Руралес

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Руралес (ісп. Rurales — «сельскія») — конная сельская паліцыя, якая дзейнічала ў Мексіцы з 1861 па 1914 год.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У XIX стагоддзі вялікай праблемай для мексіканскіх уладаў была адсутнасць парадку і бандытызм у сельскай мясцовасці. Спробы арганізаваць фарміраванні, якія маглі б навесці тут парадак, прадпрымаліся з 1855 года. Аднак афіцыйныя часткі сельскай паліцыі, якія пазней атрымалі назву «руралес», былі створаны прэзідэнтам Хуаресам у 1861 годзе. Гэтыя фарміранні былі арганізаваны па прыкладу іспанскай жандармерыі.

Эфектыўнаму ажыццяўленню праграмы па навядзенні парадку ў вёсцы перашкодзіла замежная інтэрвенцыя, вярнуцца да гэтага пытання ўрад Мексікі змог толькі ў 1867 годзе. Беніта Хуарэс вывеў руралес з падпарадкавання ваеннага міністра і перадаў іх пад кантроль міністра ўнутраных спраў. Колькасць атрадаў коннай паліцыі была даведзена да 1500 чалавек, пры гэтым у яе шэрагі трапіла шмат бандытаў. Займаліся руралес у асноўным патруляваннем дарог вакол Мехіка.

Свайго росквіту арганізацыя сельскай паліцыі дасягнула пры прэзідэнце П. Дыясе. Апошні, імкнучыся прыцягнуць у краіну замежныя інвестыцыі, бачыў у руралес важны інструмент для забеспячэння правапарадку ў краіне. Іх колькасць павялічылася да 3000 чалавек, пры гэтым у адрозненне ад арміі руралес камплектаваліся добраахвотнікамі, тэрмін службы якіх складаў 4 гады. Праблема паступлення ў руралес крымінальных элементаў захоўвалася, але большасць членаў фарміраванняў былі звычайнымі сялянамі або рамеснікамі. Новымі праблемамі сталі дэзерцірства і карупцыя — начальнікі руралес прыпісвалі да сваіх частак «мёртвыя душы», павялічваючы фінансаванне, а афіцэры забеспячэння прадавалі зброю і амуніцыю мясцовым жыхарам. Пры Дыясе руралес ахоўвалі жалезныя дарогі, выконвалі інкасатарскія функцыі і падтрымлівалі парадак сярод сельскіх і завадскіх рабочых.

Падчас рэвалюцыйных паўстанняў 1910 і 1911 гадоў руралес захавалі адданасць Парфірыё Дыясу, аднак з прычыны сваёй невялікай колькасці яны не маглі аказаць сур'ёзнага супраціву паўстанцаў. Пасля адстаўкі Дыяса і яго эміграцыі беспарадкі працягваліся, а людзі, якія падтрымалі рэвалюцыю, мелі патрэбу ў працы. Таму новы прэзідэнт Франсіска Мадера не толькі не скасаваў руралес, але і павялічыў іх колькасць. Адным з рэвалюцыянераў, накіраваных у шэрагі руралес, стаў генерал Паскуаль Ароска. Пасля забойства Мадера і ўзурпацыі ўлады контррэвалюцыйным генералам Уэртай руралес былі зноў падпарадкаваны вайсковаму камандаванню. Да ліпеня 1914 года іх колькасць складала 6000 чалавек, але ў абароне рэжыму прэзідэнта Уэрты яны ігралі невялікую ролю. У жніўні таго ж года пасля адстаўкі прэзідэнта рэвалюцыянеры раззброілі і расфармавалі руралес. Хаця пазней некаторыя іншыя фарміравання насілі назву «руралес», з федэральнай сельскай паліцыяй 1861-1914 гадоў яны не звязаны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Coerver D. M., Pasztor S. B., Buffington R. Mexico: An Encyclopedia of Contemporary Culture and History. — ABC-CLIO, 2004. — P. 455—457. — ISBN 9781576071328.

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.