Уюні

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Уюні на карце Паўднёвай Амерыкі

Саланчак Уюні (ісп.: Salar de Uyuni) — найвялікшае ў свеце высахлае салёнае возера, знаходзіцца ў дэпартаменце Патосі на паўднёвым захадзе Балівіі. Займае паніжаны ўчастак плато Альтыплана ў Андах. Плошча Уюні складае 10 582 км², вышыня над узроўнем мора — 3656 м. Непадалёк ад саланчака знаходзіцца аднайменны горад. Пасля нячастых тут дажджоў тонкі слой вады на саляной паверхні чароўным чынам ператварае Уюні ў найвялікшае ў свеце люстэрка дыяметрам у 129 км.

Люстра Уюні пасля дажджу

Саланчак сфарміраваўся ў выніку высыхання некалькіх старажытных азёр. Ягонае дно абсалютна плоскае і перавышэнні на ўсім яго працягу не выходзяць за межы 1 метра. Саланчак служыць натуральнай крыніцай солі, а пад саляной коркай, таўшчыня якой складае некалькі метраў, пахаваныя адклады выключна багатай літыем рапы. Мяркуецца, што менавіта сховы Уюні ўтрымліваюць ад 50 да 70 % запасаў гэтага батарэйкавага металу.[1]

Вікуньі на паверхні Уюні

З прыроднага боку Уюні служыць месцам размнажэння для вялікай колькасці фламінга розных відаў. Хапае тут і чацвераногіх прадстаўнікоў андыйскай фаўны: лам, вікуній. На берагах можна сустрэць высозныя кактусы, што вырастаюць да 12 метраў. Таксама саланчак вядомы як кліматападзел: кучава-дажджавыя аблокі, што ўлетку ўзнікаюць на ўсходнім беразе Уюні, не заходзяць за яго заходні бераг, зусім недалёка ад якога пачынаецца пустыня Атакама.

Саляны гатэль. Правілы забараняюць лізаць сцены, каб пазбегнуць разбурэння

Вялізная плошча, чыстае неба ва ўмовах кантынентальнага клімату і выключна плоская паверхня робяць Уюні ідэальным аб'ектам для каліброўкі вышынямераў спадарожнікаў Зямлі. Саланчак мае вялікае транспартнае значэнне — гэта адзіны і вельмі надзейны шлях праз поўдзень балівійскага Альтыплана. Штогод Уюні прываблівае каля 60 000 турыстаў. Для пабудовы гатэляў мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць саляныя блокі, высечаныя з паверхні сваёй славутасці, з іх робяцца сцены, дахі і нават мэбля.

У 3 км ад саланчака знаходзіцца яшчэ адна ягоная славутасць — могілкі цягнікоў. Чыгунка да чылійскага порта Антафагаста была праведзена ў канцы ХІХ ст. і да 1940-х выкарыстоўвалася для вывазу мінеральнай сыравіны. Калі радовішчы былі вычарапаны, горназдабыўная справа прыйшла ў заняпад і цягнікі закінулі. Да пачатку ХХІ стагоддзя гара ржавага хламу ператварылася ў помнік мінуламу часу.

Зноскі