Радыёэлектронная барацьба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Радыёэлектронная барацьба (РЭБ) — разнавіднасць узброенай барацьбы, падчас якой ажыццяўляецца ўздзеянне радыёвыпраменьваннямі (радыёперашкодамі) на радыёэлектронныя сродкі сістэм кіравання, сувязі і разведкі праціўніка ў мэтах змены якасці ваеннай інфармацыі, якая ў іх цыркулюе, абарона сваіх сістэм ад аналагічных уздзеянняў, а таксама змяненне ўмоў (уласцівасцяў асяроддзя) распаўсюджвання радыёхваляў. Складовымі часткамі РЭБ з'яўляюцца радыёэлектроннае падаўленне і радыёэлектронная абарона.

У Генеральным штабе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь створана ўпраўленне радыёэлектроннай барацьбы[1]. Падрыхтоўка спецыялістаў па РЭБ ажыццяўляецца ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь[2] і Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Радыёэлектронная барацьба лічыцца адносна маладым напрамкам у ваеннай справе. Разам з тым ідэя і першыя выпадкі вядзення радыёразведкі і стварэння радыёперашкод адносіцца яшчэ да часу пачатку ўжывання радыё ў ваеннай справе.

Упершыню радыёэлектронная барацьба была ўжыта для стварэння перашкод для парушэння радыёсувязі ў ходзе руска-японскай вайны. 15 красавіка 1904 года японскія крэйсеры падвергнулі артылерыйскаму абстрэлу ўнутраны рэйд і горад Порт-Артур. Артылерыйскую стральбу карэктавалі праз радыё японскія караблі, якія стаялі насупраць уваходу ў гавань. З дапамогай карабельнай радыёстанцыі браняносца «Перамога» і берагавой радыёстанцыі «Залатыя Горы» абаронцы Порт-Артура паспяхова падушылі перашкодамі перадачу радыёграм караблёў-карэкціроўшчыкаў. Такім чынам, як вынікае з данясення камандуючага флотам контр-адмірала князя П. П. Ухтомскага, з выпушчаных непрыяцелем больш за 60 снарадаў траплянняў у цэлі не было[4].

Больш інтэнсіўна радыёразведка і радыёперашкоды пачалі ўжывацца ў ходзе Першай сусветнай вайны. Радыёперашкоды ствараліся для парушэння радыёсувязі паміж штабамі армій, карпусоў і некаторых дывізій, а таксама паміж ваеннымі караблямі. Перашкоды радыёсувязі ўжываліся ў ходзе баявых дзеянняў ваенна-марскіх сіл і сухапутных войскаў эпізадычна, бо ваюючыя бакі аддавалі перавагу перахопу радыёперадач, а не іх зрыву. Для стварэння перашкод выкарыстоўваліся звычайныя сродкі радыёсувязі, а ў германскай арміі — спецыяльныя станцыі радыёперашкод.

