Перайсці да зместу

Спартыўнае поле

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Стадыён Спартыўнае поле)

«Спартыўнае поле» (укр.: Спортивне поле) — першы стацыянарны стадыён у Кіеве. Урачыста адкрыты 12 жніўня 1912 года.

Адсутнасць у горадзе стадыёна замінала развіццю фізкультуры і спорту, мясцовыя спартсмены не мелі магчымасці прымаць каманды з іншых гарадоў. У 1912 годзе восем энтузіястаў стварылі кансорцыум і ўзялі на Лук’янаўцы ў землеўласніка Ф. М. Яснагурскага ўчастак зямлі ў арэнду. Тут, паміж вуліцамі Дзікай (цяпер вул. Арцёма), Філіпаўскай і Манастырскай яны пабудавалі стадыён «Спартыўнае поле» на ўзор парыжскага «Стад-дэ-прэнс». Стадыён меў крытыя трыбуны на 1 тыс. месцаў, адкрытыя трыбуны з услонамі на 1750 месцаў, а таксама пляцоўку на 2 тыс. стаячых месцаў. Гэты першы ў горадзе спецыялізаваны спартыўны будынак меў магчымасць прымаць спаборніцтвы па футболу, лёгкаатлетычнаму і канькабежнаму спорту, а таксама веласіпедныя і матацыклетныя гонкі.

12 жніўня 1912 стадыён быў урачыста адкрыты. Спартыўнае поле было ўпрыгожана святочнымі сцяжкамі і стужкамі, усе трыбуны былі поўнасцю запоўненыя гледачамі. Адкрываў стадыён вайсковы аркестр і хор пад кіраўніцтвам П. Г. Ганчарова. У гэты дзень адбыліся спаборніцтвы па шмат якіх відах спорту, але галоўнай падзеяй стаў футбольны матч, у якім сустрэліся чэшская «Славія» і футбольная каманда кіеўскага спартыўнага клуба «Старт». Сустрэча завяршылася нічыёй — 0:0. Свята завяршылася вялікім феерверкам.

I Усерасійская алімпіяда (1913)

[правіць | правіць зыходнік]

На лета 1913 года ўрад Расійскай імперыі запланаваў правесці ў Кіеве 1-ую Усерасійскую алімпіяду, на арганізацыю спаборніцтваў было вылучана 10 тыс. рублёў. 13 ліпеня Алімпійскі камітэт у канторы натарыуса О. М. Барабікіна заключыў дагавор арэнды Спартыўнага поля, на якім мусіла адбыцца асноўная частка спаборніцтваў. Ужо да канца месяца былі падрыхтаваныя да спаборніцтваў трыбуны, велатрэк, бегавыя дарожкі, гімнастычны інвентар. Асаблівая ўвага надавалася будаўніцтву ложы для выбраных гасцей, яе ўсталявалі на ўзвышэнні, дэкарыравалі па апошняй модзе і ўпрыгожылі колерамі дзяржаўнага сцяга. Акрамя цэнтральнай, былі пабудаваныя ложы для гледачоў, за якія бралася плата па 10 руб. за месца. За месцы для сядзення плата бралася ў залежнасці ад блізкасці да цэнтральнай ложы — ад 5 руб. да 75 кап. за месца. Бралася плата і за стаячыя месцы — 50 кап. з гледача.

У праграму спаборніцтваў на стадыёне ўвайшлі: дзесяцібор’е, крос-кантры (бег з натуральнымі перашкодамі), футбол, гонкі на веласіпедах і матацыклах, гімнастыка і інш. У алімпіядзе прымалі ўдзел толькі чатыры футбольныя каманды. У фінале зборная Політэхнічнага інстытута перамагла каманду «Славія» і атрымала прыз — Срэбны Кубак горада Кіева.

З далейшага лёсу стадыёна вядома толькі тое, што ён згарэў падчас Першай сусветнай вайны.

  • Перший стадіон в Києві // Старт. — 1987. — № 8.
  • Рибаков М. О. Невідомі та маловідомі сторінки історії Києва — К.: Кий, 1997. ISBN 966-7161-15-3.
  • «Дзеркало тижня». — 2003. — 30 серпня — 5 вересня.
  • Київ. Історична енциклопедія. З найдавніших часів до 1917 року.