Перайсці да зместу

Альпы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Альпы
фр. Alpes, ням. Alpen, італ. Alpi, славенск. Alpe
Альпы — здымак з космасу
Альпы — здымак з космасу
Краіны
Перыяд утварэнняАлігацэн 
Плошча190 000 км²
Даўжыня1 200 км
Шырыняда 260 км
Найвышэйшая вяршыняМанблан 
Найвышэйшы пункт4808 м 
Альпы (Еўропа)
Альпы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Альпы (фр.: Alpes, ням.: Alpen, італ.: Alpi, славенск.: Alpe, англ.: Alps) — найвышэйшая горная сістэма ў Еўропе.

Складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў працягнулася дугой ад Міжземнага мора да Сярэднедунайскай раўніны. Даўжыня каля 1200 км, шырыня да 260 км, найбольшая вышыня — 4807 м (г. Манблан). Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе больш вышынныя Заходнія Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія Альпы[1]. Горная сістэма размяшчаецца на тэрыторыі 8 краін: Францыі, Манака, Італіі, Швейцарыі, Германіі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна і Славеніі.

Дзякуючы месцазнаходжанню ў цэнтры Заходняй Еўропы, Альпы з’яўляюцца адной з найболей вывучаных горных сістэм. З імі звязаны такія паняцці, як альпійскі пояс, альпійская складкавасць, альпійскі рэльеф, альпійскія лугі, альпінізм.

Адзінай думкі аб паходжанні назвы Альпы няма. Словам Alpes кельты называлі ўсе высокія горы. Меркавана, да кельтаў яно трапіла з Рымскай імперыі[2].

Па адной з версій, лацінскае слова Alpes, якое ўтварылася ад Albus (Белы), выкарыстоўвалася яшчэ ў I стагоддзі да нашай эры для пазначэння гор, пакрытых снегам. Іншая здагадка кажа пра тое, што назва ўтварылася ад слоў Al ці Ar, што азначала высакагорную мясцовасць. Слова Alpe у сучасных французскай і італьянскай мовах азначае Горная вяршыня, роўна як і Alp у нямецкай[3].

Слова Alpeis, ці Alpes, выкарыстоўвалася для пазначэння высокіх гор і горных масіваў навукоўцамі Старажытнай Грэцыі і Старажытнай Візантыі. У прыватнасці, Пракопій Кесарыйскі, візантыйскі пісьменнік VI стагоддзя, заве ў сваіх сачыненнях Альпы і Пірэнеі адной назвай, Geminas Alpeis. Іншыя горы зваліся падобнымі назвамі (Карпацкія горы — Basternikae Alpes)[4]. У нязменным выглядзе гэта слова захавалася ў сучаснай грэчаскай мове — Άλπεις (Alpeis).

Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу. Восевая зона гор сфарміравана старажытнымі крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніт) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый.

Тэктанічная карта міжземнаморскага рэгіёна

Працэс фарміравання горнага ланцуга можна падзяліць на некалькі этапаў. Структура Альп складаецца з горных парод еўрапейскага, афрыканскага і акіянічнага паходжання[5][6].

Аналіз найстарэйшых горных парод у глыбіні Альп, у прыватнасці, цырконію, паказвае, што яны пачалі фармавацца ў канцы пратэразоя — пачатку кембрыйскага перыяду. У гэты ж час пачалося збліжэнне мацерыкоў Гандвана і Лаўразія. Да пермскага перыяду ішло пераважна фармаванне складу горных парод, якія цяпер залягаюць глыбока пад Альпамі. У гэты перыяд з’явіліся герцынскія структуры[7].

Утварэнне суперкантынента Пангея завяршылася ў канцы каменнавугальнага перыяду пры сутыкненні мацерыкоў Гандвана і Лаўразія. Будучыя Альпы знаходзіліся ў месцы сутыкнення дзвюх тэктанічных пліт, пры гэтым іх усходняя частка апынулася на дне старажытнага акіяна Палеатэціса[8][9][10]. Раннепермскі перыяд характарызаваўся павышанай вулканічнай актыўнасцю, што прывяло, разам з уплывам вятроў і ападкаў, да разбурэння герцынскіх складчатасцей[9].

