Туканавыя, перцаедныя (Ramphastidae) — сямейства даволі буйных птушак з несувымерна вялікай, сціснутай з бакоў, яркаафарбаванай дзюбай. Самыя буйныя прадстаўнікі атрада дзятлападобных. Налічваюць 36 відаў.
Даўжыня да 63 см, маса да 300 г. Афарбоўка апярэння кантрастная, пераважае чорны колер з яркімі ўчасткамі жоўтага, зялёнага, чырвонага і інш.; у дробных відаў пераважаюць адценні зялёнага. Дзюба вялікая (часам амаль роўная даўжыні цела), лёгкая (з пнеўматычнымі поласцямі), сціснутая з бакоў, ярка афарбаваная, загнутая ўніз; краі зазубраныя. Язык доўгі, вузкі, яго канец і краі махрыстыя. Крылы кароткія, шырокія. Хвост у большасці відаў кароткі. Ногі вялікія, моцныя.
Туканы засяляюць раўнінныя і горныя (да 3000 м) трапічныя лясы Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі: ад поўдня Мексікі да поўначы Аргенціны. Гняздуюць ў натуральных або выдзяўбаных дзятламі дуплах.