Перайсці да зместу

Рангаку

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кайтай сінсё — японскі пераклад еўрапейскага анатамічнага трактата (1774)

Рангаку (яп.: 蘭学, літар. «галандскія навукі») — збор еўрапейскіх навуковых ведаў, якія пранікалі ў Японію ў перыяд дзеяння палітыкі сакоку, пераважна праз галандскую гандлёвую факторыю на насыпным астраўку Дэдзіма ў гавані Нагасакі.

Да 1720 года распаўсюджанне гэтых ведаў у японскім грамадстве лічылася досыць небяспечным. Існавала манаполія на пераклад галандскіх кніг. Гэта справа была даручана закрытаму цэху перакладчыкаў, якія на працягу шэрагу пакаленняў займаліся перакладам заходніх ведаў на японскі лад.

Пасля 1720 года палітыка ізаляцыі была некалькі саслаблена, што прывяло да акультурацыі заходніх навуковых ведаў у японскім грамадстве. Спрыяла гэтаму і амаль пагалоўная пісьменнасць японцаў, асабліва жыхароў гарадоў.

У закрытую дзяржаву сталі паступаць такія заходнія вынаходствы, як механічныя гадзіннікі, мікраскопы, тэлескопы і помпы, якія старанна даследаваліся мясцовымі навукоўцамі. Карысталіся попытам і цацанкі накшталт чароўных ліхтароў; з часам быў наладжаны выраб іх японскіх аналагаў. Найбольшую цікавасць выклікалі кнігі медыцынскага зместу, а таксама звесткі пра вывучэнне магчымасцей электрычнасці.

Пасля 1803 года забароны на распаўсюджванне рангаку былі паступова зняты; апошнія ганенні на «спецыялістаў па варварскіх навуках» былі адзначаны ў 1839 годзе. Актыўнае вывучэнне і асваенне рангаку дазволіла японцам падрыхтавацца да адкрыцця краіны для еўрапейцаў і ў сціснутыя тэрміны скараціць сваё інфраструктурна-тэхналагічнае адставанне ад Еўропы.

  • Кин Д. Японцы открывают Европу: 1720—1830. — М.: Наука, 1972. — 208 с.
  • Кацугарава Хосю. Краткие вести о скитаниях в северных водах. — М.: Наука, 1978.