Латвія
| |||||
![]() | |||||
Дэвіз: «Dievs, Svētī Latviju» «Божа, дабраславі Латвію» | |||||
Гімн: «Dievs, Svētī Latviju»noicon | |||||
Дата незалежнасці | 18 лістапада 1918 (ад Расійскай імперыі) | ||||
Афіцыйная мова | Латышская | ||||
Сталіца | Рыга | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая, Елгава, Юрмала | ||||
Форма кіравання | Парламенцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр |
Раймандс Вэёніс Артурс Крыш’яніс Карыньш | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
64 589 км² 1,5 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Перапіс (2011) • Шчыльнасць |
1.944.643[1] чал. (147-я) 2.070.371 чал. 30,1 чал./км² (167-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$53.467 млрд[2] $29.489 (49-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2012) • На душу насельніцтва |
$28.324 млрд $13.984 | ||||
ІРЧП (2015) | ▲0,830 (вельмі высокі) (44-ы) | ||||
Этнахаронім | Латышы | ||||
Валюта | Еўра | ||||
Інтэрнэт-дамены | .lv, .eu | ||||
Код ISO | LV | ||||
Тэлефонны код | +371 | ||||
Часавыя паясы | +2 |
Ла́твія (лат.: Latvija) — дзяржава ў Паўночнай Еўропе. Другая па плошчы і колькасці насельніцтва з трох балтыйскіх краін: меншая за Літву, большая за Эстонію. На поўдні Латвія мяжуе з Беларуссю і Літвой на ўсходзе — з Расіяй, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна абмываецца Балтыйскім морам.
Латвія складзеная з чатырох гістарычных краёў: Курляндыя (Kurzeme) на паўднёвым захадзе, Лівонія (Vidzeme) на паўночным захадзе, Земгалія (Zemgale) на паўночным усходзе і Латгалія (Latgale) на паўднёвым усходзе. Да таго як у 1918 годзе паўстала незалежная латышская дзяржава, тэрыторыя сучаснай Латвіі знаходзілася ў руках немцаў, палякаў, шведаў, рускіх пры кіруючай ролі нямецкай арыстакратыі. У 1940—1990 Латвійская ССР ўваходзіла ў Саюз Савецкія Сацыялістычных Рэспублік.
Латвія адносіцца да краін з невялікай колькасцю насельніцтва, якое пры гэтым працягвае скарачацца. Тэмпы памяншэння колькасці насельніцтва — адныя з самых высокіх у свеце. Дзяржаўная мова — латышская, адна з дзьвюх жывых балтыйскіх моваў. Сталіца Латвіі — Рыга, найбуйнейшы прыбалтыйскі горад. Іншыя вялікія гарады — Даўгаўпілс, Вентспілс.
Латвія — член НАТА (NATO) і Еўрапейскага Саюза, таксама ўваходзіць у Еўразону і Шэнгенскае пагадненне. Аб эканамічных поспехах Латвіі сведчыць яе членства ў Арганізацыі эканамічнага сурацоўніцтва і развіцця, а Сусветны банк адносіць яе да краін з высокім прыбыткам.
Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]
Назва краіны паходзіць ад імя балцкага племені латгалаў, што жылі на ўсходзе сучаснай Латвіі. Ад латгалаў жа паходзяць і ўсе іншыя варыяцыі назвы краіны ў мовах еўрапейскіх народаў: ад Летоніі ў раманскіх мовах да Летланда ў некаторых германскіх.
Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]
Латвія — еўрапейская дзяржава, што мае выхад да Балтыйскага мора. Адзінай думкі аб рэгіянальнай прыналежнасці Латвіі вучоныя не маюць: краіну адносяць як да Усходняй, так і да Паўночнай Еўропы. Агульная працягласць латвійскай мяжы складае 1866 км (з іх 1368 — сухапутная мяжа). На поўдні Латвія мяжуе з Беларуссю і Літвой на ўсходзе — з Расіяй, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна абмываецца Балтыйскім морам, у тым ліку даволі глыбока ўрэзаным у сушу мелкім Рыжскім залівам на паўночным захазде. У Балтыйкім моры Латвія мае марскую мяжу са Швецыяй, Літвой, Эстоніяй. Заходняя тэрыторыя, што выступае ў Балтыйскае мора, разглядаецца некаторымі географамі як Курляндскі паўвостраў.