У ходзе Другой сусветнай вайны акрамя сродкаў радыёсувязі пачалі шырока выкарыстоўвацца радыёлакацыйныя станцыі і радыёнавігацыйныя прыборы. У сувязі з гэтым у шэрагу армій пачалі распрацоўваць станцыі перашкод і ствараць воінскія часці для барацьбы з радыёэлектроннымі сродкамі праціўніка. Да гэтага ж часу адносіцца стварэнне органаў і часцей радыёэлектроннай барацьбы Чырвонай арміі. На падставе дакладной запіскі Наркама ўнутраных спраў СССР 16 снежня 1942 года была прынята пастанова Дзяржаўнага Камітэта Абароны «Аб арганізацыі ў Чырвонай Арміі спецыяльнай службы па забіўцы нямецкіх радыёстанцый, якія дзейнічаюць на полі бою». У адпаведнасці з гэтай пастановай былі сфарміраваны першыя часці радыёперашкод: 130, 131 і 132-я асобныя радыёдывізіёны спецыяльнага прызначэння. Яшчэ адзін дывізіён (226-ы) быў створаны ў сакавіку 1944 года. Дывізіёны мелі колькасць 195 чалавек, з іх 32 афіцэра. На іх узбраенні было ад 8 да 10 аўтамабільных радыёстанцыі тыпу РАФ-КХ і РСБ-Ф, спецыяльна абсталяваных прыстаўкамі для стварэння перашкод; 18—20 разведвальных радыёпрыёмнікаў тыпу «Віраж» і «Чайка» і чатыры радыёпеленгатары тыпу 53-ПК-3 і «Штопар». У 130, 131, 132-м радыёдывізіёнах спецыяльнага прызначэння меліся таксама магутныя чыгуначныя станцыі радыёперашкод тыпу «Пчала». У далейшым гэтыя часці прымалі ўдзел ва ўсіх аперацыях Вялікай Айчыннай вайны. Імі была сарвана перадача больш за 24 тысяч радыёграм у аператыўным і аператыўна-тактычным звёнах кіравання праціўніка. Дзеянні гэтых радыёдывізіёнаў былі асабліва эфектыўнымі пры блакаванні акружаных груповак праціўніка. Так, пры разгроме акружанай групоўкі ў Кёнігсбергу, 131-ы асобны радыёдывізіён спецыяльнага прызначэння падавіў практычна ўсе радыёсувязі групоўкі праціўніка з вярхоўным галоўнакамандаваннем і з Земландскай групоўкай, што, па заяве камандуючага акружанай групоўкай, з'явілася адной з прычын капітуляцыі нямецка-фашысцкіх войскаў.

Вялікую ролю радыёдывізіёны спецыяльнага прызначэння згулялі ў найбуйнейшай наступальнай аперацыі Другой сусветнай вайны — аперацыі «Баграціён». У пачатку аперацыі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту акружылі і праз чатыры дні разграмілі 5 нямецкіх дывізій на захадзе Віцебска. Адначасова войскі 1-га Беларускага фронту да 29 чэрвеня ліквідавалі асноўныя сілы (6 дывізій) 9-й арміі праціўніка пасля акружэння ў раёне Бабруйска. Потым, развіваючы наступленне, савецкія войскі вызвалілі Мінск, акружылі і да 12 ліпеня разграмілі буйную групоўку праціўніка больш на ўсход ад яго, якая складалася са злучэнняў 4-й і 9-й армій. Да канца аперацыі савецкія войскі, разграміўшы галоўныя сілы групы армій «Цэнтр», вызвалілі Беларусь, частку Літвы і Латвіі, уступілі на тэрыторыю Польшчы і падышлі да Усходняй Прусіі.

131-ы ардн спецназ, які паступіў 1 ліпеня 1944 года ў склад войскаў 3-га Беларускага фронту, з раёнаў Вялікія Сабалі (12 км на поўдзень ад Рудні) з 8 па 27 чэрвеня і вёскі Гразіна (25 км на паўночны захад ад Оршы) з 28 чэрвеня па 1 ліпеня парушаў радыёсувязь 3-яй танкавай арміі і 4-й арміі, а таксама радыёсувязь узаемадзеяння паміж імі. Радыёперашкоды, якія ствараў дывізіён у 70 радыёсетках і радыёнапрамках, сарвалі перадачу каля 3700 радыёграм, або звыш 90 % усіх радыёперадач праціўніка. У іх ліку быў сарваны прыём 30 вельмі важных аператыўных радыёграм групоўкі войскаў, акружанай на ўсход ад Мінска, і 90 радыёграм штабоў войскаў, якія дзейнічалі на каўнаскім кірунку. У працэсе перадачы 3700 радыёграм ва ўмовах радыёперашкод нямецкія радысты 11000 разоў паўтаралі асобныя групы і 4700 разоў увесь тэкст радыёграм, 1600 раз пераходзілі на іншыя частоты, 400 разоў мянялі частоты ў працэсе радыёабмену, каля 400 разоў гублялі радыёсувязь і запытвалі наладу, 600 разоў спынялі радыёперадачы і аднаўлялі ў іншы час, 250 разоў спрабавалі перадаваць радыёграмы ў перапынках паміж перашкодамі, 50 разоў павялічвалі магутнасць радыёперадавальнікаў і прымалі іншыя меры абароны ад радыёперашкод.

