Самватас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Самватас (Самбатас; грэч. Σαμβατας) — гапакс, гэта значыць слова невядомага паходжання і няпэўнага значэння, нідзе не засведчанае, акрамя як у трактаце «Пра кіраванне Імперыяй». Ужыта як другая назва Кіева або Кіеўскай крэпасці.

Засведчана ў X стагоддзі візантыйскім імператарам Канстанцінам Парфірародным, які паведамляе ў трактаце «Пра кіраванне Імперыяй» (каля 948 года) пра «крэпасць Кіева, званую Самватас»[1][2].

Спробы растлумачыць этымалогію слова пакуль не маюць надзейнай апоры. Прапанавана выводзіць яго са славянскай, армянскай, скандынаўскіх ці цюркскіх моў[2]. Славянская этымалогія прапанавана польскім лінгвістам С. Роспандам, які рэканструяваў тапонім як Samvatas — Samvadas — *Sаvodъ. Затока-сувадзь, у значэнні стаянкі рачных суднаў. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца версія хазарскага паходжання, аднак, як і іншыя, яна не паддаецца праверцы. Прыхільнікі гэтай гіпотэзы перакладаюць Самватас як «Верхняя крэпасць», ад цюркскіх слоў sam- («высокі, верхні») і bat («моцны») ці звязваюць з назвай легендарнай Суботняй ракі Самбатыян (пар. рум.: Sâmbătă — субота), якая ў яўрэйскай літаратуры працякала на краю зямлі ў краіне страчаных дзесяці Ізраільскіх каленаў. У гэтым выпадку назва магла ўзнікнуць у яўрэйска-хазарскай абшчыне, якая існавала ў Кіеве.

У заходняй гістарыяграфіі згадка пра Самватас часам разглядаецца як сведчанне заснавання Кіева хазарамі.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архипов А. А. Об одном древнем названии Киева // Из истории русской культуры. — М.: Языки славянской культуры, 2002. — Т. 2/1. — С. 30-46. — ISBN 5-7859-0142-0.
  • Вортман Д. Я. Самбатас // Енциклопедія історії України. — К.: Наукова думка, 2009. — Т. 9. — С. 429. — ISBN 978-966-00-1290-5.
  • Зоценко В. М. Ще раз про «Самбатас» // Старожитності Русі-України. — К., 1994. — С. 126-132.
  • Роспонд С. Значение древнерусской ономастики для истории: к этимологии топонима Киев / Вопр. языкознания. - 1968. - № 1. — С. 103—108.
  • Самбат, Самбатас // Радянська енциклопедія історії України. — К.: Українська радянська енциклопедія, 1972. — Т. 4. — С. 50.