Прырода[правіць | правіць зыходнік]
Латвія размешчана на заходняй ускраіне Усходне-Еўрапейскай раўніны. Нягледзячы на нязначныя абсалютныя вышыні, латвійскія краявіды багатыя на ўзгоркі і азёры, што абумоўлена стваральнай працай старажытнага ледавіка, паходжаннем якому абявязаны ўзвышшы: Курземскае на захадзе, Латгальская на ўсходзе і Відземскае ў цэнтральнай частцы. Да апошняга належць вышэйшая кропка краіны — узгорак Гайзінькалнс (312 м). Узбярэжжа ж Балтыйскага мора нізіннае і (нешырокая Прыморская нізіна) аднастайна пакатае. Іншыя нізіны разлегліся па берагах буйных рэк і на поўначы краіны.
Латвія знаходзіцца ў пераходнай зоне паміж марскім і кантынентальным кліматам. На Курземскім паўвостраве пераважаюць рысы марскога клімату, кантынентальнасць расце на ўсход не толькі ў сувязі з павелічэннем аддаленасці ад мора, але і з ростам вышыні над яго ўзроўнем. Так на ўзгорак Гайзінькалнс снегавое покрыва кладзецца на 10-15 дзён раней яго больш нізкія ваколіцы.
Буйнейшая рака Латвіі — Даўгава, так латышы называюць Заходнюю Дзвіну. Латвіі належаць 352 км яе ніжняга цячэння. Найбольшую працягласць на тэрыторыі Латвіі мае рака Гаўя (452 км). Азёры пераважна ледавіковага паходжання. Самае буйное возера Латвіі — Лубанс (80,7 кв.км.).
Лясы займаюць 40 % тэрыторыі Латвіі. У тыповым латышскім пейзажы, пушчы чаргуецца з палямі, сядзібамі і лугамі. Плямы раллі перамяжаюцца бярозавымі гаямі. У Латвіі сотні кіламетраў неасвоенага марскога ўзбярэжжа, парослага сасновым лесам, аздобленага нізкамі выдмаў ды белых пяшчаных пляжаў. Каля 9 % тэрыторыі занята балотамі, 70 % з якіх не крануты чалавекам. З фаўны распаўсюджаныя алені, лісы, ласі, ваўкі, бабры. Рэкі Латвіі — дом для буйнейшай ва ўсходняй Балтыі папуляцыі ласосевых рыбаў.
Прырода краіны захоўваецца ў нацыянальных парках. У кожным з чатырох рэгіёнаў Латвіі створаны адзін парк: Гаўя ў Відземе, Кемеры ў Земгале, Слітэрэ ў Курземе і Разнас у Латгале. У 2012 Латвія была другой ў свеце пасля Швейцарыі паводле індэксу экалагічнай эфектыўнасці[3], што азначае як высокую ступень захаванасці экасістэм, так і беражлівае стаўленне да прыроды ў наш час.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Усходні бераг Балтыйскага мора быў заселены пратабалцкімі плямённамі ў ІІІ тыс. да н.э. Старажытныя балты прадавалі металы і бурштын у Рым і Візантыю. У ІХ ст н.э. галоўнымі балцкімі плямёнамі былі: куршы, латгалы, селы, земгалы, на тэрыторыі сучаснай Латвіі існавала 14 асобных княстваў.
У высокім Сярэднявеччы вядомыя як Ліфляндыя або Інфлянты, землі сучаснай Латвіі трапілі пад нямецкі спачатку ўплыў, а пасля — уладу. У XII ст. ўверх па Даўгаве актыўна падымаюцца місіянеры, пасланыя Папскім прастолам, але паганцы-балты не спяшаюцца прымаць хрысціянства. Тады Папы натхняюць нямецкіх рыцараў на крыжовы паход ва ўсходнюю Балтыю (1193). У пачатку ХІІІ ст. крыжакамі заснавана Рыга, а ў пачатку 13 ст. на тэрыторыі сучасных Латвіі і Эстоніі створаны Лівонскі ордэн. У 1282 Рыга становіцца ўсходнім фарпостам гандлёвага Ганзейскага саюза.
