Слонімскі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Слонімскі замак (замчышча) — назва старажытнага цэнтра Слоніма, а таксама шэрагу палаца-паркавых комплексаў пабудаваных на яго месцы ў ХІ — XVIII ст. Размяшчаліся на левым беразе р. Шчара.

Спачатку пабудаваны драўляны астрог, потым дзядзінец ХІІ — XIII ст., у XІV — XV ст. драўляны замак на высокім насыпе з падпорнай сценкай з вялікіх камянёў (разбураны пасля 1506). Умацаваным цэнтрам сярэдневяковага Слоніма быў Верхні замак, які займаў узвышша памерам 150x200 м. Замкавая пляцоўка мела форму няправільнага прамавугольніка, узвышалася над ракой на 3—4 м, была ахавана ровам шырынёй 15—18 м і глыбінёй каля 8 м. У 14—18 ст. побач з Верхнім размяшчаўся Ніжні замак, які займаў падковападобную пляцоўку. ахоўваўся земляным валам і вадзяным ровам. У 1520 г. перабудаваны ў невялікі драўляны палац з залай пасяджэнняў, дзе ў 2-й палове XVII ст. адбываліся генеральныя сеймікі. Палац быў абкружаны драўлянымі гароднямі з вежамі.

Каля 1768 г. зруйнаваны, на яго месцы пастаўлены архітэктурны комплекс — П-падобны ў плане палац (1-павярховы мураваны будынак з бакавымі драўлянымі флігелямі) з парадным дваром у цэнтры.

Палац меў 116 пакояў і залу (найбольш пышная ў стылі ракако «зала багінь[крыніца?]», рэстаўрыравана ў 1788). У комплекс уваходзілі манеж, аранжарэя, вялікія дамы для прыдворных і гасцей, друкарня (1777), гаспадарчыя пабудовы і тэатр, пабудаваны паблізу замка на беразе выраўнаванага рукава р. Шчара.

Палацавы комплекс аддзяляўся ад гарадскіх збудаванняў і гандлёвай плошчы сажалкай і рэгулярным садам (майстар паркавай архітэктуры Ле Рак, прыгонны садоўнік Васіль). Не збярогся.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2004.— 752 с. — стар. 680.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15), С. 21.