Прэмія імя А. Н. Сеўчанкі
Прэмія імя А. Н. Сеўчанкі — прэмія Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая прысуджаецца ў галіне прыродазнаўчых і тэхнічных навук і дадаткова на агульных падставах маладым навукоўцам (дактарам навук ва ўзросце да 45 гадоў, кандыдатам навук — да 35 гадоў, навукоўцам без ступені — да 30 гадоў) універсітэта. Названа ў гонар беларускага фізіка, акадэміка Антона Сеўчанкі (1903—1978). Прысуджаецца штогод па адной прэміі ў намінацыях «Навука» і «Адукацыя», у тым ліку асобна па адной прэміі маладым навукоўцам у намінацыі «Навука».
У 1993 годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце быў арганізаваны конкурс на сушуканне прэмій імя У. І. Пічэты і А. Н. Сеўчанкі. У гэты перыяд у краіне стаяла праблема захавання навуковага патэнцыялу. У сувязі з гэтым і з мэтай матэрыяльнай падтрымкі ва ўніверсітэце было прынята рашэнне штогод адзначаць дасягненні навукоўцаў. З 1999 па 2008 год конкурс праводзіўся 1 раз на два гады. У адпаведнасці з рэдакцыяй 2009 года Палажэння аб парадку прысуджэння прэмій імя У. І. Пічэты і А. Н. Сеўчанкі конкурс ізноў праводзіцца штогод — па адной прэміі ў кожнай галіне, у тым ліку асобна па адной прэміі ў кожнай галіне маладым навукоўцам.
Прэміі ў намінацыі «Навука» прысуджаюцца за выдатныя дасягненні, якія ўключаюць навуковыя працы па прыярытэтных кірунках:
- навуковых даследаванняў, якія ўносяць значны ўнёсак у развіццё адпаведнай галіны навукі;
- навукова-тэхнічнай дзейнасці, у тым ліку за стварэнне новай тэхнікі, тэхналогій і матэрыялаў.
Прэміі ў намінацыі «Адукацыя» прысуджаюцца за выдатныя дасягненні, якія ўключаюць:
- распрацоўку новых адукацыйных тэхналогій, якія істотна павышаюць узровень падрыхтоўкі навучэнцаў;
- стварэнне падручнікаў, навучальных дапаможнікаў і навучальнага абсталявання.
Прысуджэнне прэміі імя А. Н. Сеўчанкі ажыццяўляецца на конкурснай аснове. Для арганізацыі і правядзення конкурсу загадам рэктара ўніверсітэта ствараецца камісія па прысуджэнні прэміі імя А. Н. Сеўчанкі. Кіруе працай камісій рэктар універсітэта. У Камісію па прэміі імя А. Н. Сеўчанкі ўваходзяць камітэты: «Фізіка», «Матэматыка», «Хімія», «Біялогія і геаграфія».
Асобам, удастоеным Прэміі, прысуджаецца званне «Лаўрэат прэміі імя А. Н. Сеўчанкі БДУ». Дыплом і знак лаўрэата ўручаюцца на ўрачыстым сходзе калектыва БДУ, прымеркаванага да гадавіны ўтварэння ўніверсітэта.
Нагрудны знак
[правіць | правіць зыходнік]Нагрудны знак «Лаўрэат прэміі імя А. Н. Сеўчанкі БДУ» заснаваны Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аўтар знака — мастак Уладзімір Уладзіміравіч Васюк, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Нагрудны знак «Лаўрэат прэміі імя А. Н. Сеўчанкі БДУ» мае выгляд крыжа сіняга колеру. Канцы крыжа ўвагнуты ўнутр, утвараючы два скошаныя зубы. Паміж элементамі крыжа размяшчаюцца тры невялікія зубцы. У цэнтры крыжа ў крузе залатога колеру профільная выява А. Н. Сеўчанкі. Вакол гэтай выявы ўверсе размяшчаецца надпіс «ЛАЎРЭАТ ПРЭМІІ ІМЯ А. Н. СЕЎЧАНКІ», а ўнізе — «БДУ». Калодка нагруднага знака — блакітны прамавугольнік, які мае зубец, накіраваны ўніз. Унутры калодкі выява эмблемы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Нагрудны знак вырабляецца з металу белага (серабрыстага) колеру. Элементы нагруднага знака злучаны паміж сабой з дапамогай кольца.