Пасля заняпаду ордэна Інфлянты ў 1562 годзе трапілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а пазней — Рэчы Паспалітай, пры гэтым усходняя лагальская зямля засталася ў складзе ВКЛ пад назваю Інфлянцкае ваяводства. У складе Рэчы Паспалітай Лівонія мела значную аўтаномію. У пачатку ХVII ст. паўночная Латвія была заваявана Швецыяй. Латвійскія гісторыкі пазітыўна ацэньваюць швецкі перыяд, у гэты час была створана сетка школаў, абмежавана ўлада мясцовых магнатаў. Да ХVII ст сфармавалася сучасная латышская нацыя. Ад нямецкага і швецкага панавання Латвія атрымала ў спадчыну і лютэранства як нацыянальную рэлігію.
У 18 ст. тэрыторыя Латвіі была паступова далучана да Расійскай імперыяй: паводле Ніштацкага міру Расіі дасталіся Відземе з Рыгаю і Земгале; у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай — Латлагія і Курляндыя. Новадалучныя тэрыторыі мелі вялікую аўтаномію: ўрад, законы, нямецкую мову як дзяржаную. У Балтыі раней за астатнюю Расію быў адменены прыгон — у 1818-19. У сярэдзіне ХІХ ст. шырока разгарнуўся латышскі нацыянальны рух, накіраваны супраць нямецкага засілля; была створана арганізацыя «Маладая Латвія». Паўстанне 1863 Латвію практычна не закранула, але да краіны дакацілася хваля русіфікацыі. Зрэшты, нацыяналісты таго часу не бачылі ў ёй зла і асноўнае, што можна сказаць аб нацыянальным руху канца стагоддзя: ён моцна палявеў. Два стагоддзі Расійскай Імперыі былі адзначаны неверагодным эканамічным бумам: развівалася прамысловасць, будаваліся чыгункі, пашыраўся гандаль. А Рыга стала найбуйнейшым портам імперыі.
Падчас Першай Сусветнай вайны латвійская зямля стала арэнай баявых дзеянняў. 18 лістапада 1918 Латвія абвясціла незалежнасць ад ахопленай рэвалюцыяй Расіі. У 1920 Савецкая Расія прызнала незалежнасць Латвіі. У 1934 Латвія стала аўтарытарнай дзяржавай пад уладай прэзідэнта Карліса Улманіса. 17 ліпеня 1940 Латвія згодна з Пактам Молатава-Рыбентропа была ўключана ў склад СССР на правах рэспублікі.
З 1941 па 1945 гг., падчас Другой сусветнай вайны, нямецкі вермахт акупаваў Латвію, якая стала Генеральнай акругай Латвіяй у складзе Рэйхскамісарыята Остланд. Пачаліся акцыі знішчэння нямецкімі акупантамі яўрэяў, пры падтрымцы дабравольнікаў з латышоў (у прыватнасці, Латышскага легіёна СС), што прывяло да амаль поўнага знішчэння яўрэйскай абшчыны Латвіі. У 1944—1945 краіна была зноў занята савецкім войскам. За гэтым паследвала новая хваля дэпартацый латышоў у глыб СССР.
21 жніўня 1991 года Латвія аднавіла сваю незалежнасць. Урад дзяржавы ўзяў курс на еўраінтэграцыю, не стаў далучацца да пост-савецкага аб’яднання СНД.На працягу 90-х гадоў краіна прайшла праз шэраг маштабовых дэмакратычных і рыначных рэформ. 20 верасня 2003 г. на рэферэндуме 67 % латвійцаў выказаліся за ўступленне краіны ў Еўрапейскі Саюз з 1 мая 2004 г. (Супраць — 32 %, устрымаліся — 0,7 %, прагаласавала 72,5 % маючых права). 29 сакавіка 2004 г. Латвія стала членам НАТА.
Дзяржаўны лад і палітыка[правіць | правіць зыходнік]
Латвія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1922, адноўленая і змадыфікаваная 6 ліпеня 1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 4 гады.
Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сейму (100 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гадоў.
Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]
Да 2009 Латвія мела двухузроўневы падзел, па вышэйшым узроўні яна падзялялася на 26 раёнаў і 7 гарадоў асаблівага статусу. У выніку рэформы ўтвораны адзін узровень адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу: 109 муніцыпалітэтаў (лат. novadi) і 9 рэспубліканскіх гарадоў (лат.: republikas pilsētas).
Адносіны з Беларуссю[правіць | правіць зыходнік]
У снежні 1991 года Рэспубліка Беларусь і Латвійская Рэспубліка падпісалі Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін. У 1993 годзе ў Мінску адкрылася латвійскае пасольства, а ў Рызе — беларускае. У 1994 годзе Беларусь адкрыла генеральнае консульства ў Дзвінску, а Латвія — у Віцебску[4].
У 1993 годзе Латвію наведаў з візітам міністр замежных спраў Беларусі Пётр Кузьміч Краўчанка. У 1995 годзе ў Мінску двойчы пабываў прэм’ер-міністр Латвіі Марыс Гайліс. У тым жа годзе ўпершыню адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі латвійскага парламента. У верасні 1997 года на міжнароднай нарадзе ў Вільні адбылася сустрэча прэзідэнтаў. У 2006 годзе Латвія аб’явіла, што не дапусціць на сваю тэрыторыю вышэйшых службовых асоб Беларусі, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека і дэмакратычных норм.
Латвія з’яўляецца адной з нешматлікіх краін Еўрасаюза, у якія ў XXI стагоддзі здзяйсніў візіт прэм'ер-міністр Беларусі.[5]
У жніўні 1993 года Беларусь і Латвія падпісалі пагадненне аб прыгранічных пунктах пропуску, у лютым 1994 года — пагадненне, якое спрашчае працэдуру пропуску праз мяжу жыхароў прыгранічных тэрыторый. 21 лютага 1994 года ўрады падпісалі Дамову аб мяжы. За аснову мяжы была прынята лінія, якая склалася да моманту ўключэння Латвіі ў склад СССР у 1940 годзе. У маі 1998 года бакі пачалі працэс дэмаркацыі і ў кастрычніку 2006 года завяршылі яго, устанавіўшы апошні памежны знак ля вёскі Карасіна ў Браслаўскім раёне.[4].
Узброеныя сілы[правіць | правіць зыходнік]
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
У канцы 2010-х у Латвіі пражывае каля 2 млн чалавек, гэта больш за Эстонію, але менш за Літву. Да пачатку 1990-х насельніцтва краіны павялічвалася і на сваім піку (1990) дасягнула 2,67 млн чал. Пасля распаду СССР і ўступлення Латвіі ў ЕС колькасць насельніцтва краіны паменшылася на 0,7 млн чал. або на 27 % і працягвае памяншацца. У 2017 годзе ў Латвіі жыло столькі ж народу, колькі ў 1950-м. Падобныя тэмпы дэпапуляцыі ў свеце толькі ў Літвы і Балгарыі. Скарачэнне колькасці насельніцтва мае пад сабою два складнікі: перавышэнне смяротнасці (14,5 на адну тысячу) над нараджальнасцю (9,7) і міграцыйны адток у краіны Заходняй Еўропы (-6). Такім чынам, тэмп змяншэння насельніцтва Літвы ў 2017 склаў −1,08 %[6].
Латвія — шматнацыянальная дзяржава з перавагай тытульнай нацыі. Дадзеныя аб нацыянальным складзе ўзятыя з апошняга перапісу (2011): з дзвюхмільённага насельніцтва краіны 62,1 % складаюць латышы, 26,9 % — рускія, 3,3 % — беларусы, 2,2 % — украінцы, 2,2 — палякі, 1,2 % — літоўцы, 2,1 % — іншыя этнічныя групы (сярод іх эстонцы, немцы, лівы, яўрэі)[7]. Для параўнання: перапіс 1935 года зафіксаваў долю латышоў, роўную 76,9 %, а рускіх — 8,8 %; да Другой Сусветнай вайны вялікую этнічную меншасць складалі прыбалтыйскія немцы, амаль цалкам прымусова рэпатрыяваныя ў Германію ў 1939—1941. Пасля вайны адбываўся магутны прыток працоўных мігрантаў з іншых рэспублік СССР, у асноўным славян, і апошні савецкі перапіс (1989) адзначыў долю латышоў у 52,05 %, а рускіх — 33,96 %, у час незалежнасці рост удзельнай вагі тытульнай нацыі суправаджаецца змяншэннем долі астатніх меншасцяў. Латышы абсалютна пераважаюць у сельскай мясцовасці, у вялікіх гарадах (Рыга, Даўгаўпілс) іх доля меншая за сукупную долю прадстаўнікоў іншых нацый.
