Тамбоўская вобласць у Вялікай Айчыннай вайне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

У гады Вялікай Айчыннай вайны тэрыторыя Тамбоўскай вобласці не была акупаваная, але з’яўлялася прыфрантавой зонай[1].

Ваенны аспект[правіць | правіць зыходнік]

За гады вайны ў шэрагі Узброеных сіл ўступілі 418 564 жыхары краю (з іх 9185 жанчын). Большая частка прызваных, адпаведна, 220 тыс. і 110 тыс., прыйшлася на 1941 і 1942 гады. Каля 250 тысяч выхадцаў з Тамбоўскай вобласці (амаль 60 % ) загінула ў баях і прапала без вестак. Асноўная частка беззваротных страт — да 70 %, прыйшлася на 1941—1942 гады. Акрамя часцей арміі і флоту, ураджэнцы рэгіёну служылі ў атрадах народнага апалчэння і груп самаабароны. Да кастрычніка 1941 года іх колькасць дасягнула адпаведна 24 662 і 112 010 чалавек. 42 821 прадстаўнікоў рэгіёна ўзнагароджаны ордэнамі, 62 454 — медалямі, 200 удастоіліся замежных узнагарод. Каля 400 сталі Героямі Савецкага Саюза.

У сувязі з максімальным набліжэннем лініі фронту да межаў Тамбоўскай вобласці і ўзнікненнем пагрозы варожай акупацыі, на яе тэрыторыі былі створаны партызанскія і разведвальна-дыверсійныя школы і групы, якія былі ўкамплектаваны прадстаўнікамі партыйна-савецкага звяна, а таксама знішчальныя атрады для барацьбы з нямецкімі агентамі разведкі і дыверсантамі. Да кастрычніка 1942 года на тэрыторыі краю было сфарміравана 48 падпольных партыйных дыверсійных груп, у якіх лічылася 216 камуністаў і камсамольцаў. Аднак нямецкія войскі не прайшлі на Тамбоўшчыну, і гэтыя групы былі расфармаваныя.

Хоць вермахту не ўдалося прабіцца ў рэгіён, але Тамбоўшчына пацярпела ад варожых авіяўдараў. У 1941—1943 гадах бамбардзіроўкам рэгулярна падвяргаліся буйныя прамысловыя цэнтры і чыгуначныя вузлы вобласці: Тамбоў, Мічурынск, Катоўск, Качэтаўка.

Стан гаспадаркі[правіць | правіць зыходнік]

З першых дзён вайны ў сувязі з мабілізацыяй на фронт ваеннаабавязаных востра ўстала праблема забеспячэння прадпрыемстваў вобласці рабочай сілай. Так, да канца 1941 года колькасць рабочых на Тамбоўскім вагонарамонтным заводзе і Мічурынскім паравозарамонтным заводзе складала каля 70 % ад даваеннай. Праблема была вырашана за кошт вяртання на вытворчасць рабочых пенсійнага ўзросту, мабілізацыі на прадпрыемствы непрыдатных да вайсковай службы, жанчын і падлеткаў. Апошнія дзве групы склалі аснову рабочых. Увосень 1945 года 57 % занятых у прамысловасці Тамбоўскай вобласці і каля 50 % на транспарце былі жанчынамі.

Моцна пацярпела ад вайны сельская гаспадарка рэгіёну, якая эксплуатавалася для патрэб фронту. Таксама як і прамысловасць, тамбоўскія калгасы сутыкнуліся з недахопам рабочых рук.

Тылавыя працы[правіць | правіць зыходнік]

У 1941 годзе за межы вобласці на будаўніцтва ўмацаваных раёнаў і прамысловыя аб’екты было адпраўлена звыш 120 000 чалавек, у 1942—1943 – амаль 150 000. З вясны 1942 года жыхары рэгіёна прымалі ўдзел у аднаўленні раёнаў, вызваленых ад нямецкай акупацыі. У 1943 годзе ў парадку мабілізацыі на падобныя работы было накіравана каля 2500 работнікаў партыйна-савецкага звяна і спецыялістаў народнай гаспадаркі.

Акрамя таго, кіраўніцтву вобласці прыйшлося вырашаць складаную задачу па размяшчэнні на тэрыторыі краю эвакуяваных і бежанцаў, падтрыманню сем’яў франтавікоў і сірот. За 1941—1942 гады ў край бегла каля 200 тыс. чалавек.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Тамбовская область в годы Великой Отечественной войны. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2012. Праверана 12 сакавіка 2024.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]