Стабурагс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Месца Стабурагса ў 2004 годзе

Стабурагс (лат.: Staburags, таксама вядомы як Стабурадзэ) — колішні 18-метровы ўцёс, што размяшчаўся ў Латвіі на левым беразе Дзвіны. З ніжняй часткі скалы сцякала мноства крыніц, што надавала Стабурагсу агульныя рысы з вадаспадамі. Шмат стагоддзяў Стабурагс ушаноўваўся мясцовымі жыхарамі.

У 1966 годзе ўцёс быў затоплены падчас будаўніцтва Плавінскай гідраэлектрастанцыі. У парку Вігантэ побач з месцам, дзе была святыня, знаходзяцца дрэвы, пасаджаныя кіраўнікамі і вядомымі асобамі Латвіі, і эстрада. Таксама тут у 2003 годзе быў створаны памятны знак «Божае вуха» (лат.: Dieva auss)[1].

Легенда[правіць | правіць зыходнік]

У латышскай народнай творчасці налічваецца 82 версіі легенд пра паходжанне Стабурагса. Паводле найбольш распаўсюджаных, у гэтых мясцінах некалі жыла дзяўчына, муж якой быў рыбаком. Аднойчы яна, як заўжды, чакала каханага, стоячы на высокім беразе Дзвіны. Але ў тую ноч на рацэ адбылася моцная бура, і хлопец патануў. Дзяўчына, убачыўшы гэта, пачала плакаць і неўзабаве скамянела, ператварыўшыся ў скалу, але яе слёзы цякуць і дагэтуль[2].

Знішчэнне[правіць | правіць зыходнік]

У 1947 годзе савецкі інстытут «Гідраэнергапраект» падрыхтаваў комплексную праграму пабудовы сеткі вадасховішчаў і ГЭС у ніжнім цячэнні Дзвіны. Побач са Стабурагсам павінны былі ўзнікнуць два вадасховішчы — пры Мэмэньскай ГЭС з узроўнем вады 16 метраў і пры Плавіньскай з узроўнем вады 24 метры. Гэты варыянт не ўяўляў небяспекі для Стабурагса. Але ў 1955 годзе быў прыняты новы праект, паводле якога ўзровень вады ў вадасховішчы каля Плавіньскай ГЭС павінен быў быць павышаны на 40 метраў. Гэта выклікала вялікі смутак у народзе, і падчас будаўніцтва ГЭС у 19611965 гадах амаль кожная латышская сям’я паспела прыехаць на развітанне са Стабурагсам[3]. Скала пайшла пад ваду ў снежні 1966 года. Пад вадой апынулася і скульптура «Дайна», якую неўзабаве ўсё ж выцягнулі з вады і перавезлі ў Сігулду.

У наш час вяршыня Стабурагса знаходзіцца на глыбіні больш за дваццаць метраў. Падчас паніжэнняў узроўню вады яна можа часова паказвацца на паверхні.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

У 1820 годзе лютэранскі святар Стэндэрс запісаў ад 103-гадовай жанчыны 11 народных песень пра Стабурагс. У 1846 годзе гэта натхніла прафесара ўніверсітэта ў Тарту Крузэ выдаць кнігу латышскай і нямецкай мовамі. У 1850 годзе ў Елгаве пабачыла свет нямецкамоўная брашура «Der Stabburags»[4]. У 1869 годзе Фрыдрых Мальберг напісаў паэму «Стабурагс і Лесма». У 1871 годзе ў часопісе «Балтыйскі веснік» з’явілася эсэ Карла Зарыньша «Стабурадзэ ў Курляндыі». У 1875 годзе Аўкселіс выдае паэтычны збор «Стабурадзэ». У 1895 годзе Валдэмарс Залітыс піша кнігу «Staburaga bērni» («Дзеці Стабурагса»). У 1939 годзе Александрас Брыедыс стварыў скульптуру «Дайна», што ўвасабляла латышскую народную песню, якая была ўсталявана каля Ліпавай крыніцы.

Зноскі

  1. Staburaga piemiņas zīme «Dieva auss»
  2. Ilze Mežniece. Vietu simbolika Daugavas krastos. Latvijas Kultūras akadēmijas bakalaura darbs.
  3. Egīls Zirnis. Staburaga bērni
  4. J.Ch. Stender. Monographie. Zum besten der Selburgschen Orgel. Mitau, J.F.Steffenhagen und Sohn, 1850.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]