У Латвіі дагэтуль здараюцца канфлікты вакол рускай меншасці, прадстаўнікі якой часта адмаўляюцца атрымліваць латышскае грамадзянства па ўстаноўленай працэдуры, якая прадугледжвае іспыт па латышскай мове, а латышскія ўлады парушаюць правы рускіх на навучанне на роднай мове. Прыкладна палова рускамоўных мае статус неграмадзян і пазбаўлены права голасу на выбарах і іншых правоў і свабод. На 2015 год 12,2 % насельніцтва краіны не маюць ніякага грамадзянства.[8]
Паводле некаторых дадзеных[9], Латвія адносіцца да самых нерэлігійных краін свету. Каля 64 % насельніцтва не атаясамлівае сябе ні з якой рэлігіяй. Лютэранства, традыцыйную веру латышоў, спавядае каля 19 % насельніцтва (паводле іншых дадзеных — 34,2 %), яшчэ 15-17 % адносяць сябе да праваслаўных, гэта ў асноўным рускамоўнае насельніцтва. Палякі і літоўцы, а таксама частка латгальскіх латышоў — каталікі (па некаторых дадзеных — да 20 %).[10]
Насельніцтва размешчана па тэрыторыі краіны даволі раўнамерна пры сярэдняй шчыльнасці каля 30 чалавек на кв.км. У 2018 крыху больш за дзве траціны латышоў (68,1 %) пражывалі ў гарадах. Буйнейшы горад Латвіі і ўсёй Прыбалтыкі — Рыга (637 тыс. у 2018) [11]. Наступныя буйныя гарады на парадак меншыя за сталіцу: Даўгаўпілс, 93 тыс.; Ліепая, 76 тыс.; Елгава, 59 тыс.; Юрмала, 50 тыс.[12]
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
Эканоміка сучаснай Латвіі, як і яе балтыйскіх суседзяў, сфармавалася ў выніку перабудовы гаспадаркі з планавага ўзору на рынкавы пасля распаду СССР і наступнай еўраінтэграцыі. Гэтыя працэсы прывялі да скарачэння ўдзельнай вагі галін цяжкай прамысловасці, павелічэння ролі і долі сферы паслуг у ВУП да 75 %[13], імклівага росту агульнага дабрабыту. ВУП на душу насельніцтва па ППЗ у 2018 складае амаль 30000, што крыху меней за Эстонію і Літву. З 2014 Латвія з’яўляецца часткай еўразоны, з 2016 — Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.
Асабліва хуткімі тэмпамі латвійская эканоміка развівалася ў 2000—2007 гг, за што Латвія разам з Літвой і Эстноніяй былі названыя «Балтыйскімі тыграмі». Сусветны крызіс 2008—2009 негатыўна паўплываў на гаспадаркі «тыграў». У 2009 годзе ВУП Латвіі скараціўся на 14 %, і, нягледзячы на ўстойлівы рост эканомікі пачынаючы з 2011, толькі да 2017 года краіна здолела вярнуцца на дакрызісны ўзровень. Да сур’ёзных выклікаў, з якімі прыходзіцца змагацца сучаснай латвійскай эканоміцы, адносяцца высокі ўзровень карупцыі, што дасюль адпужвае інвестараў[14]; а таксама дэпапуляцыя і эміграцыя, што адмоўна адбіваюцца на колькасці і якасці працоўнай сілы. У Латвіі адзін з найвышэйшых у ЕС паказчыкаў эканамічнай няроўнасці.