Да сярэдзіны трыясавага перыяду кантынентальны рыфтагенез Афрыкі і Еўропы спарадзіў старажытны акіян Паратэціс. У канцы юрскага перыяду акіян адступіў з тэрыторыі сучасных Паўднёвых Альп, пакінуўшы характэрныя вапняковыя адклады. У гэты ж час у бок Еўропы ад Афрыкі пачала рухацца Адрыятычная пліта, якая выклікала ўтварэнне акіянічных упадзін ва Усходніх Альпах. У наш час пліта працягвае рухацца ў бок Еўропы, у прыватнасці, Перыядрыятычны разлом у Альпах ляжыць на мяжы пліт[9][11].

У мелавым перыядзе распачалося асноўнае гораўтварэнне. Працэс развіваўся перш ва ўсходнім рэгіёне Альп і паступова прасунуўся на захад, ён атрымаў назву альпійскай складкаватасці[6].

На гары Матэрхорн можна ўбачыць пласты парод, што адносяцца да розных геалагічных эпох.

Вылучаюць тры асноўныя рэгіёны Альп, адрозных па структуры і геалагічным складзе: Заходнія, Усходнія і Паўднёвыя Альпы. Заходнія Альпы ўяўляюць сабою наймалодшую вобласць з кайназойскімі адкладамі, якая характарызуецца высокімі вострымі пікамі, складзенымі з крышталічных і метамарфічных парод. Высокая вобласць Альп характарызуецца пашырэннем горна-ледавіковага рэльефу і сучаснага зледзянення. Усходнія Альпы ніжэйшыя і пакатыя, з адкладамі мезазойскай эры, у асноўным мелавога перыяду[6][12].

Карысныя выкапні

[правіць | правіць зыходнік]

Альпы з’яўляюцца крыніцай мінералаў, якія здабываюцца чалавекам на працягу некалькіх тысяч гадоў. У эпоху культуры Hallstatt (VIII—VI стагоддзі да нашай эры) кельцкія плямёны здабывалі медзь, а пазней рымляне здабывалі золата для манет у Бад Гаштайнскай вобласці. Радовішча ў Штырыі з’яўляецца крыніцай высакаякаснай жалезнай руды для сталеліцейнай прамысловасці. Апроч таго, на тэрыторыі большай часткі альпійскага рэгіёна сустракаюцца крышталі такіх мінералаў, як кінавар, аметыст і кварц. Паклады кінавары ў Славеніі з’яўляюцца важнай крыніцай розных пігментаў кінавары[10].

Папярочнай далінай паміж Бодэнскім возерам і возерам Кома Альпы падзяляюцца на больш высокія Заходнія Альпы (вышыня да 4 808 м, гара Манблан) і ніжэйшыя і шырокія Усходнія Альпы (вышыня да 4 049 м, гара Берніна).

Варта адзначыць, што ў французскай традыцыі заміж адзіных Заходніх Альп прынята вылучаць Заходнія і Цэнтральныя. У такой мадэлі межы паміж трыма часткамі Альп практычна супадаюць з дзяржаўнымі: Заходнія Альпы апынаюцца галоўным чынам ва Францыі, Цэнтральныя — у Швейцарыі, Усходнія — у Аўстрыі.

Ніжэй даецца спіс асноўных раёнаў Альп. Варта мець на ўвазе, што ён носіць шмат у чым умоўны характар, бо розныя крыніцы праводзяць адпаведныя межы па-рознаму.

У сваю чаргу, існуе і больш дробнае дзяленне гэтых раёнаў. Так, прыкладам, паўночней Інсбрука вылучаюць Ветэрштайнгебірге і Карвендэльгебірге, а паўднёвей — Штубаеральпен і Туксеральпен[13].

