Перайсці да зместу

Павел Нічыпаравіч Кавалёў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з П. Н. Кавалёў)
Павел Нічыпаравіч Кавалёў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 18 лістапада 1912(1912-11-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 верасня 1995(1995-09-02) (82 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, перакладчык, пісьменнік
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн «Знак Пашаны» Ордэн «Знак Пашаны»
Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР

Павел Нічыпаравіч Кавалёў (5 (18) лістапада 1912, в. Склімін, Клімавіцкі раён — 2 верасня 1995, Мінск; Псеўданімы: Янка Бярозка, П.Віхроў, Паўлюк Купалін) — беларускі празаік, драматург, перакладчык. Член СП Беларусі (1945). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1978).

Нарадзіўся ў сям'і селяніна Кавалёва Нічыпара Фёдаравіча. Бацька неаднаразова ездзіў на заработкі на шахты Данбаса. Маці, Фядора Мікалаеўна, увесь час працавала на сельскай гаспадарцы. Спачатку П.Кавалёў вучыўся ў Склімінскай пачатковай школе, затым у Мілаславіцкай сямігодцы, дзе родную мову і літаратуру выкладаў Я.Бобрык, які прывіў яму любоў да мастацкай літаратуры. У маі 1930 года быў пасланы камсамолам на педкурсы (Магілёў), якія скончыў восенню таго ж года. Працаваў настаўнікам Пажарскай пачатковай школы Клімавіцкага раёна, затым сакратаром клімавіцкай раённай газеты «Камуна». У 1932 г. быў пераведзены ў смалявіцкую газету «Шлях калектывізацыі», адкуль пайшоў вучыцца ў Камуністычны інстытут журналістыкі (закончыў у 1936 г.), затым накіраваны ў газету «Звязда»: быў літработнікам, загадчыкам аддзела культуры, а на пачатку вайны сакратаром. У 1941—1943 гг. сакратар рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь» (знаходзілася ў Маскве). У 1943 годзе быў адкліканы на работу ў Цэнтральны штаб партызанскага руху, дзе служыў старшым памочнікам начальніка аддзялення друку да 1944 года. Пасля расфарміравання штаба быў памочнікам начальніка спачатку трэцяга, а затым першага сакратара ЦК КП(б)Б. З 1946 года адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1955-67 гг. галоўны рэдактар часопіса «Вожык». У 1967-72 гг. галоўны рэдактар часопіса «Полымя». У складзе дэлегацыі Беларускай ССР прымаў удзел у рабоце ХХI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1966 г.).

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны 2-й ступені, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі, шасцю Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай Граматай Тувінскай АССР.

Першыя нарысы П.Кавалёва надрукаваны ў клімавіцкай газеце «Камуна» (1929). У 1930 годзе яго першы верш «Жыццё імчыцца» змясціла рэспубліканская газета «Піянер Беларусі» (публікацыі не выяўлены). Да вайны пераважна выступаў у друку з вершамі, нарысамі і артыкуламі. У ваенны час найбольш выявіў сябе як нарысіст (публікацыі ў «Савецкай Беларусі»). У 1945 годзе выдаў кнігу апавяданняў і нарысаў «Прага бою», аднаактныя п'есы «Подзвіг», «Родная кроў», дзе паказаў героіку Вялікай Айчыннай вайны. Схільны да дакументальнага адлюстравання падзей. У творах на сучасную тэматыку ўзнімае маральна-этычныя праблемы, імкнецца да стварэння паўнакроўных характараў, дакладнасці псіхалагічнай матывіроўкі ўчынкаў. Пісаў творы для дзяцей. Найбольш значныя творы П.Кавалёва — аповесці «Падзенне Хвядоса Струка», «Дзень першы, ноч апошняя», «Пакінь нас, трывога». Выступаў у жанры сатыры і гумару. Вядомы як перакладчык. Творы П.Кавалёва перакладаліся на рускую, украінскую і іншыя мовы.

Зноскі

  • Кавалёў Павел Нічыпаравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — 1985. — Т. 2. — С. 603—604.
  • Павел Кавалёў // Пісьменнікі Савецкай Беларусі: Кароткі даведнік. — Мн., 1981. — С. 150—151.