У складзе СССР Латвія вылучалася развітым цяжкім машынабудаваннем, тут збіраліся электрацягнікі (Рыга), мікрааўтобусы (Елгава). Сённяшняя Латвія — невялікая краіна з адкрытай эканомікай, інтэграванай у агульнаеўрапейскую гаспадарку, з коштам экспарту большым за палову ВУП[15]. Найважнейшай галіной прамысловасці Латвіі застаецца машынабудаванне, прычым, на першае месца ў складзе галіны ў ХХІ стагоддзі высунулася электроніка; ажыццяўляецца зборка аўтамабіляў. Іншыя галіны прамысловасці: фармацэўтыка, вытворчасць мэблі і тэкстыльная прамысловасць. Апроч таго, важную ролю маюць марское рыбалоўства, сельская гаспадарка і звязаная з імі харчовая прамысловасць. Латвія мае тры вялікіх гідраэлектрастанцыі на Даўгаве: Плявіньская ГЭС (825 МВт), Рыжская ГЭС (402 МВт) і Кегумская ГЭС (192 МВт). У апошнія гады пабудавана некалькі дзясяткаў ветраных электрастанцый рознага маштабу.
Выгаднае эканоміка-геаграфічнае становішча дазваляе зарабляць на транзіце нафты і нафтапрадуктаў з Расіі і Беларусі. Традыцыйна вялікае значэнне мае турызм, што зноў перажывае рост пасля атрымання незалежнасці.
У знешнім гандлі для Латвіі характэрны ўстойлівы адмоўны баланс (-7 млрд долараў у 2016). Аснову экспартнай прадукцыі складаюць драўніна і вырабы з яе, прадукцыя харчовай прамысловасці і машынабудавання. Найважнейшыя гандлёвыя партнёры Латвіі — краіны Паўночнай Еўропы (безумоўна, у першую чаргу тут вылучаюцца балтыйскія суседзі (28 % экспарту і 18 % імпарту ў 2016)); Расійская Федэрацыя (24 % імпарту, у першую чаргу, вуглевадародаў), Польшча, Германія[16]. Доля Беларусі ў латвійскім экспарце складае 0,94 %, у імпарце — 1,23 %.
Транспарт[правіць | правіць зыходнік]
Транспартная інфраструктура Латвіі добра развітая. Цэнтр транспартнай сеткі — сталіца Рыга.
Чыгунка[правіць | правіць зыходнік]
За апошнія 10 гадоў чыгунка перажыла вялікае зніжэнне пасажырапатоку. Найбуйнейшае прадпрыемства чыгункі — LDZ (Latvijas dzelzceļš). Важнымі застаюцца таварныя перавозкі да балтыйскіх портаў, прыгарадныя электрычкі ў Рыжскай агламерацыі, пасажырскія перавозкі з Рыгі ў Даўгаўпілс, а таксама з Рыгі ў Вільнюс, Каўнас, Мінск, Маскву і Санкт-Пецярбург.
Авіяцыйны транспарт[правіць | правіць зыходнік]
Буйнейшы аэрапорт краіны знаходзіцца ў Рызе. Таксама там размешчана найбуйнейшая авіякампанія Латвіі — airBaltic, што ажыццяўляе рэйсы ў Скандынавію, краіны Цэнтральнай Еўропы і іншыя краіны Прыбалтыкі.
Аўтамабільны транспарт[правіць | правіць зыходнік]
Латвія мае прамянёвую сістэму шашэй з цэнтрам у Рызе. Важнае значэнне мае аўтастрада Via Baltica, што ідзе праз усю краіну з поўначы на поўдзень праз Рыгу.
Марскі транспарт[правіць | правіць зыходнік]
Марскі транспарт на Балтыцы — важны складнік транспартнай сістэмы рэгіёна з Сярэднявечча. Марскія парты Латвіі — Рыга, Вэнтспілс і Ліепая. Паромныя маршруты злучаюць Латвію з краінамі Скандынавіі, Польшчай, Германіяй. Апроч таго, багата марскіх камунікацый ідуць уздоўж латышскга ўзбярэжжа.
Культура і грамадства[правіць | правіць зыходнік]
За сваю гісторыю Латвія трапляла пад культурныя ўплывы розных краін. Найбольш яскравы ўплыў краін Паўночнай Еўропы. Архітэктура старых гарадоў тыповая для гарадоў Ганзы. Таксама і сучасная латышская культура мае шчыльныя сувязі з шведскай, фінскай і, асабліва, нямецкай культурамі.
