Упраўленне па справах мастацтваў пры СНК БССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Упраўленне па справах мастацтваў пры СНК БССР — орган кіравання ўстановамі культуры ў БССР, які існаваў у 1936—1952 гадах.

Перадумовы стварэння[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове 1930-х гадоў у СССР праходзіў працэс цэнтралізацыі ўсіх галін культуры. Пастановай УЦВК і СНК СССР ад 17 студзеня 1936 г. быў утвораны Усесаюзны Камітэт па справах мастацтваў пры СНК СССР. У складзе Камітэта дзейнічаў Савет прадстаўнікоў рэспублік (саюзных і аўтаномных). Камітэт кіраваў усімі відамі мастацтваў, акрамя літаратуры, і профільнымі навучальнымі ўстановамі. На Камітэт таксама ўскладаўся кантроль над рэпертуарам відовішчных прадпрыемстваў[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пратакол Прэзідыума ЦВК БССР №26 ад 13 сакавіка 1936 года аб утварэнні пры СНК БССР Упраўлення па справах мастацтваў

Пытанне аб стварэнні Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР абмяркоўвалася на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б 8 сакавіка 1936 г. Тады ж быў зацверджаны праект пастановы ЦВК і СНК БССР «Аб стварэнні пры СНК БССР Упраўлення па справах мастацтваў». На яго ўскладалася «кіраўніцтва ўсімі справамі мастацтва, з падпарадкаваннем яму тэатраў і іншых відовішчных прадпрыемстваў, Белдзяржкіно, музычных, мастацка-жывапісных, скульптурных і іншых устаноў па мастацтве, у тым ліку навучальных устаноў, якія рыхтуюць кадры працаўнікоў тэатра, кіно, музыкі і выяўленчага мастацтва»[1]. Пастанова была зацверджана 13 сакавіка 1936 года[2][3].

Раней гэтыя ўстановы знаходзіліся ў распараджэнні Народнага камісарыята асветы БССР, таму ў пастанове гаварылася пра найскарэйшую перадачу гэтых структур, а таксама прызначаных ім матэрыяльных і фінансавых сродкаў Упраўленню па справах мастацтваў пры СНК БССР[1].

Дзейнасць гэтай дзяржаўнай установы кантралявалі, як цэнтральныя, так і мясцовыя партыйныя органы — аддзелы агітацыі і прапаганды, культурна-асветныя аддзелы абкамаў КП(б)Б. У сваю чаргу ўпраўленні і аддзелы па справах мастацтваў знаходзіліся ў пастаяннай камунікацыі з імі[1].

Станаўленне новай структуры ў сістэме ўпраўлення мастацкай культурай прыйшлося на складаны перыяд. У 1937 г. у БССР праходзілі масавыя рэпрэсіі, якія істотна змянілі кадравы склад органаў культуры. Так, старшыня Усесаюзнага камітэта па справах мастацтваў пры СНК СССР П. М. Кержанцаў[ru] паведаміў старшыне СНК БССР Кавалёву на непрымальнасць прапанаванай ім кандыдатуры начальніка Упраўлення па справах мастацтваў БССР, бо ягоны кандыдат «разам са шпіёнам Шаранговічам[4] нясе палітычную адказнасць за грубыя палітычныя памылкі, дапушчаныя ЦК Беларусі»[1].

З 26 сакавіка 1946 года Упраўленне па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў БССР[5].

У 1952 г. Упраўленне па справах мастацтваў рэарганізавана ў Камітэт па справах мастацтваў пры СМ БССР. У 1953 г. на базе аб’яднання існуючых у рэспубліцы Міністэрства кінематаграфіі, Камітэта па справах мастацтваў, Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў, Камітэта радыёінфармацыі, Упраўлення па справах паліграфічнай прамысловасці, выдавецтваў і кніжнага гандлю створана саюзна-рэспубліканскае Міністэрства культуры БССР[6].

Зноскі

  1. а б в г д Н. М. Пурышева. Могилевский областной отдел искусств — орган управления культурной жизнью Могилева в конце 1930-х годов (на материалах Государственного архива общественных организаций могилевской области)
  2. Об образовании при СНК БССР Управления по делам искусств: постановление ЦИК и СНК БССР от 13 марта 1936 г., № 47 // Собрание законов и распоряжений РабочеКрестьянского правительства БССР. 1936. № 13. С. 10.
  3. Принято постановление ЦИК и СНК БССР о создании при СНК БССР Управления по делам искусств | Архивы Беларуси (руск.). Праверана 1 студзеня 2024.
  4. першы сакратар ЦК КП(б)Б В. Ф. Шаранговіч 27 ліпеня 1937 г. быў арыштаваны органамі НКУС
  5. Упраўленне па справах мастацтваў пры СНК БССР у картатэцы Фондавага каталога дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь
  6. Упраўленне па справах мастацтваў пры СНК БССР у Зводным электронным каталогу бібліятэк Беларусі