У гэты час упершыню паўстала пытанне аб арганізацыі ўзаемадзеяння па радыёэлектроннай барацьбе паміж часцямі і падраздзяленнямі спецыяльных войскаў. З мэтай паляпшэння ўзаемадзеяння і скарачэння часу на перадачу дадзеных аб выкрытых радыёсувязях прыёмныя радыёцэнтры 131 ардн і 474 ардн асобага прызначэння з 8 чэрвеня 1944 года дзейнічалі сумесна, размяшчаліся ў агульных пазіцыйных раёнах, а часам у адных памяшканнях. У гэтай жа аперацыі досыць паспяхова ўжываўся такі спосаб радыёпадушэння, як перадача дэзынфармацыйных паведамленняў. Былы начальнік штаба 131-га ардн спецыяльнага прызначэння палкоўнік А. Н. Іваноў, успамінаючы пра ход ліквідацыі акружаных разрозненых груповак праціўніка на ўсход ад Мінска, паведаміў, што радысты дывізіёна, выкарыстоўваючы трафейную радыёстанцыю, увайшлі ў радыёсувязь з галоўнай радыёстанцыяй адной з акружаных дывізій, якая беспаспяхова на працягу двух гадзін спрабавала ўсталяваць радыёсувязь з радыёстанцыяй штаба корпусу, і прынялі на сябе некалькі радыёграм, якія прызначаліся штабу нямецкага армейскага корпуса. Радыст дывізіёна настолькі дакладна імітаваў почырк работы радыста корпуснай радыёстанцыі праціўніка, што паланёны пазней радыст дывізіённай радыёстанцыі на допыце выказаў поўную ўпэўненасць, што дакладна па прызначэнні перадаў дзве звыштэрміновыя радыёграмы, і быў перакананы ў адваротным толькі пасля дэманстрацыі нашым радыстам характару радыёабмену, які прайшоў.

130-ы ардн спецыяльнага прызначэння 1-га Беларускага фронту пачынаючы з 24 чэрвеня парушаў радыёсувязь злучэнняў 9-й арміі ў раёне Бабруйска, затым радыёсувязь злучэнняў 4-й арміі, якія адыходзілі пад ударамі войскаў фронту. Асаблівая ўвага давалася парушэнню радыёсувязі злучэнняў 9-й арміі, якія, як стала вядома з перахопленых радыёграм, рыхтаваліся да прарыву з акружэння на паўночны захад, каб злучыцца з войскамі 4-й арміі. У выніку магутных удараў авіяцыі і сухапутных войскаў да 28 чэрвеня бабруйская групоўка была цалкам ліквідавана.

У далейшым 130-ы дывізіён ва ўзаемадзеянні са 131-м дывізіёнам парушаў радыёсувязь штабоў злучэнняў 105-тысячнай групоўкі праціўніка, акружанай на ўсход ад Мінска. У ходзе разгрому Мінскай групоўкі дывізіён парушаў сувязь злучэнняў 12, 27 і 35-га вайсковых, 39 і 41-га танкавых карпусоў 4-й і 9-й армій праціўніка, якія спрабавалі прарвацца на паўднёвы захад. За поспехі ў вырашэнні баявых задач 130-ы і 131-ы радыёдывізіёны былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, а 132-і — ордэнам Багдана Хмяльніцкага.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны часці радыёэлектроннай барацьбы былі расфарміраваныя. Ізноў спецыяльныя часці РЭБ у сухапутных войсках былі створаны ў 1950-х гадах. Пры гэтым ствараліся часці двух тыпаў: у складзе войскаў сувязі — батальёны для падаўлення наземнай радыё- і радыёрэлейнай сувязі праціўніка, а ў складзе войскаў СПА — батальёны для падаўлення бартавых авіяцыйных радыёэлектронных сродкаў разведкі, прыцэльвання, навігацыі і сувязі.

Зноскі