Перайсці да зместу

Усевалад Мікалаевіч Максімовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Усевалад Мікалаевіч Максімовіч
укр.: Максимович Всеволод Миколайович
Фатаграфія
Аўтапартрэт, 1913. Нацыянальны мастацкі музей Украіны
Дата нараджэння 1894(1894)
Месца нараджэння Палтава, Расійская імперыя
Дата смерці 1914(1914)
Месца смерці Масква, Расійская імперыя
Грамадзянства  Расійская імперыя
Род дзейнасці мастак
Вучоба Іван Мясаедаў
Мастацкі кірунак мадэрн, сімвалізм
Вядомыя працы «Пацалунак»
Уплыў Обры Бёрдслі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Усевалад Мікалаевіч Максімовіч (укр.: Максимович Всеволод Миколайович; 1894 — 1914) — украінскі мастак-графік, ілюстратар, дэкаратар, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў стыля ар-нуво і сымвалізма ў Расіі ў пачатку XX стагоддзя. Зазнаў уплыў Обры Бёрдслі, звяртаўся да прыёмаў польскіх і расійскіх прадстаўнікоў акадэмізму — такіх, як Генрык Семірадскі, Сцяпан Бакаловіч. Развіваў сімвалічныя тэндэнцыі мастацтва позніх прэрафаэлітаў. Малюнкі Максімовіча, адметныя вытанчанасцю і дэкаратыўнай элегантнасцю вобразаў, віртуознай гульнёй тонкіх ліній і сілуэтаў, адыгралі важную ў фарміраванні графікі стылю «мадэрн» у Расіі і Украіны .

Усевалад Максімовіч «Пацалунак», 1913. Нацыянальны мастацкі музей Украіны

Усевалад Максімовіч нарадзіўся ў Палтаве. Адтуль з’ехаў у Маскву, дзе працягнуў вучобу ў студыі вядомага архітэктара Івана Рэрберга, прафесара Вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, дзякуючы якому захапіўся сімвалізмам і творчасцю Урубеля. У Маскве Усевалад пазнаёміўся з Міхаілам Ларыёнавым, Велімірам Хлебнікавым, Васілём Каменскім, Канстанцінам Бальшаковым, сёстрамі Сіняковымі і іншымі мастакамі і паэтамі-футурыстамі.

Усевалад Максімовіч быў самабытным мастаком, адным з найбольш яскравых ўкраінскіх прадстаўнікоў стылю мадэрн. Росквіт яго творчасці прыпадае на перыяд з 1912 па 1914 гады, калі ім былі створаны найбольш выдатныя работы — гіганцкія пано, у якіх адчуваўся ўплыў ар-нуво Обры Бёрдслі. У сваіх карцінах Усевалад Максімовіч выкарыстоўваў велізарную колькасць мастацкіх прыёмаў. Асноўнымі вобразамі для яго былі вобразы антычнасці. Яго карціны аднаўляюць архаічны культ урадлівасці. На іх — шматлікія гірлянды з раслінных узораў, якімі аплеценыя персанажы, падобныя на алімпійскіх волатаў. У працах Максімовіча прасочваецца манера філіграннай працы Обры Бёрдслі, Юліуса Дзітца, Томаса Тэадора Гейнэ і Канстанціна Сомава, а таксама іх маскоўскіх паслядоўнікаў — М. Феафілактава і В. Міліоці. У іх таксама адгадваецца ўплыў традыцый Імператарскай акадэміі мастацтваў, дзе малады мастак пазнаёміўся з творамі расійскіх, украінскіх і польскіх майстроў — такіх як Сцяпан Бакаловіч, Вільгельм Катарбінскі, Генрык Семірадскі і іх паслядоўнікаў І. Бродскага, Ф. Крычаўскага і І. Мясаедава. Максімовіч быў членам мастацка-філасофскага аб’яднання «Сад багоў», які ўзначальваў мастак Іван Мясаедаў, настаўнік Максімовіча.

Усевалад Максімовіч вёў багемны лад жыцця, ужываў наркотыкі і алкаголь. У 1914 годзе ён сыграў галоўную ролю ў авангардным фільме «Драма ў кабарэ футурыстаў». Неўзабаве пасля гэтага ён скончыў жыццё самагубствам. Хутчэй за ўсё, прычынай, якая натхніла мастака на такі крок, стаў правал яго персанальнай выставы ў Маскве. Па іншай версіі самагубства выклікала нешчаслівая любоў. Доўгія гады пасля смерці мастака яго працы заставаліся малавядомымі. Новае адкрыццё самабытнай творчасці Усевалада Максімовіча і ўсплёск цікавасці да яго адбыліся дзякуючы выставе «Скрыжаванні: мадэрнізм на Украіне, 1910—1930», якая праходзіла ў 2007 годзе ў Чыкагскім культурным цэнтры.

Зноскі