Самыя высокія вяршыні

[правіць | правіць зыходнік]
Гара Манблан, кастрычнік 2004.
Назва Вышыня, м Месцазнаходжанне
Манблан 4810,45 м Грайскія Альпы
Монтэ-Роза 4634 м Пенінскія Альпы
Дом 4545 м Пенінскія Альпы
Вайсгорн 4505 м Пенінскія Альпы
Матэргорн 4478 м Пенінскія Альпы
Гран-Камбен 4314 м Пенінскія Альпы
Фінстэрааргорн 4273 м Бернскія Альпы
Алечгорн 4192 м Бернскія Альпы
Бар-дэз-Экрэн 4102 м Альпы Дафінэ
Гран-Парадызо 4061 м Грайскія Альпы
Берніна 4049 м Рэтыйскія Альпы
Вайсміс 4023 м Пенінскія Альпы

Альпы — важны кліматападзел Еўропы.

На поўнач і захад ад Альп размяшчаюцца тэрыторыі з умераным кліматам, на поўдзень — субтрапічныя міжземнаморскія ландшафты. Клімат розных альпійскіх рэгіёнаў залежыць ад вышыні, становішча і кірунку ветру. Улетку ў Альпах бываюць гарачыя дні, якія змяняюцца халоднымі вечарамі. Раніцай у горах звычайна сонечна, пасля абеду набягаюць аблокі. Зіма прыносіць частыя снегапады і працяглыя перыяды нізкай тэмпературы. Клімат на паўночным боку Альп халаднейшы і вільготны, а на паўднёвай — наадварот, цяплейшы і сухі. Сярэдняя тэмпература ліпеня — ніжэй за +14 °C, студзеня — да −15 °C. Выпадае 1 000 мм ападкаў у год. Снег трымаецца на раўнінах ад аднаго да шасці месяцаў у годзе. На працягу большай часткі зімы ў далінах трымаюцца туманы. Для Альп характэрныя мясцовыя вятры. Найважнейшы з іх — цёплы і сухі фён, які ўтвараецца ў выніку спуску паветраных мас па горных схілах і іх сціску, суправаджаецца адыябатычным нагрэвам. Гэта істотна павялічвае мясцовую тэмпературу, што прыводзіць да рэзкага раставання снягоў і частых лавін, што ўяўляе пагрозу для жыцця людзей і можа адразаць ад навакольнага свету цэлыя горныя раёны. У той жа час фён стварае ўмовы для земляробства на значна большых абсалютных вышынях, чым у тых месцах, дзе яго не бывае.

Зорнае неба ў Альпах.

Клімат і глебава-расліннае покрыва Альп маюць выразна выяўленую вертыкальную занальнасць. Альпы пабіты на пяць кліматычных паясоў, кожны з якіх адрозніваецца тыпам навакольнага асяроддзя. Клімат, раслінны і жывёльны свет маюць адрозненні ў розных кліматычных паясах Альп. Зона горнага масіву вышэй 3 000 метраў завецца нівальнай зонай. Гэта вобласць, якая мае халодны клімат, увесь час пакрыта шматгадовым снегам. Таму ў нівальнай зоне практычна адсутнічае расліннасць.

Альпійскія лугі ляжаць на вышыні ад 2 000 да 3 000 метраў. Гэта зона не такая халодная, як нівальная зона. Для альпійскіх лугоў характэрная спецыфічная нізкарослая расліннасць, а таксама расліннасць, якая ўтварае «травяныя падушкі». Гэта збліжае дадзены тып экасістэм з тундравымі, дзякуючы чаму альпійскія лугі таксама завуць «горнай тундрай».

Пераход Суворава праз Альпы ў 1799 годзе.

