Таварыства аматараў старажытнасцей і народазнаўства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Таварыства аматараў старажытнасцей і народазнаўства
Дата заснавання 1899
Дата роспуску 1907
Тып арганізацыя

Таварыства аматараў старажытнасцей і народазнаўства (польск.: Towarzystwo Miłośników Starożytności i Ludoznawstwa), таксама вядомае як Археалагічны гурток (польск.: Kółko Archeologiczne) — польская навукова-асветніцкая арганізацыя ў Вільні, таксама вядомая як археалагічны гурток. Створаная ў 1899 годзе Станіславам Булгароўскім, Станіславам Мураўскім, Люцыянам Уземблам. У 1907 годзе арганізацыя спыніла сваё існаванне.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Сябры Таварыства галоўнай сваёй мэтай паставілі збор народных рэліквій, культурных спадчыны, а таксама іх абарону ад знішчэння альбо вывазу з Вільні. Памятаючы, які лёс напаткаў Віленскую археалагічную камісію і музей старажытнасцей, сваю арганізацыю не рэгістравалі і працавалі канспіратыўна. Рэгулярныя пасяджэнні праходзілі ў прыватных дамах сяброў[1].

Праект стварэння такой арганізацыі ўзнік у 1898 годзе, а ініцыятарамі былі Люцыян Узембла (1864—1942), літаратар, калекцыянер і аматар старажытнасцей Вільні; Станіслаў Булгароўскі (1872—1935), адвакат і натарыус, і Браніслаў Мураўскі, горны інжынер. Кіраўніцтва было ўтворана ў маі 1899 г. Першым старшынёй стаў Казімір Падэрня (1842—1910), гісторык і даследчык віленскіх помнікаў, бібліятэкарам — Людвік Чаркоўскі (1855—1928), потым працаваў бібліятэкарам універсітэта імя Стэфана Баторыя; кансерватарам помнікаў — Уладзіслаў Загорскі (1858—1927), сакратаром і казначэем — Люцыян Узембла[1].

Праз шэсць месяцаў кіраўніцтва змянілася, старшынёй абралі Вандаліна Шукевіча, сакратаром застаўся Станіслаў Яроцкі (1879—1944), мастак; казначэем — Францішак Юрэвіч (1850—1924), бібліятэкарам — Люцыян Узембла, а пасля яго — Адам Карповіч (1842—1914)[1].

Гурток функцыянаваў да 1906 года, і на працягу гэтага часу яго сябрамі былі каля трыццаці асоб, галоўным чынам прадстаўнікі віленскай інтэлігенцыі. Гэта былі пісьменнікі, мастакі, юрысты, некалькі выдаўцоў кніг, дзеячы асветы, сярод іх Браніслаў Умястоўскі (1863—1933), купцы і інжынеры[1].

Члены гуртка імкнуліся падняць патрыятычны настрой і прыцягнуць да супрацоўніцтва шырокія колы грамадскасці і з гэтай мэтай арганізоўвалі ўрачыстасці падчас народных свят, экскурсіі ў гістарычныя мясціны: у Трокі, на Вілію, у Навагрудак, уводзілі звычай аздаблення і асвячэння ў дзень памерлых могілак заслужаных людзей для народнай гісторыі і культуры[1].

Таксама займаліся кансервацыяй могілак віленскіх прафесараў на Росе і на Бернардзінскіх могілках. Арганізоўвалі лекцыі і гутаркі для моладзі і навучэнцаў гімназій[2][3]. У часопісе «Pobódka» («Пад’ём») змяшчалі артыкулы па тэматыцы «інвентарызацыі помнікаў далёкай мінуўшчыны». Прадметам клопату археалагічнага гуртка была кансервацыя жывапісу ў старых касцёлах Вільні. У гэтай справе падтрымлівалі кантакт з выдатным прапаведнікам і гісторыкам ксяндзом-прэлатам Янам Курчэўскім, які дапамагаў ім уплываць на духоўную свядомасць тых, хто спрабаваў аднавіць унутранае ўбранства касцёлаў[1].

Члены гуртка служылі дарадцамі падчас аднаўлення касцёлаў і прадметаў, якія мелі мастацкую каштоўнасць, а Францішак Юрэвіч, Станіслаў Яроцкі і Вацлаў Макоўскі (1854—1922) самі працавалі пры ачышчэнні фрэсак у капліцы Святога Казіміра[1].

Пад уплывам старання археалагічнага гуртка магістрат Вільні выдаліў з вежы, якая знаходзілася на замкавай гары, сігналізацыю, а знутры яе — кавярню. Адным з найважнейшых заданняў, якое рэалізоўваў археалагічны гурток, было выратаванне ад поўнага знікнення руін замка, які знаходзіўся на востраве ў Троках. Аб’ект ператвараўся ў руіны, а цэглу з яго муроў выкарыстоўвалі для будаўніцтва жыхары найбліжэйшага наваколля. Афіцыйным гаспадаром на падставе дагаворы арэнды з горадам Трокі стаў Вандалін Шукевіч. Ён таксама атрымаў як вядомы даследчык згоду ад царскай Археалагічнай камісіі з Пецярбурга на вядзенне археалагічных даследаванняў у замку і на востраве, а таксама на правядзенне рамонтных прац на помніках даўніны[1].

Старанні сяброў археалагічнага гуртка выклікалі зацікаўленасць і дапамогу польскай і літоўскай грамадскасці[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з Мар’яна Магдалена Бломберг, Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі — даследчык і грамадскі дзеяч. Варшава: Таварыства польскай культуры на Лідчыне; 2010, С. 60-62.
  2. Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 129—130.
  3. Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 313.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]