Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Каардынаты: 53°53′38.4″ пн. ш. 27°32′49.63″ у. д. / 53.894002° пн. ш. 27.547122° у. д. (G) (O) (Я)

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
БДУ
Logo BSU.jpg
Міжнародная назва:

Belarusian State University (BSU)

Заснаваны:

1921

Тып:

Дзяржаўны

Рэктар:

Сяргей Уладзіміравіч Абламейка

Размяшчэнне:

Сцяг Беларусі Беларусь, Мінск

Юрыдычны адрас:

220030 Мінск, пр. Незалежнасці, 4

http://www.bsu.by

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, БДУ — найстарэйшы ўніверсітэт Беларусі, знаходзіцца ў Мінску, афіцыйна пачаў працу 30 кастрычніка 1921.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XIX ст. расійскі ўрад вымушаны быў усё часцей звяртацца да пытанняў асветы, навукі, абмяркоўваць планы стварэння новых навучальных устаноў, у т.л. універсітэтаў. Да гэтага ўрад падштурхоўвалі звароты з месцаў, ад губернскіх і гарадскіх улад. Так, пад уплывам ліберальных настрояў 1860-х гадоў, калі сталі пакрыху разблытвацца путы прыгонніцтва, віцебскае дваранства ўзняло пытанне аб неабходнасці адкрыцця ўніверсітэта ў беларускіх губернях. Але нават зварот да цара з боку міністра адукацыі на гэты конт застаўся без увагі. І ў пачатку XX ст. станоўча вырашыць набалелае пытанне не ўдалося, хаця мясцовыя ўлады рашуча запэўнівалі, што ўніверсітэт стане «трывалай апорай рускага пачатку супраць іншапляменнага ўплыву»[1]. Між тым у беларускім грамадстве добра ўсведамлялі высакародную місію ўніверсітэта як цэнтра не толькі спецыяльнай адукацыі, але перш-наперш агульнай, дасягненне якой якраз і павінна ісці праз адукацыю спецыяльную[2].

Царскія ўлады пабаяліся ствараць універсітэт ў «Паўночна-Заходнім краі» перш за ўсё з-за магчымасці разбудзіць тут праз студэнтаў, іх адукаванасць і павышаную грамадскую актыўнасць, заглушаныя рэцыдывы нацыяльна-палітычнай барацьбы. Да гэтай высновы прыйшла ў 19061907 гг. спецыяльная камісія Міністэрства асветы. Спробы з боку ўлад Смаленска, Мінска, Віцебска пераканаць царскі ўрад у адваротным, у тым, што ўніверсітэт стане «магутным рассаднікам рускай культуры на Беларусі», не далі вынікаў[3].

Першыя рэальныя крокі да стварэння беларускага ўніверсітэта зрабіў урад (Народны сакратарыят) Беларускай Народнай Рэспублікі, заявіўшы аб сабе ў сакавіку 1918. Над праектам універсітэта пачалі працаваць вядомыя беларускія вучоныя, атрымаўшыя адукацыю і сфарміраваўшыяся як вучоныя ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Першасная роля належала М. Доўнар-Запольсмкаму і Я. Карскаму. Вядома, што Я. Карскі у сваім выступленні на Усебеларускім кангрэсе 1917 акцэнтаваў увагу прадстаўнікоў розных колаў беларускага грамадства, узрушаных рэвалюцыйнымі падзеямі, на неабходнасці хутчэйшага стварэння на Беларусі свайго нацыянальнага ўніверсітэта[4]. Яго праект статута Беларускага ўніверсітэта скора быў надрукаваны ў газеце «Вольная Беларусь»[5]. Аднак ва ўмовах нямецкай акупацыі Беларусі, разлікі на рэалізацыю ўніверсітэцкіх планаў зноў сталі нерэальнымі. Не мог быць рэалізаваны і план бальшавікоў аб замацаванні ў 1918 за Беларуссю Юр'еўскага ўніверсітэта і пераводзе яго ў адзін з незанятых нямецкімі войскамі гарадоў — Віцебск ці Смаленск. Намаганнямі Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве і Беларускім культурна-асветным таварыствам ў Коўне былі створаны правобразы класічнага ўніверсітэта — Беларускі народны ўніверсітэт. Але гэта былі не сапраўдныя ўніверсітэты і за межамі Беларусі.