Крыху ніжэй за альпійскую зону месціцца субальпійскі пояс, на вышыні ад 1 500 да 2 000 метраў. У субальпійскай зоне растуць яловыя лясы, тэмпература навакольнага асяроддзя павольна павялічваецца. Тэмпература ў субальпійскім поясе падымаецца летам максімум да +24 °C у гарачыя сонечныя дні, а звычайна не дасягае 16 °C. Замаразкі магчымыя ў любую пару года.

На вышыні ад 1 000 да 1 500 метраў размешчана ўмераная зона. Мільёны дрэў дуба растуць у гэтай зоне. Таксама тут займаюцца сельскай гаспадаркай.

Ніжэй за 1 000 метраў — нізіна, якая характарызуецца вялікай разнастайнасцю расліннасці. Сёлы таксама месцяцца ў нізіне, бо тэмпературны рэжым з’яўляецца прыдатным для жыццядзейнасці людзей і жывёл.

Фізічная карта Альп.

Альпы — важны гідраграфічны вузел Еўропы, тут бяруць пачатак рэкі басейнаў Чорнага, Міжземнага і Паўночнага мораў. У Альпах знаходзяцца вытокі буйных рэк (Рэйна, Роны, По, Адыджэ, правых прытокаў Дуная). Яны шматводныя, маюць хуткае цячэнне.

Багатыя Альпы і азёрамі. Буйнейшыя вадаёмы (Бодэнскае, Жэнеўскае, Кома, Лага-Маджорэ і іншыя) ляжаць у перадгор’ях, маюць ледавіковае і тэктоніка-ледавіковае паходжанне. Іх катлавіны ўяўляюць сабой канцавые басейны гіганцкіхх ледавікоў, якія спускаліся з Альпаў у плейстацэне. Шмат невялікіх каравых азёр знаходзіцца ў высакагор’ях.

Ледавікі (глетчары)

[правіць | правіць зыходнік]

Для альпійскага пояса характэрна значнае пашырэнне горна-ледавіковых формаў рэльефу. У горах, на вышыні больш за 3 000 метраў над узроўнем мора, зімой вывальваецца больш снегу, чым можа растаць. У тых месцах, дзе снег ляжыць круглы год, з-за ціску снегу, раставання і замярзання яго верхняга пласта ўтвараецца грунт ледавіка. Паступова, па меры сцякання вады па паверхні ледавіка, лёдавыя пляцоўкі прасоўваюцца ў глыб даліны. Лёд спаўзае, па дарозе разбурае верхні пласт глебы, адрывае і выносіць з сабой частку камянёў, пяску ці грунту. Паверхня ледавіка пакрыта расколінамі рознай велічыні.

Лінія вечнага снегу ляжыць на поўначы на вышыні 2,5 км, а на поўдні — ад 3 да 3,2 км. Агульная плошча сучаснага зледзянення — 4 140 км². Ледавікоў у Альпах каля 1 200, найбольшы — Алечскі ў Бернскіх Альпах з плошчай 169 км². Ад ледавікоў бяруць пачатак рэкі: Рона, Рэйн і іншыя.

Вышынная пояснасць

[правіць | правіць зыходнік]

Добра выяўлена вышынная пояснасць ландшафтаў. Выдзяляецца пяць вышынных паясоў.

Да вышыні 800 метраў клімат умерана цёплы, на паўднёвых схілах — міжземнаморскі, шмат вінаграднікаў, садоў, палёў, міжземнаморскія хмызнякі і шырокалісцевыя лясы. На вышыні 800 — 1 800 метраў клімат умераны, вільготны; шырокалісцевыя лясы з дуба і букаа на шляху ўверх паступова замяшчаюцца хвойнымі. Да вышыні 2 300 метраў цягнецца так званы Субальпійскі пояс з моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй, да мяжы вечных снягоў — так званы альпійскі пояс з халодным кліматам, перавагай нізкіх зрэджаных альпійскіх лугоў, большую частку года пакрытых снегам. Яшчэ вышэй — нівальны пояс з ледавікамі, снежнікамі, камяністымі схіламі.

