Храналогія Старажытнага Блізкага Усходу

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Храналогія старажытнага Блізкага Усходу — сістэма датавання вядомых гістарычных падзей, якія адбыліся на Старажытным Блізкім Усходзе ( Егіпце, Леванце, Міжрэччы, Малой Азіі і навакольных рэгіёнах) у перыяд ад каля 2300 гадоў да н.э. да 627 года да н.э. (даты смерці Ашурбаніпала). Паколькі даты ўсіх вядомых падзей у гэты перыяд у цяперашні час можна вызначыць толькі адносна, то існуе некалькі сістэм (храналогій), якія па-рознаму прывязваюць вядомыя падзеі да дакладных дат. Асноўнымі з іх з'яўляюцца сярэдняя і кароткая храналогіі. Састарэлымі і маладастасавальнымі з'яўляюцца доўгая і ультра-кароткая храналогіі.

Асноўная праблема з дакладным датаваннем падзей у старажытнай гісторыі Блізкага Усходу заключаецца ў тым, што ўсе літаратурныя звесткі, якія дайшлі да нашага часу, запісаны ў выглядзе паслядоўнасцей валадарання кіраўнікоў розных гарадоў і краін, без прывязкі да абсалютнай даты. Таму магчымым (у большасці выпадкаў) з'яўляецца толькі адноснае датаванне падзей. На шчасце для гісторыкаў, у падобныя хронікі патрапіла некалькі астранамічных падзей, час якіх можна вылічыць дакладна. Самым галоўным з іх з'яўляецца назіранне за рухам Венеры і апісанне сонечных зацьменняў, супастаўленых з дакладнымі гадамі кіравання пэўных вавілонскіх і асірыйскіх цароў. Існуе некалькі магчымых варыянтаў дакладнага датавання гэтых падзей, да якіх і «прымацоўваюцца» іншыя апісаныя ў хроніках і спісах года кіраванняў. Гэтыя розныя варыянты і сталі прычынай існавання розных храналогіі.