Дзядзінец
Дзядзінец або дзяцінец — цэнтральная ўмацаваная частка горада ў Старажытнай Русі, якая служыла сядзібай князю ці яго намесніку і выконвала ваенныя, адміністрацыйныя і палітычныя функцыі.
У летапісах слова шырока ўжывалася да 14 стагоддзя, пасля на тэрыторыі Расіі сталі ўжываць слова «Крэмль». На Беларусі слова дзядзінец было зменена на «замак», часта падзяляючы яго на «Верхні» (ці «горні») і «Ніжні» (ці «дольні»).
Звычайна размяшчаўся на зручна ўмацаваных месцах, на мысах рэк ці на высокіх пагорках, дадаткова ўмацоўвалі равамі, валамі, мурамі з вежамі і брамамі. У дзядзінцах знаходзіліся княжацкі ці баярскі двор, жыллё дружыннікаў, а таксама рэзідэнцыя духавенства. У час нападаў ворагаў у дзядзінцы хавалася ўсё навакольнае насельніцтва разам з жанчынамі і дзецьмі (магчыма ад гэтага слова і пайшла назва «дзядзінец»). У буйных сярэдневяковых гарадах дзядзінец займаў вялікую плошчу, так у Кіеве ён меў плошчу ў 9 га.
На тэрыторыі Беларусі існавалі дзядзінцы ў Гродне, Віцебску, Полацку і іншых вялікіх гарадах.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 233. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Дзядзінец // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 268. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.