Танец вампіраў (мюзікл)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Танец вампіраў
ням.: Tanz der Vampire
Афіша/постар/сцэна
Жанр мюзікл
Заснаваны на Танец вампіраў (фільм)
Аўтар Міхаэль Кунцэ
Кампазітар Джым Стэйтман
Працягласць 160 хвіл
Краіна Германія
Мова нямецкая мова, іншыя мовы
Год 1997

«Танец вампіраў» (ням.: Tanz der Vampire) — мюзікл па аднайменным фільме Рамана Паланскі (1967). Прэм'ера мюзікла прайшла 4 кастрычніка 1997 года ў Вене. Пазней мюзікл ставіўся ў гарадах Германіі, а таксама ў многіх іншых краінах свету на розных мовах.

Персанажы[правіць | правіць зыходнік]

  • Граф фон Кролак - магутны і спакуслівы вампір
  • Прафесар Абронсіус - паляўнічы на вампіраў
  • Альфрэд - малады дабрадушны асістэнт прафесара
  • Сара - юная прыгожая дачка гаспадара шынка
  • Ёне Шагал – жыд, гаспадар шынка, бацька Сары
  • Магда - служанка ў карчме Шагала
  • Рэбека - жонка Шагала
  • Герберт - сын графа фон Кролака, вампір, гей
  • Куколь - слуга ў замку фон Кролакоў, пачварны гарбун

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Першы акт[правіць | правіць зыходнік]

У глухую трансільванскую вёску прыязджае прафесар Абронсіус са сваім асістэнтам Альфрэдам, каб даказаць існаванне вампіраў. Па прыбыцці, Альфрэд улюбляецца ў Сару Шагал, дачку гаспадара шынка, у якім яны спыніліся. Сара любіць купацца, і гэта выкарыстоўвае ў сваіх мэтах граф фон Кролак, правадыр мясцовых вампіраў. Калі дзяўчына застаецца адна ў ваннай, ён з'яўляецца да яе і запрашае на баль у сваім замку. Вампір спакушае яе сваімі прамовамі, абяцаючы "падарожжа на крылах ночы". Сара зачараваная таямнічым госцем і пасля, калі гарбаты слуга графа прыносіць ёй падарунак ад свайго гаспадара - чырвоныя боцікі і шаль, дзяўчына пад добрапрыстойнай падставай адсылае закаханага ў яе Альфрэда, а сама збягае ў замак да графа. Бацьку Сары, які кінуўся на пошукі дачкі, неўзабаве знаходзяць мёртвым, і прафесар, які разумее, што ў забойстве вінаватыя вампіры, хоча працяць сэрца трупа асінавым калом, каб прадухіліць яго ператварэнне ў вампіра, аднак жонка забітага забараняе гэта. Уначы, калі служанка (і палюбоўніца забітага) Магда прыходзіць да памерлага, каб развітацца з ім, той прачынаецца і кусае яе. Прафесар з асістэнтам жадаюць забіць вампіра, але той угаворвае іх не рабіць гэтага, а ў абмен абяцае праводзіць іх да замка. Прафесар і Альфрэд згаджаюцца. Каля замка іх сустракае сам граф фон Кролак і гасцінна запрашае ў да сябе. Таксама ён прадстаўляе ім свайго сына Герберта. Герберт — гей, і Альфрэд яму адразу спадабаўся.

Другі акт[правіць | правіць зыходнік]

