Універсалы Украінскай цэнтральнай рады

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Універса́лы Укра́інскай Цэнтра́льнай Ра́ды — 4 граматы-пракламацыі, якія выдала Украінская цэнтральная рада. Па аналогіі з устаўнымі граматамі Рады БНР яны вызначылі этапы станаўлення ўкраінскай дзяржавы — ад аўтаноміі да самастойнасці.

Змест універсалаў[правіць | правіць зыходнік]

I Універсал, выдадзены 23 чэрвеня 1917 (10 чэрвеня 1917), абвясціў аўтаномію Украіны ў адказ на негатыўнае стаўленне да гэтага пытання расійскага Часовага ўрада.

II Універсал, выдадзены 16 ліпеня 1917 (3 ліпеня 1917), зафіксаваў дамоўленасці між УЦР і Часовым урадам: апошні прызнаваў УЦР і Генеральны сакратарыят як дзяржаўны орган Украіны. Са свайго боку, УЦР прызнавала Усерасійскія ўстаноўчыя сходы, а да іхняга склікання абавязвалася не рабіць самастойных крокаў для атрымання аўтаноміі Украіны.

III Універсал, выдадзены 20 лістапада 1917 (7 лістапада 1917), абвясціў Украінскую Народную Рэспубліку (УНР), фармальна не парываючы федэратыўных сувязяў з Расіяй, і дэмакратычныя прынцыпы: свабоду слова, друку, веравызнання, сходаў, саюзаў, страйкаў, недатыкальнасць асобы і памяшкання; абвясціў нацыянальную аўтаномію для меншасцей (рускіх, палякаў, яўрэяў), скасаваў смяротную кару і права прыватнай уласнасці на зямлю, усталяваў 8-гадзінны рабочы дзень, абвясціў рэформу мясцовага самакіравання, вызначыў 9 студзеня 1918 днём выбараў ва Украінскія устаноўчыя сходы.

IV Універсал, выдадзены 22 студзеня 1918 (9 студзеня 1918), абвясціў УНР «самастойнай, ні ад каго незалежнай, свабоднай суверэннай дзяржавай ўкраінскага народу», а выканаўчы орган, Генеральны сакратарыят — Радай Народных Міністраў.