Прэмія імя У. І. Пічэты
Прэмія імя У. І. Пічэты — прэмія Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая прысуджаецца ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук. Названа ў гонар першага рэктара ўніверсітэта і акадэміка Уладзіміра Пічэты (1878—1947). Прысуджаецца штогод па адной прэміі ў намінацыях «Навука» і «Адукацыя», у тым ліку асобна па адной прэміі маладым навукоўцам у намінацыі «Навука».
У 1993 годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце быў арганізаваны конкурс на сушуканне прэмій імя У. І. Пічэты і А. Н. Сеўчанкі. У гэты перыяд у краіне стаяла праблема захавання навуковага патэнцыялу. У сувязі з гэтым і з мэтай матэрыяльнай падтрымкі ва ўніверсітэце было прынята рашэнне штогод адзначаць дасягненні навукоўцаў. З 1999 па 2008 год конкурс праводзіўся 1 раз на два гады. У адпаведнасці з рэдакцыяй 2009 года Палажэння аб парадку прысуджэння прэмій імя У. І. Пічэты і А. Н. Сеўчанкі конкурс ізноў праводзіцца штогод — па адной прэміі ў кожнай галіне, у тым ліку асобна па адной прэміі ў кожнай галіне маладым навукоўцам.
Прэміі ў намінацыі «Навука» прысуджаюцца за выдатныя дасягненні, якія ўключаюць навуковыя працы па прыярытэтных кірунках:
- навуковых даследаванняў, якія ўносяць значны ўнёсак у развіццё адпаведнай галіны навукі;
- навукова-тэхнічнай дзейнасці, у тым ліку за стварэнне новай тэхнікі, тэхналогій і матэрыялаў.
Прэміі ў намінацыі «Адукацыя» прысуджаюцца за выдатныя дасягненні, якія ўключаюць:
- распрацоўку новых адукацыйных тэхналогій, якія істотна павышаюць узровень падрыхтоўкі навучэнцаў;
- стварэнне падручнікаў, навучальных дапаможнікаў і навучальнага абсталявання.
Прысуджэнне прэміі імя У. І. Пічэты ажыццяўляецца на конкурснай аснове. Для арганізацыі і правядзення конкурсу загадам рэктара ўніверсітэта ствараецца камісія па прысуджэнні прэміі імя У. І. Пічэты. Кіруе працай камісій рэктар універсітэта. У Камісію па прэміі імя У. І. Пічэты ўваходзяць камітэты: «Філалогія і журналістыка», «Гісторыя, філасофія і эканоміка», «Правазнаўства і міжнародныя адносіны».
Асобам, удастоеным Прэміі, прысуджаецца званне «Лаўрэат прэміі імя У. І. Пічэты БДУ». Дыплом і знак лаўрэата ўручаюцца на ўрачыстым сходзе калектыва БДУ, прымеркаванага да гадавіны ўтварэння ўніверсітэта.
Нагрудны знак
[правіць | правіць зыходнік]Нагрудны знак «Лаўрэат прэміі імя У. І. Пічэты БДУ» заснаваны Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аўтар знака — мастак Уладзімір Уладзіміравіч Васюк, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Нагрудны знак «Лаўрэат прэміі імя У. І. Пічэты БДУ» мае выгляд крыжа сіняга колеру. Канцы крыжа ўвагнуты ўнутр, утвараючы два скошаныя зубы. Паміж элементамі крыжа размяшчаюцца тры невялікія зубцы. У цэнтры крыжа ў крузе залатога колеру профільная выява У. І. Пічэты. Вакол гэтай выявы ўверсе размяшчаецца надпіс «ЛАЎРЭАТ ПРЭМІІ ІМЯ У. І. ПІЧЭТЫ», а ўнізе — «БДУ». Калодка нагруднага знака — блакітны прамавугольнік, які мае зубец, накіраваны ўніз. Унутры калодкі выява эмблемы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Нагрудны знак вырабляецца з металу белага (серабрыстага) колеру. Элементы нагруднага знака злучаны паміж сабой з дапамогай кольца.