У выніку рэвалюцыйных падзей да ўлады прыйшлі бальшавікі і Саветы, якія былі вымушаны ўлічваць імкненне народаў былой Расійскай Імперыі да рэалізацыі сваіх нацыянальных задач. Таму, адной з першых пастаноў ЦВК ССРБ стаў дэкрэт 25 лютага 1919, якім вызначаліся канкрэтныя меры па стварэнню ў Мінску ўніверсітэта. Для ўзгаднення арганізацыйных пытанняў у Маскву выехаў старшыня ЦВК А. Мяснікоў, які абгрунтаваў правамернасць лютаўскага дэкрэта «меркаваннямі эканамічнага, тэхнічнага і культурна-бытавога характару». Былі выдзелены грошы (1 млн рублёў), створана спецыяльная камісія пры губернскім камісарыяце народнай асветы пад кіраўніцтвам Я. Карскага[6]. У яе склад увайшлі А. Чарвякоў, В. Іваноўскі, Марэк, Андэрсан, Маслоўскі, Камінскі, Фрумкіна і інш. За 2 месяцы камісія арганізавала падрыхтоўчыя курсы для жадаючых паступаць ва ўніверсітэт. Аднак справу стварэння ўніверсітэта з-за абставін палітычнага характару, цэнтральныя органы ўлады палічылі за лепшае трымаць пад непасрэдным кантролем. Таму пры Народным камісарыяце асветы РСФСР была ўтворана і маскоўская камісія.

Ужо 10 сакавіка 1919 на пасяджэнні мінскай камісіі па арганізацыі БДУ было разгледжана пытанне аб перадачы ўніверсітэту будынка былога камерцыйнага вучылішча, у якім размяшчаліся ваенныя курсы Заходняй дывізіі. Пад плануемы ўніверсітэт адвялі памяшканне былой мужчынскай гімназіі на вуглу вул. Губернатарскай і Падгорнай, будынкі духоўнай семінарыі на Аляксандраўскай вуліцы, былога жаночага духоўнага вучылішча на рагу вуліц Шырокай і міхайлаўскай, былога ваеннага шпіталя, губернскай земскай бальніцы, рэальнага вучылішча Хайкіна, гімназіі ФАльковіча і інш.[7]. Але толькі ў 1921 спецыяльнай пастановай Прэзідыума ЦВК ССРБ ад 18 красавіка быў афіцыйна зацверджаны спіс будынкаў, якія пераходзілі БДУ. Акрамя пералічаных будынкаў, у спіс былі ўключаны памяшканні фабрыкі «Вікторыя», яўрэйскай бальніцы, Рускага сходу, гаспадарка «Лошыца» з фальваркамі «Зацішша», «Дуброва», «Прылукі», лясная дача Ваньковіча[8]. Першае праўленне БДУ і біліятэка размясціліся ў будынках гімназіі Фальковіча і вучылішча Хайкіна.

Агульныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

У комплекс БДУ ўваходзяць: 20 факультэтаў і адукацыйных інстытутаў; 5 устаноў перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, 4 навукова-даследчыя інстытуты, 13 навуковых цэнтраў, 41 навукова-даследчая лабараторыя, 38 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, 180 кафедр, 11 унітарных прадпрыемстваў, 3 вучэбна-даследчыя станцыі, 4 музеі. У 2008 годзе быў створаны Інстытут журналістыкі, у склад якога ўвайшлі факультэт журналістыкі і факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

Вышэйшую адукацыю ў БДУ студэнты атрымліваюць па 61 спецыяльнасці на першай ступені навучання і па 65 — на другой. З 2008 г. вядзецца навучанне студэнтаў у рамках Дзяржаўнай праграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі. Падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі вядзецца ў аспірантуры па 120 спецыяльнасцях. БДУ каардынуе дзейнасць універсітэтаў краіны па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння ўніверсітэцкай адукацыі па гуманітарных і прыродазнаўчых спецыяльнасцях.

Для паступлення ў БДУ неабходна паспяхова прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне. На некаторыя спецыяльнасці абітурыенты дадаткова здаюць уступныя экзамены.

Ва ўніверсітэце ў 2012—2013 навучальным годзе навучаецца 31539 чалавек, з іх студэнтаў — 30695 (20855 на дзённай форме і 9840 — на завочнай), аспірантаў – 824, дактарантаў – 20. Штогод звыш 3 тыс. чалавек праходзіць перападрыхтоўку па 45 спецыяльнасцях і каля 6 тыс. — павышаюць кваліфікацыю па 152 праграмах. У комплексе БДУ працуюць 2559 штатных выкладчыкаў (з іх 225 — дактары навук, 1090 — кандыдаты навук), каля 600 навуковых супрацоўнікаў. Агульная колькасць штатных супрацоўнікаў у комплексе БДУ без уліку сумяшчальнікаў — 7864 чалавекі. Для работы выкладчыкамі на ўмовах штатнага сумяшчальніцтва прыцягнута дадаткова 640 чалавек з другіх устаноў (з іх 99 — дактары навук, 352 — кандыдаты навук). Разам з сумяшчальнікамі ў комплексе БДУ працуюць 15 акадэмікаў і 16 членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі, 400 дактароў навук, 1744 кандыдадаты навук.

