Таіса Мікалаеўна Бондар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 23:39, 9 красавіка 2013, аўтар CzechoBot (размовы | уклад) (clean up, replaced: (1944)| → , 1944|, ахвяраў → ахвяр, зьм → зм, юдзмі → юдзьмі, (РВУ)| → , РВУ| using AWB)

Таіса Бондар (20 лютага 1945, Рудзенск Мінскай вобласці — 19 снежня 2005, Мінск) — беларуская пісьменніца, перакладчыца.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзілася ў сям'і рабочых. У 1967 годзе скончыла факультэт англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. Настаўнічала ў г. Фалешты (Малдавія). У 1977 годзе вярнулася ў Беларусь. у 1978-81 гадах загадвала аддзелам выяўленчага мастацтва, архітэктуры і вытворчай эстэтыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1981 года — загадчык аддзела культуры, адказны сакратар, а з 1985 года намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь». У 2002-05 гадах дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Лiтаратура i Мастацтва».

Творчасць

У друку з вершамі выступіла ў 1970. Выдала зборнікі паэзіі «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «…І голас набыла душа» (вершы і паэмы, 1980), «Святочны снег» (вершы, паэма, 1981), «Чырвоны месяц года» (вершы і паэмы, 1985), «Спадчынны боль» (1987), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Адна» (1989), «Час душы, мой час вячэрні…» (1995). У яе паэтычных зборніках трывожны розжум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра… недасяжны свет».

Аўтар кніг апавяданняў «Сінія яблыкі» (1984), аповесцей «Час, калі нас любілі» (1988), аповесцей і апавяданняў «Паветраны замак на дваіх» (1990). Уздымае праблемы сучаснай сям'і, адказнасці перад людзьмі і ічасам, спасціжэння сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяр культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Таксама былі выдадзены кнігі, «Бог зусім побач. Старонкі дзённіка» (2000), «Імем Айца і Сына» і раман-містэрыя «Павуцінне» (2004).

Перакладала з малдаўскай (Г. Віеру «Імя тваё», 1986), румынскай і англійскай моў. Член СП СССР з 1978.

Літаратура

  • Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад. А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X