Перайсці да зместу

Сініца-апалоўнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сініца-апалоўнік
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Aegithalos caudatus Linnaeus, 1758

Сінонімы
Acredula caudata
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  558441
NCBI  73327
EOL  45515414

Сініца-апалоўнік, сінюха доўгахвостая[1] (Aegithalos caudatus) — невялікая птушка з сямейства даўгахвостых сініц.

Даўжыня цела складае каля 14-15 сантыметраў. Важыць птушка ад 7 да 10 грамаў. Хвост сама меней такі ж доўгі, як і астатняе цела, з белымі крайнімі рулявымі. Вялікая зменлівасць афарбоўкі. У апярэнні спалучаюцца белы, чорны, буры, шэры, ружовы і рыжы колеры. Верх галавы белы (у паўночна- і ўсходнееўрапейскага падвіду галава цалкам белая). Вузкае коль­ца го­лай скуры паабапал вока аранжавае ці чырвонае. Дзюба кароткая, патоўшчаная, некалькі сціснутая з бакоў. Кры­лы кароткія, закруг­леныя.

Палавы дымарфізм не выражаны. Маладыя без іржавага колеру, на шчоках цёмная шырокая паласа.

Адрозніваюць каля 20 падвідаў.

Арэал: Еўропа, Малая Азія, Цэнтральная і Усходняя Азія (праз Паўднёвую Сібір да Камчаткі і Японіі), Блізкі Усход, месцамі сустракаецца на паўднёвым захадзе Кітая і захадзе Ірана. Аселы від, усходнія папуляцыі часам інвазійна качуюць.

Насяляе ўскрайкі не вельмі густых лясоў рознага тыпу, пераважна падмоклыя, з добра развітым падростам. На захадзе і поўдні Еўропы таксама кусцікавыя мясціны, калючыя зараснікі, ядловец, макія, паркі, сады. У Альпах даходзіць да 1800 м.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Кормяцца галоўным чынам членістаногімі, у по­шуках якіх абследуюць самыя тонкія галінкі кроны дрэў; у халодную пару года паядаюць так­сама насенне і дробныя плады.

Манагамы, сямейныя чародкі захоўваюцца да наступнай вяс­ны, качуюць у межах тэрыторыі, якую ахоўваюць.

Вышыня і месца размяшчэння гняда вельмі разнастайныя (ад некалькі сантыметраў — у кустах ядлоўца або густой ажыны, да некалькіх метраў у развілцы бакавых галін елкі або тоўстых галін бярозы). Гняздо закрытае, падоўжанай формы з адтулінай угары крыху збоку (часам 2 уваходы), з зялёнага моху з дамешкам раслінных валокнаў і валасоў. Знешняя частка, якая дасканала маскіруе гняздо, з лішайнікаў, павуціння і коканаў насякомых. Высцілка багатая, з дробных пёраў. Дыяметр гнязда 8,5—12 см.

Яйкі (8-12, часам 5-16), авальныя, часцей з крыху завостраным вузейшым канцом, белыя з дробнымі, светла-чырвонымі крапінкамі (могуць быць крапінкі ў форме крыху бачнага венчыка); часам зусім белыя. Памеры: 14 × 11 мм.

Самка наседжвае каля 15 сутак. Птушанят у гняздзе па́ра бацькоў корміць 14-18 сутак, часта ім дапамагаюць асобіны, якія не размнажаліся.

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с. — у крыніцы пад назвай Acredula caudata
  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.