Свята-Мікалаеўскі сабор (Сянно)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Праваслаўны храм
Свята-Мікалаеўскі сабор
Свята-Мікалаеўскі сабор, 1907 год
Свята-Мікалаеўскі сабор, 1907 год
54°48′48,80″ пн. ш. 29°42′18,90″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Сянно
Будаўніцтва ???—1867 гады
Дата скасавання 1934

Свята-Мікалаеўскі сабор — колішні мураваны праваслаўны храм у горадзе Сянне Віцебскай вобласці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мікалаеўскі сабор быў пабудаваны ў цэнтры горада ў 1867 годзе. У 1934 годзе па загадзе Сенненскага райкама КП(б)Б храм быў разабраны. У 1935 годзе з цаглін ад храма быў пабудаваны Дом культуры, які стаіць да гэтага часу[1].

На месцы царквы спачатку быў разбіты парк, пастаўлены помнікі У. І. Леніну і І. В. Сталіну, якія стаялі да 1941 года. У 1961 годзе была пабудавана школа № 2.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Мікалаеўскі сабор быў пабудаваны па ўзорах тыпавых праектаў рускага дойлідства XVII стагоддзя.

Крыжова-купальнае збудаванне мела пяць купалоў. Структура храма складалася з узаемнага перасячэння двух цыліндрычных нефаў, перакрытых крыжовымі скляпеннямі. У сілуэце храма панаваў цыбулепадобны «дуты» купал на светлавым цыліндрычным барабане, узведзеным над сяродкрыжжам.

Кожная званіца выглядала як чатырохграннік, па абодвух баках якога знаходзіліся па адным асобным праёме. Усе аконныя праёмы былі зроблены ў выглядзе выгнутых паўцыркульных арак, над якімі размяшчаліся круглыя аконныя праёмы-люкарны. Сцены званіц і нефаў былі ўпрыгожаны пілястрамі (плоскімі калонамі і карнізамі). Вежы званіц мелі тры ярусы, абмежаваныя карнізамі.

Трэці ярус званіц уяўляў вежачкі-чатырохграннікі са скошанымі вугламі і шырокімі арачнымі праёмамі з чатырох бакоў. У іх знаходзіліся званы. Вежачкі мелі завершаныя купалы ў выглядзе цыбулін. На ўзроўні вежачак у сярэдзіне перакрыжаванняў нефаў узвышаўся барабан круглай формы, а пад ім — купал-цыбуліна складанай формы.

Пярэдні фасад будынка выходзіў на вуліцу Ветраную (зараз — Кастрычніцкая). З правага боку царквы ў 1889 годзе была збудавана каменная каплічка ў памяць аб шчаслівым выратаванні імператарскай сям’і 17 кастрычніка 1888 года. Царква была агароджана драўляным плотам з цаглянымі слупамі. З левага боку знаходзілася крама для гандлю свечкамі і кнігамі духоўнага зместу.

У царкве стаялі скульптуры Аляксандра Неўскага і Дзмітрыя Данскога, створаныя майстрам Карпам з Ульянавіч[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сабор // Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. — Віцебск, 2000. — С. 110—117.
  • Сабор // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. — Мінск : Литература и искусство, 2008. — С. 80-83.
  • Сабор у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. — С. 594.
  • Свята-Мікалаеўскі сабор // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — Мінск : БелЭн, 2001. — С. 299.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]