Ужгарадская унія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

У́жгарадская у́нія — царкоўная унія, прынятая 24 красавіка 1646 года ва Ужгарадзе. Сутнасцю уніі было далучэнне 63 русінскіх праваслаўных святароў Мукачаўскай епархіі да Рымска-каталіцкай царквы на ўмовах Берасцейскай уніі 1596 года.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая спроба заключыць унію ў Венгерскім каралеўстве адбылася ў 1614 годзе ў манастыры Чырвоны Брод[sk] непадалёк ад Медзілаборцаў у Славакіі[1].

Галоўным ініцыятарам Ужгарадскай уніі быў іераманах Пётр Парфені. Магчыма, ён дзейнічаў з ведама Мукачаўскага епіскапа, галічаніна Васіля Тарасовіча, які даволі адкрыта сімпатызаваў ідэі уніі і вёў перамовы пра яе з эгерскім епіскапам[2]. Спроба заключыць унію была прадпрынятая яшчэ ў 1640, аднак і яна скончылася беспаспяхова[2].

Неўзабаве епіскап Тарасовіч быў арыштаваны князем Ракацы. Таксама, як і ўплывовае сямейства каталікоў Батараў, княжацкі род пратэстантаў Ракацы быў найбольш уплывовым у краі. Амаль усё XVII стагоддзе Ракацы праяўлялі схільнасць да абароны праваслаўных ад каталіцкага ціску. Аднак пазней, прыслухаўшыся да просьбы з Рыма, Ракацы адпусціў епіскапа Тарасовіча, які ў 1642 року прыняў у Рыме каталіцтва[2].

Заключэнне[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтрам каталіцкай экспансіі, актыўна накіроўванай і падтрымліванай магнатамі Другетамі, паступова рабіўся Ужгарад, у якім Ракацы не мелі ўплыву. Яшчэ ў 1640 тут абаснаваліся езуіты. Але зацвярджэнне ўніяцтва ішло доўга і складана. У адрозненне ад Берасцейскай уніі, Ужгарадская стала справай рук праваслаўных прыходскіх святароў. У цэлым іх штурхала на такі крок цяжкае сацыяльнае, матэрыяльнае і прававое становішча праваслаўнага духавенства. Галоўнай іх мэтай пры гэтым было ўраўнаванне ў правах з каталіцкімі святарамі. Аднак гэта так і не адбылося[2].

Праз некалькі год Тарасовіч вярнуўся ў Закарпацце, і яго пазіцыя аказала значны ўплыў на заключэнне уніі. Ініцыятарамі яе заключэння былі базыльяне пад кіраўніцтвам Пятра Парфенія.

У 1646 г. 63 святары Мукачаўскай епархіі (агулам жа епархія налічвала, паводле розных ацэнак, ад 600 да 800 святароў) у каталіцкай капліцы Ужгарадскага замка пад кіраўніцтвам эгерскага каталіцкага біскупа Георгія Якушыча прынялі унію з Рымам, названую паводле месца заключэння Ужгарадскай[2].

Унія была заключана на ўмовах захавання візантыйскага абраду набажэнстваў, права выбару ўніятамі епіскапа і распаўсюджання прывілеяў рымска-каталіцкага кліру на далучыўшыхся праваслаўных святароў.

Аднак пры гэтым акт уніі не складаўся. Адсутнічаў (або не захаваўся) таксама пратакол пасяджэння ад 24 красавіка. Умовы уніі былі выкладзены пазней падчас ліставання з Рымам. Вострыгамскі архіепіскап Георгій Ліпай, у непасрэднае падначаленне якога ўваходзілі цяпер закарпацкія ўніяцкія святары, даваў ім дадатковыя абяцанні па паляпшэнні прававога статусу святароў, што таксама сведчыць пра тое, што ўмовы уніі пры яе заключэнні зафіксаваныя не былі[2].