Альфрэд хоча выратаваць Сару і, калі надыходзіць дзень, ён разам з прафесарам адпраўляецца на пошукі склепа, дзе павінны быць пахаваныя граф фон Кролмк з сынам, каб канчаткова забіць іх. Аднак, прыйшоўшы ў склеп, Альфрэд разумее, што няздольны на забойства. Прафесар і Альфрэд пакідаюць склеп, у якім, тым часам, прачынаюцца бацька Сары і Магда, якая таксама стала вампірам. Як высветлілася, яны сталі шчаслівымі насельнікамі замка. Альфрэд знаходзіць Сару ў ваннай і ўгаворвае яе бегчы з ім, але Сара, захопленая графам, адмаўляецца. Засмучаны Альфрэд ідзе прэч і просіць парады ў прафесара, але той толькі кажа, што любы адказ можна знайсці ў кнізе. І сапраўды, узяўшы першую якая трапіла кнігу ў бібліятэцы замка, Альфрэд знаходзіць у ёй парады закаханым. Натхнёны, ён зноў ідзе ў ванную да Сары. Альфрэду здаецца, што ён чуе спевы каханай, але замест гэтага ён натыкаецца на Герберта, які прызнаецца яму ў каханні і спрабуе ўкусіць. Прафесар, які з'явіўся своечасова, адганяе вампіра. На балі Альфрэд і прафесар, пераапранутыя вампірамі, спадзяюцца выратаваць Сару. І хаця на балі граф кусае яе, прафесар заўважае, што дзяўчына яшчэ жывая. Яны спрабуюць незаўважна адвесці Сару з балю, але Герберт пазнае Альфрэда, а неўзабаве і ўсе астатнія вампіры заўважаюць, што прафесар з Альфрэдам і Сарай - адзіныя з усіх адлюстроўваюцца ў вялікім люстэрку. Здаецца, усё скончана, але раптам Альфрэд і прафесар складаюць крыж з кандэлябраў і вампіры ў жаху адыходзяць. Усе трое ўцякаюць з замка. Граф пасылае свайго гарбатага слугу ў пагоню, але таго па дарозе забіваюць ваўкі. Падаецца, што гэта звычайны шчаслівы канец. Альфрэд і Сара спыняюцца, каб перадыхнуць, а прафесар усаджваецца ўбок, каб зрабіць нейкія нататкі. Але раптам Сара ператвараецца ў вампіра і кусае Альфрэда. Прафесар, які нічога не заўважыў, радуецца перамозе над вампірамі. Мюзікл завяршаецца танцам радасных вампіраў, якія спяваюць, што зараз яны захопяць свет.

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

Хоць «Танец вампіраў» вельмі гарманічны і цэласны па музычнай пабудове, большая частка музычнага матэрыялу была запазычаная Стэйнманам з таго, што не падышло для яго папярэдніх праектаў. Апроч гэтага ён запазычыў музыку ўжо вядомых песень. Напрыклад, асноўнай тэмай і самым прыгожым дуэтам мюзікла з'яўляецца песня "Totale Finsternis", якая ў арыгінале называецца "Total Eclipse of the Heart" і выконваецца спявачкай Боні Тайлер. У 1983 годзе гэтая песня атрымала прэмію "Грэмі". Мелодыя, якая гучыць у песні "Die unstillbare Gier", была напісана Стэйнманам для песні "Objects in the Rear View". Калі яго папрасілі растлумачыць гэты феномен, асабліва ў адносінах да выкарыстання "Total Eclipse", Стэйнман распавёў, што "гэта адбылося выпадкова. Я здзіўлены, што яна ўпісалася. Для арыгінальнай пастаноўкі ў Вене ў мяне было ўсяго паўтара месяца, каб напісаць музыку да цэлага спектакля, а нам быў патрэбны вялікі дуэт пра каханне… А наконт "Total Eclipse of the Heart" - я спрабаваў стварыць песню пра каханне, і я памятаў, што наогул пісаў аб каханні вампіраў. Першапачатковая назва была «Закаханыя вампіры», таму што я працаваў над мюзіклам пра Насферату, іншай вялікай гісторыяй пра вампіраў. Калі хтосьці ўслухоўваўся ў словы, яны сапраўды нібы гаворка вампіраў. Там усё пра цемру, пра сілу цемры і месца кахання ў цемры. І тады я падумаў «Ды хто ж даведаецца: гэта ж Вена!». А потым ужо стала цяжка выкінуць яе адтуль".