка.

У 1939 годзе пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР нацыяналізаваны. У вайну разбураны. Адноўлены ў 1944 годзе, вырабляў аконнае і лямпавае шкло, з 1945 — шклапосуд. Рэканструяваны ў 1957—1986 гады. На 2000 год на заводзе лрацавалі 7 ванных шкплаварных печаў бесперапыннага дзеяння, 3 печы-спадарожнікі для варкі каляровага шкла.

Нёманскае шкло[правіць | правіць зыходнік]

Ваза, цукарніца, паднос; кан. XIX — пач. XIX ст. Паштовая марка Беларусі
Лямпа настольная, пач. XX ст. Паштовая марка Беларусі

Традыцыі Нёманскага шкла заюіадзены ў 2-й пал. XIX ст. Посуд і прадметы раскошы (мастацкае шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці.

У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я гады ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэшскага шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на беларускіх дыванах пач. ХХ ст.

У 1935 годзе на заводзе была выраблена урна з блакітнага шкла, у якой у маўзалеі на могілках Роса ў Вільні было пахавана сэрца Юзафа Пілсудскага[1][2].

Да сярэдзіны 1950-х гадоў пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геаметрычным і зрэдку раслінным арнаментам. 3 1956 на заводзе працуюць прафесійныя мастакі, рабоггы якіх сталі значным укладам у распрацоўку мастацкага шкла. Нёманскае шкло гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкаратыўных вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я гады распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўленчыя і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні масгтацкіх вобразаў. У 1980-я гады створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання.

Фірмовая крама шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы

Сучаснае Нёманскае шкло характарызуецца разнастайнасцю мастацкай стылістыкі і тэхнік формаўтварэння, шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання.

Зноскі

  1. Piotr Jamski: Pocztówki z Kresów przedwojennej Polski. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN SA, 2012, s. 52. ISBN 978-83-01-17097-4.
  2. Паводле некаторых крыніц урну вырабіў Мечыслаў Мяткоўскі, але інфармацыя недакладная

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]