Развіццё[правіць | правіць зыходнік]

Відавочна, у 1648 годзе Тарасовіч вярнуўся ў Мукачава, дзе і сканаў праз некалькі месяцаў. Паміраючы, епіскап Васіль прызначыў сваім пераемнікам акурат Пятра Парфенія. Аднак зацвярджэнне новага, цяпер ужо ўніяцкага епіскапа зацягнулася надоўга. Нягледзячы на тое, што унія была зацверджана сінодам у Тырнаве ў 1648 годзе, Святы Прастол не стаў зацвярджаць умовы, бо ў той час Парфені быў праваслаўным епіскапам. У 1651 быў абраны новы праваслаўны епіскап Янікі Зейкан. Толькі ў канцы 1653 Пётр Парфені здолеў заняць уніяцкую епіскапскую кафедру ў Мукачаве, а аўдавелая да таго часу Соф’я Батары, якая вярнулася ў каталіцтва, выгнала праваслаўнага еп. Янікія з Мукачава. Толькі ў 1655 годзе Парфені быў прызначаны Рымам грэка-каталіцкім епіскапам мукачаўскім[2].

У 1664 годзе была заключана унія ў Мукачаве[pl], якая далучыла да грэка-каталіцкай царквы праваслаўнае насельніцтва Закарпацця і венгерскай епархіі Хайдудараг.

Праваслаўны епіскап Янікі (пам. каля 1686) з’ехаў у вёску Імстычаў, дзе здолеў пабудаваць манастыр. Паступова цэнтрам праваслаўнага жыцця Закарпацця стаў рэгіён Марамораш (Марамураш) на паўднёвым усходзе Закарпацця. Унія там была заключана толькі ў 1721 годзе. Аднак і пасля гэтага праваслаўе яшчэ доўга захоўвалася ў мясцовых манастырах. Малдаўскія і сербскія епіскапы аказвалі значную падтрымку праваслаўю, аднак супрацьстаяць ціску свецкіх і каталіцкіх уладаў было надта складана. Асабліва актыўна стала распаўсюджвацца унія пры грэка-каталіцкім біскупе Язэпе дэ Камелісе (1690—1706).

Сур’ёзным ударам для праваслаўя стала параза паўстання на чале з князем Ферэнцам II Ракацы (1703—1711). У выніку ў 1713 годзе была заключана унія ў Марамурашы (цяпер у Румыніі). Да 1721 унію прызналі амаль усе праваслаўныя святары Закарпацця. Аднак з праваслаўнай іерархіяй у краі было скончана толькі пасля таго, як у 1735 у Хусцкім замку был замардаваны апошні праваслаўны епіскап Дасіфей Феадаровіч.

Узнаўленне[правіць | правіць зыходнік]

У 1949 годзе пад ціскам савецкай улады унія была скасавана і захоўвалася толькі ў падполлі. Была ўтворана праваслаўная Мукачаўская і Ужгарадская епархія Маскоўскага патрыярхату. У канцы 1980-х унія ў Закарпацці была адноўлена.

Мукачаўская грэка-каталіцкая епархія як аўтаномная існуе дагэтуль. Значная колькасць украінскіх грэка-каталікоў эмігравала ў ЗША, дзе цяпер дзейнічае Русінская грэка-каталіцкая царква.

Зноскі

  1. História monastyra Sošestvija sv. Ducha Архівавана 25 чэрвеня 2009.
  2. а б в г д е ё Неменский О. Б. Конфессиональная и этническая идентичность автора в полемических сочинениях Михаила Оросвиговского Андреллы // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana (Петербургские славянские и балканские исследования), № 1(7), январь — июнь 2010 г., с. 33-56.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Magocsi Paul R., Pop Ivan. Encyclopedia of Rusyn History and Culture. — Toronto: University of Toronto Press, 2005. — ISBN 0-8020-3566-3.
  • Warzeski Walter C. Byzantine Rite Rusins in Carpatho-Ruthenia and America. — Pittsburgh: Byzantine Seminary Press, 1971.
  • Nemec Ludvik. The Ruthenian Uniate Church in Its Historical Perspective // Church History. — Dec., 1968. — Т. 37. — № 4. — С. 365—388.
  • Пекар А. Василіяни — носії унійних ідей на Закарпатті // Записки ЧСВВ, VII. — Рим, 1971.