Сарма (вецер)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сарма — вецер, што дзьме ў сярэдняй частцы Байкала. З’яўляецца самым магутным ветрам Байкала. Назву атрымаў па імю ракі Сарма, у вусці якой сарма найбольш моцная і ўстойлівая. Адносіцца да вятроў тыпу бары, з’яўляецца разнавіднасцю горнай.

Хваляванне Байкала ля скалы Шаманкі ў лістападзе

Гэты моцны шквалісты вецер вырывацца з даліны ракі Сарма, якая ўпадае ў Малое Мора на захадзе возера. Халоднае арктычнае паветра з Прыленскага узвышша, перавальваючыся праз Прыморскі хрыбет, патрапляе ў завужаную да Байкала даліну рака Сарма — прыродную аэрадынамічную трубу, на выхадзе з якой дасягае ураганнай хуткасці.

Сарма можа бесперапынна дзьмуць некалькі сутак, вецер пры гэтым бывае настолькі моцны, што валіць дрэвы, пераварочвае судны, зрывае дахі з дамоў і скідае свойскую жывёлу з берага ў мора. Дахі дамоў жыхары пасёлка Сарма прывязваюць да зямлі. Сарма найбольш частая і лютая восенню і зімой. У лістападзе яна дзьме 10 дзён, у снежні — 13. Звычайна Сарма ахоплівае Малое Мора і заходнюю частку Байкала, але часам можа адчувацца і на ўсходнім беразе возера.[1]

Прыкметай набліжэння сармы служаць слаіста-кучавыя аблокі з рэзка акрэсленымі межамі, якія збіраюцца над вяршынямі Прыморскага хрыбта паблізу Сармінскай цясніны. Звычайна ад пачатку канцэнтрацыі аблокаў да першага парыву сармы праходзіць 2-3 гадзіны. Апошнім папярэджаннем з’яўляецца адкрыццё «варот» — з’яўленне прасвету паміж вяршынямі гор і ніжняй аблямоўкай хмар.

Зноскі