Суслік рабы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рабы суслік)
Суслік рабы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Spermophilus suslicus Guldenstaedt, 1770


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  632456
NCBI  99859
EOL  1041046

Суслік рабы (Spermophilus suslicus) — млекакормячая жывёла сямейства вавёркавых атрада грызуноў.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Грызун сярэдняй велічыні. Даўжыня цела 200—230 мм, хваста 29-46 мм, ступня — 30-37 мм. Маса 200—370 г. Цела прадаўгаватае, ногі і хвост кароткія. Вушы не выступаюць за сілуэт галавы. Часта стаіць слупком і выдае характэрны свіст. На карычнева-бурай спіне мноства больш светлых плям. Брушка жоўта-шэрае. Грудзі і шыя белыя з жаўцізной.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Рабы суслік на паштовай марцы Беларусі, 2015

Суслік рабы — стэпавы від грызуноў. У пасляледавіковы перыяд распаўсюдзіўся ў лясную зону да межаў цэнтральнай часткі Беларусі і сярэдняга Паволжа ў Расіі. Распаўсюджванне ў лясныя мясцовасці, відаць, праходзіла па трасах сезонных міграцый статкаў капытных. У наступныя эпохі ў лясной зоне замацаваўся выключна ў раёнах інтэнсіўнага земляробства на шырокіх, бязлесных раўнінах узгорыстага тыпу. Сучасны арэал параўнальна невялікі і амаль цалкам распасціраецца ва Усходняй Еўропе: ад паўднёва-усходняй Польшчы і паўночна-ўсходняй Румыніі на ўсход да Волгі і Акі. На працягу лета 2019 года на Беларусі спецыялісты знайшлі 10 калоній рабых суслікаў, самую вялікую — у Нясвіжскім раёне[1].

Аддае перавагу адкрытым мясцовасцям з нізкім травастоем. Жыве ў норах на непрыдатных і абложных землях, выганах, агрэхах, па ўзбочынах дарог, насяляе прасторныя пашы для выгулу буйной рагатай жывёлы.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Вядзе дзённы спосаб жыцця. У дажджлівае, сырое надвор’е з нор не выходзіць. Вялікую частку года жыве калоніямі ці кампактна размешчанымі адзінкавымі паселішчамі. У калоніях увесь час дзейнічае сістэма папярэджання асобін-суседзяў з дапамогай свісту. Капае пастаянныя (летнія і зімовыя) і часовыя кармавыя норы. Пастаянныя норы бываюць даўжынёй 4-5 м з развітай сістэмай хадоў і пашырэнняў, у іх ёсць цёплае сухое гняздо і асобныя камеры, некалькі ўваходаў. Глыбіня, на якой праходзяць норы, 0,3-1,5 м. Дыяметр уваходнай адтуліны 3,5-5,5 см. Пастаянныя норы маюць стромкі ўваход, у часовых норах ці стромкіх касагорах (схілах дарожных кюветаў) уваход часцей нахільны.

На зімоўку сыходзіць з канца жніўня. Праводзіць яе ў стане глыбокай спячкі да сакавіка-красавіка. Запасы кормаў у норах невялікія (да 300 г) і больш разлічаны на рэзерв у выпадку дажджлівага ці сырога надвор’я. Сілкуецца надземнымі часткамі раслін. Асабліва любіць зерне ячменю, жыта, пшаніцы, зернебабовых. Ахвотна і шмат есць насякомых.

Гон доўжыцца 2 тыдні і праходзіць адразу пасля спячкі. Цяжарнасць 23-26 дзён. Самка нараджае 4-8 дзіцянят, зрэдку — больш.

Драпежнікі сусліка разнастайныя: крумкач, шэрая варона, сарока, шэры саракуш, каня, мышаловы, каршакі, белы бусел, шэрая чапля, вандроўныя каты і сабакі, ліс, тхор чорны.

У мінулым, у перыяд высокай колькасці, шкодзіў сельскай гаспадарцы.

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU) 

Від уключаны ў Чырвоны спіс МСАП (VU, ver. 2.3, 1994); Чырвоную кнігу Беларусі, Чырвоную кнігу Польшчы.

Зноскі