Гальштат

На 2001 год агульная колькасць насельніцтва ў Альпах складала 12 мільёнаў 300 тысяч жыхароў, вялікая частка з якіх французы, немцы і італьянцы. Таксама істотнай абшчынай з’яўляюцца славенцы.

Самыя вялікія гарады ў Альпах: Грэнобль (Францыя) з насельніцтвам 155 100 чалавек, Інсбрук (Аўстрыя) — 127 000 чалавек, Трэнта (Італія) — 116 893 чалавек і Бальцана (Італія) — 98 100 чалавек.

Ахова навакольнага асяроддзя

[правіць | правіць зыходнік]

Штогод у горных раёнах высякаюцца вялікія плошчы лесу для будавання лыжных трас і баз адпачынку, што парушае натуральную раўнавагу ў горах. Дрэвы маюць вялікае значэнне для прадухілення эрозіі глебы, а іх ствалы змяншаюць лавінанебяспечнасць. Высечка лясоў прыводзіць да лавін і селяў, ахвярамі якіх у 1987 годзе на працягу 20 дзён стала больш за 60 чалавек. Прычынай змяншэння плошчы лясоў, апроч высечкі, робяцца атрутныя выкіды фабрык і выкарыстанне ў горах цяжкай тэхнікі. Дрэвы слабеюць і лягчэй паддаюцца хваробам і ўраганам. Па ацэнках навукоўцаў, знішчана прыкладна 60-80 % альпійскіх лясоў. Пагаршэнне стану асяроддзя негатыўна ўплывае на жыццё жывёл і раслін. Ва ўсіх краінах, дзе ёсць Альпы, былі арганізаваны ахоўныя рэгіёны.

Італьянскія Альпы

Альпы — раён міжнароднага альпінізму, гарналыжнага спорту і турызму. Як улетку, так і ўзімку Альпы папулярныя як месца для турызму і спорту. Гарналыжны спорт, сноўборд, катанне на санках, шпацыры на снегаступах, лыжныя туры даступныя ў большасці рэгіёнаў са снежня па красавік. Улетку Альпы карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў, раварыстаў, парапланерыстаў, альпіністаў, тым часам як многія з альпійскіх азёр прыцягваюць плыўцоў, яхтсменаў і сёрфінгістаў. Нізінныя рэгіёны і буйныя гарады Альп добра злучаны аўтамагістралямі і хуткаснымі дарогамі, але вышэй у гарах перавалы і аўтамабільныя трасы могуць быць небяспечнымі нават улетку. Многія горныя перавалы зачынены ў зімовы перыяд. Развіццю турызму спрыяе вялікая колькасць аэрапортаў па ўсіх Альпах, а таксама добрае чыгуначнае злучэнне з усімі суседнімі краінамі. Альпы звычайна наведвае больш за 50 мільёнаў турыстаў штогод.

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  2. George William Lemon. English Etymology. — G. Robinson, 1783. — 693 с.
  3. Этимология названий гор на сайте официальном инфопортале Швейцарии (руск.). swissworld.org. Праверана 27 сакавіка 2015.
  4. Joseph Spence, Edward Holdsworth, William Warburton, John Jortin. Miscellanea Virgiliana, in scriptis maxime eruditorum virorum varie dispersa, in unum fasciculum collecta. — W.P. Grant, 1825. — С. 128. — 308 с.
  5. Graciansky 2010, с. 29.
  6. а б в Piaz 2003, с. 179-180.
  7. Piaz 2003, с. 178-179.
  8. Graciansky 2010, с. 1-2.
  9. а б в Piaz 2003, с. 179.
  10. а б Shoumatoff 2001.
  11. Schmid 2004, с. 97.
  12. Schmid 2004, с. 97-99.
  13. Der Grose ADAC Alpenführer — 1992. ADAC Verlag GmbH, München. ISBN 3-87003-470-X