БДУ ў рэйтынгах[правіць | правіць зыходнік]

З 2008-га года БДУ ўдзельнічае ў адным з самых вядомых вебаметрычных рэйтынгаў — Webometrics Ranking of World Universities. За апошнія тры гады рэйтынг БДУ пастаянна расце. У ліпені 2009 года ўніверсітэт займаў 1916 пазіцыю, а ў ліпені 2012 года ўзняўся на 596 пазіцыю.
Сярод універсітэтаў краін СНД БДУ знаходзіцца на 4-м месцы, саступаючы Маскоўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя М.В., Ламаносава, Санкт-Пецярбургскаму і Томскаму ўніверсітэтам.

Паводле рэйтынгу аўтарытэтнага брытанскага агенцтва QS WUR (QS World University Rankings), што складаецца з 2004 г., у 2012 г. БДУ ў другі раз увайшоў у ТОП-700 найлепшых універсітэтаў свету і знаходзіцца ў групе вышэйшых навучальных устаноў, што займаюць 501—550 пазіцыі. Сярод ВНУ СНД Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у дадзеным рэйтынгу займае 9 пазіцыю.

Міжнародная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

БДУ з'яўляецца членам Еўразійскай і Еўрапейскай асацыяцый універсітэтаў, мае 324 міжнародныя пагадненні аб супрацоўніцтве з адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі з 50 краін свету. На базе БДУ працуюць Інфармацыйны цэнтр Еўрапейскага саюза, Інфармацыйны пункт Савета Еўропы, Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, Цэнтр міжнародных даследаванняў. Ва ўніверсітэце рэалізуецца штогод больш 40 міжнародных праектаў па лініі такіх праграмм, як ТЭМПУС, ІНТАС, Транзгранічнае супрацоўніцтва ЕС, 7-я Рамачная праграма ЕС, МНТЦ.

З 2012 г. рэалізуюцца 4 новыя праекты ТЭМПУС у наступных галінах: стварэнне міжуніверсітэцкіх цэнтраў падтрымкі студэнцкіх інавацыйных распрацовак, інтэграваная сістэма ўніверсітэцкага менеджменту, распрацоўка трэнінг-сеткі па паляпшэнню адукацыі ў галіне энергаэфектыўнасці, бяспека чалавека на тэрыторыях, якія пацярпелі ад радыеактыўнага забруджвання. Па праграме акадэмічнай мабільнасці Эразмус Мундус рэалізуюцца 3 новыя праекты: «Развіцце навучання ў краінах ЕІДП на основе чыстых тэхналогій і навукова-даследчай дзейнасці», «Мабільнасць для інавацый і развіцця», «Уся Еўропа па-за межамі».

Звыш 2 тыс. замежных грамадзян навучаецца ў БДУ па праграмах даўніверсітэцкай адукацыі, вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі.

Факультэты[правіць | правіць зыходнік]

Інстытуты[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя выпускнікі[правіць | правіць зыходнік]

Рэктары[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Иванов, А. Е. География российских университетов: реальность и планы (конец XIX — начало XX века) // Российские университеты в XVIII — XX веках: сборник научных статей / Воронежский государственный университет. Вып. 5: Посвящается 60-летию исторического факультета ВГУ / [редколлегия: В. И. Чесноков (отв. ред.) и др.]. — Воронеж: Издательство ВГУ, 1993. — 230, [2] с. — С. 89—90. — ISBN 5-7455-1117-6.
  2. Витебские губернские ведомости. — 1903. — № . — 28 сентября. — С.
  3. Иванов, А. Е. География российских университетов... — С. 97, 15.
  4. Кіпель, Я. Эпізоды = Episodes / Яўхім Кіпель; Пад рэд. І. Урбановіч, З. Саўкі. — Нью Йорк: Выдавецтва газэты «Беларус», 1998. — 305 с., [6] л. iл. — С. 79.
  5. Карскі, Е. Проект статуту Беларускага Унівэрсытэту // Вольная Беларусь. — 1918. — № 35. — С. 256—260.
  6. Известия ЦИК Советов Белоруссии. — 1919. — № . — 6 марта. — С.
  7. Звезда. — 1919. — № . — 23 марта. — С.
  8. Школа и культура Советской Белоруссии. — 1921. — № 1—2. — С. 114—116.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Яноўскі, А. А. Беларускі універсітэт: ад ідэі да ўвасаблення / А. А. Яноўскі // Выбраныя навуковыя працы Беларускага дзяржаўнага універсітэта, 1921—2001: У 7 т. / Рэд. савет: А. У. Казулін (старш.) і інш. Т. 2: Гісторыя. Філасофія. Журналістыка / Рэдкал.: А. А. Яноўскі (адк. рэд.) і інш. — Мн.: БДУ, 2001. — 534 с. — С. 9—18. — ISBN 985-445-538-6.