Важную ролю ва ўтварэнні культурнага ландшафту Латвіі адыграла расійскае панаванне, што доўжылася амаль два стагоддзі. Руская мова дагэтуль вельмі пашыраная ў краіне, асабліва ў гарадах і на ўсходзе, сярод рускіх і іншых нацыянальных груп, што складаюць да 40 % насельніцтва.
Частка сучаснай Латвіі вакол Даўгапілса (Латгалія) гістарычна была населена беларусамі, уваходзіла ў Полацкае княства і нават была ўключана ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Сам Даўгапілс мае адпаведную беларускую назву — Дзвінск.
Апроч таго, у Латвіі пражывае народнасць ліваў колькасцю 1.500 чалавек, перш за ўсё ў Рызе і некаторых прыморскіх вёсках.
Пануючай у Латвіі рэлігіяй пасля Рэфармацыі стала лютэранства, за выняткам пераважна каталіцкай Латгаліі. Сярод рускамоўных латвійцаў пашыранае праваслаўе. Колькасць рэгулярна наведваючых царкву ў Латвіі сёння вельмі малая, ці не самая нізкая ў Еўропе. Латышская лютэранская царква вельмі кансерватыўная і адмаўляе жанчынам у праве прапаведаваць, у чым яна супярэчыць з латышскай лютэранскай царквой у замежжы ў Швецыі і іншых краінах. Вялікую ролю граюць абрады і элементы традыцыйных балцкіх вераванняў.
Самае яскравае народнае свята ў латышоў — Купалле (Ligo), з якім таксама звязана шмат звычаяў і абрадаў.
Латвія знакамітая сваёй культурай народных спеваў. Тыповая латышская форма спеваў — Дайны, чатырохрадковыя, невершаваныя спевы на розныя тэмы, ад міфалагічных да пабытовах сюжэтаў. Этнографамі было сабрана больш за мільён народных дайнаў, што ёсць рэкордам, зважаючы на колькасць насельніцтва невялікай Латвіі. Запіс дагэтуль перадаваных у вуснай форме дайнаў пачаў напрыканцы 19 ст. Крыш’яніс Баронс; сабраная ім для гэтага Шафа Дайнаў дагэтуль з’яўляецца свайго кшталту нацыянальнай святыняй.
Кожныя 5 год у Рызе (за савецкім часам — за мяжой) праходзіць вялікае Спеўніцкае свята, у якім бяруць удзел тысячы латышскіх і замежных хораў, хораў латышскае дыяспары.
Як і ў Эстоніі, гарадская культура і буйныя паны ў Латвіі былі да Рэвалюцыі 1917 года нямецкамоўнымі. Таксама нямецкамоўнаю была інтэлігенцыя. Падчас Другой Сусветнай вайны нямецкая меншасць была вывезена ў Германію. Таксама амаль не засталося ў Латвіі пасля Другой Сусветнай вайны яўрэяў.
Цікавае[правіць | правіць зыходнік]
Паводле некаторых вучоных, у Латвіі ў 1510 годзе была ўстаноўлена першая яліна ў свеце. Іншая тэорыя адносіць гэта вынаходніцтва да Страсбурга ў французскім Эльзасе.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
Зноскі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html
- ↑ http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=60&pr.y=11&sy=2016&ey=2023&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=941%2C946%2C939&s=NGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
- ↑ https://archive.is/20120605011220/http://epi.yale.edu/epi2012/rankings
- ↑ 4,0 4,1 Аляксандр Ціхаміраў. Рыгу падштурхоўваюць адліга і крызіс// Пагоня. 9 сакавіка 2009
- ↑ Сідорскі здзяйсняе працоўны візіт у Латвію
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html
- ↑ http://pop-stat.mashke.org/latvia-ethnic-comm2011.htm
- ↑ http://www.pmlp.gov.lv/lv/assets/documents/statistika/01.01.2015/ISVP_Latvija_pec_VPD.pdf
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html
- ↑ https://www.csb.gov.lv/sites/default/files/publikacijas/2015/Nr%2012%20Latvijas%202011.gada%20Tautas%20skaitisanas%20rezultati_Results%20of%20the%202011%20Population%20and%20housing%20census%20in%20Latvia%20(15_00)_LV_EN.pdf
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=132&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
|